Гісторыі з працягам

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Прафесар Адам Мальдзіс — пра нашу ўнікальную спадчыну

/i/content/pi/cult/384/7591/1-1.jpegСёння цяжка ўявіць любую незалежную краіну без яе гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія непасрэдна ўплываюць на самасвядомасць грамадзян, а таксама ствараюць прывабнасць з боку турыстаў. Не з'яўляецца выключэннем і наша краіна, што валодае тысячамі ўнікальных музейных прадметаў, каштоўнымі архівамі, бібліятэчнымі зборамі. На жаль, немалая частка нацыянальных скарбаў цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі ў выніку гістарычных падзей, у тым ліку - Вялікай Айчыннай вайны... Разам з тым, крок за крокам адбываецца "збіранне камянёў" - вяртанне на Радзіму вывезеных у розны час каштоўнасцей. Што немалаважна, такая праца вядзецца ўжо не першы год, і яна набыла сістэмны характар. Якія ж яе апошнія дасягненні? Каб адказаць на гэтае пытанне, звернемся да даследчыка беларускай мінуўшчыны, доктара філалагічных навук, прафесара Адама Мальдзіса - супрацоўніка Інстытута культуры Беларусі.

- Адам Восіпавіч, наколькі цяжка сёння выявіць і вярнуць у Беларусь той або іншы культурны артэфакт? Што для гэтага неабходна?

- У першую чаргу, гэта пытанне добрай волі, ініцыятывы, бо заўсёды можна дамовіцца, знайсці кампраміснае рашэнне, урэшце, абмяняцца каштоўнасцямі. Я ўжо дваццаць гадоў узначальваю камісію "Вяртанне" пры Беларускім фондзе культуры. І калі казаць аб праблеме выяўлення каштоўнасцей, іх рэстытуцыі, сумеснага выкарыстання помнікаў гісторыі і культуры, то, мяркую, павінны працаваць (і, што немалаважна, ужо працуюць!) тры структуры: дзяржаўная, навуковая і грамадская. Так, у нашай краіне пры Савеце Міністраў створана адпаведная міжведамасная камісія, куды, у тым ліку, уваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў культуры, замежных спраў і фінансаў, што дазваляе аператыўна сумесна вырашаць актуальныя пытанні па вяртанні вывезеных за мяжу каштоўнасцей. У сваю чаргу, функцыі навуковай структуры ўзяў на сябе гістарычны факультэт БДУ, які, на маю думку, павінен не толькі скардзіцца на нястачу фінансавання для далейшага вывучэння вывезенай спадчыны, але і прыцягваць валанцёраў з ліку тых жа студэнтаў ды аспірантаў. Ды і я, калі ўжо быць шчырым, узначальваю камісію "Вяртанне" не з-за таго, што маю нейкую фінансавую выгоду. Наадварот, часам мне самому даводзіцца выдаткоўваць немалыя ўласныя сродкі на пошук каштоўнасцей.

- А ці шмат яшчэ працы для айчынных архівістаў па выяўленні разрабаваных пад час той жа Вялікай Айчыннай вайны каштоўнасцей? Здаецца, за некалькі дзясяткаў гадоў усё ўжо высветлена...

- Гэта толькі так можа здавацца. Насамрэч, у нашай краіне захоўваецца шмат дакументаў на нямецкай мове, з якіх можна даведацца пра вывезеныя ў час Вялікай Айчыннай вайны каштоўнасці. Трэба адзначыць, што вялікую дапамогу ў дадзенай справе аказаў нямецкі гісторык Бернгард Х'яры, які ў нашых жа архівах знайшоў спісы вывезеных скарбаў. Мае свае дасягненні і камісія "Вяртанне", якая за два дзясяткі гадоў выдала сем аднайменных зборнікаў матэрыялаў, чым заклала базу для далейшых пошукаў і, самае галоўнае, магчымай рэстытуцыі. На жаль, апошні, восьмы па ліку, зборнік, найбольш каштоўны па сваім змесце, ужо некалькі гадоў чакае свайго часу ў адным з айчынных выдавецтваў...

Што да перспектыў, то далей трэба складаць поўны каталог усіх вывезеных каштоўнасцей. Мне бачыцца, што павінны быць выпушчаны тры тамы, якія ўключалі б музейныя прадметы, бібліятэчныя і архіўныя матэрыялы.

- Наколькі мне вядома, сёння абмяркоўваецца пытанне вяртання з Польшчы каштоўнага абраза ХV стагоддзя - іконы Божай Маці Юравіцкай...

- Сапраўды, пачатак дыялога па вяртанні гэтай святыні адбыўся пад час майго ўдзелу ў беларуска-польскім "круглым стале" "Спадчына і яе ахова", які прайшоў 29 сакавіка ў Кракаве. Справа ў тым, што грамадскасць Гомельшчыны неаднойчы ўзнімала пытанне вяртання арыгінала іконы Юравіцкай Божай Маці, паколькі ў Беларусі захоўваецца толькі яе копія. Трэба сказаць, што перад паездкай у Кракаў і сустрэчай з цяперашнімі ўладальнікамі абраза, я звярнуўся па блаславенне да кіраўніцтва Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў у нашай краіне. Маю прапанову па вяртанні святыні ўспрынялі з некаторым скепсісам: маўляў, ужо шмат часу прайшло, і пераканаць сённяшніх гаспадароў іконы наўрад ці акажацца магчымым. Аднак, на дзіва, усё склалася якраз наадварот. Езуіты з касцёла Святой Барбары ў Кракаве з прыхільнасцю мяне сустрэлі і на прапанову па абмене ікон - арыгінала на копію - зазначылі наступнае: "Калі на тое будзе воля Божая ды спрыянне міністраў культуры Беларусі і Польшчы, то ўсё магчыма".

Прычыну таго можна растлумачыць. Справа ў тым, што, згодна з дакументамі, у маі 1885 года грамадская дзеячка з Рэчыцы Габрыеля Горват перадала ікону на дэпазіт езуітам з Кракаўскага калегіума. Атрымліваецца, яна спадзявалася на вяртанне абраза ў Беларусь. Пры гэтым, да 1933-га ікона была схавана, і толькі пасля - выстаўлена ў алтар касцёла Святой Барбары.

- Чаму ж у 1885 годзе арыгінал іконы трапіў у Кракаў?

- У той час горад быў цэнтрам культуры вялікага ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Відаць, гэтым і тлумачыцца такое яе перамяшчэнне. У сваю чаргу, калі б ікона перавозілася адразу пасля паўстання 1863 года, то магла быць канфіскавана на мяжы. Асобна трэба сказаць пра копію святыні. Як паведаміў мне прафесар універсітэта ў Ольштыне Раман Юркоўскі, аўтарам копіі абраза была таленавітая палеская мастачка Алена Скірмунт. Копію яна зрабіла, хутчэй за ўсё, яшчэ да паўстання 1863 года, бо за ўдзел у ім была арыштавана і саслана спачатку ў Тамбоў, а пазней у Крым. Пасля паўстання 1863-га ксёндз Гадэцкі, апошні настаяцель тады яшчэ каталіцкага касцёла ў Юравічах, размясціў у алтары копію абраза Божай Маці, а арыгінал, відаць, перадаў на захоўванне Габрыелі Горват.

- Якія ж галоўныя довады па вяртанні іконы на Беларусь?

- Трэба адзначыць цікавы факт: пасля перанясення іконы Божай Маці ў Кракаў там не было зафіксавана ніякіх цудаў, хаця раней такія выпадкі мелі месца. Акрамя таго, галоўнае, што ікона відавочна адносіцца да ўсходняга абраду, а таму месца ёй не столькі ў касцёле, колькі ў праваслаўным храме. Цяпер важна, каб ініцыятыву па вяртанні іконы перанялі духоўныя асобы, тым больш, што ікона Юравіцкай Божай Маці, створаная на мяжы ХІV - ХV стагоддзяў, і сёння для мясцовага насельніцтва з'яўляецца велізарнай каштоўнасцю.

- Адам Восіпавіч, у Кракаве вы займаліся і шэрагам іншых пытанняў, якія так ці інакш звязаны з вяртаннем, дакладней - з сумесным выкарыстаннем нашай агульнай з Польшчай спадчыны...

- Сапраўды, перада мной стаяла некалькі задач. Акрамя вяртання іконы, вялікі клопат я меў і ў дачыненні да Музея Эмерыка Гутэн-Чапскага, які быў перавезены самім уладальнікам у 1895 годзе. Гэты музей доўгі час заставаўся зачынены. Па шчырасці, мяне заўжды здзіўляла: як так, наш славуты зямляк у тэстаменце вызначаў, што і пасля яго смерці гэта павінен быць асобны агульнадаступны музей, які будзе насіць ягонае імя! З дадзенай нагоды не так даўно я апублікаваў артыкул з такой высновай: калі гэты музей не патрэбны ў Кракаве, то Беларусь з вялікім задавальненнем яго можа прыняць і размясціць, скажам, у той жа вёсцы Станькава. Гэта прымусіла польскі бок тэрмінова знайсці некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра на аднаўленне музея. Тым больш, зборы Гутэн-Чапскага - унікальныя. Мяне найперш цікавілі кнігі, перавезеныя з Беларусі, у тым ліку старадрукі, што, думаецца, утрымліваюць шмат таямніц...

Нарэшце, апошняе пытанне, якое я ўзняў у кантэксце вяртання нашай спадчыны, датычылася імені Соф'і Гальшанскай. Яна, як вядома, з'яўлялася родапачынальніцай ці не ўсіх каралеўскіх дынастый у Еўропе. Калі я зазначыў, што Соф'я Гальшанская - беларуска, то пачуў нязгоду з вуснаў некаторых польскіх навукоўцаў. Разам з тым, у час жыцця нашай славутай зямлячкі ўжо ўжывалася слова "Беларусь". Да слова, у 2017-м шырокая грамадскасць можа святкаваць 800-годдзе першай згадкі гэтага наймення нашай краіны. Можна зрабіць, скажам, "турыстычнае кола" па музеях, храмах не толькі Беларусі, але і Літвы ды Польшчы. Я хацеў давесці, што нам трэба супольна ўзяцца за ўшанаванне памяці каралевы Соф'і Гальшанскай, што была пахавана, па яе просьбе, па праваслаўным абрадзе і ўсё жыццё прытрымлівалася веры бацькоў ды беларускіх традыцый...

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"