“Візіт” бульдозера адмяняецца?, або Справа не толькі ў “шыльдах”

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Ліштвы плюс... шклопакеты: чаму архітэктары “не сябруюць” з артэфактамі і этнографамі?

/i/content/pi/cult/384/7590/1-1.jpegУ сёлетнім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на захаванні і адраджэнні аўтэнтычных народных умельстваў, выбітным узорам якіх з'яўляюцца знакамітыя слуцкія паясы. Кіраўнік дзяржавы перакананы ў тым, што гэтыя культурныя брэнды павінны знайсці пачэснае месца ў сучасным жыцці нашай незалежнай краіны.

Адметныя праявы спадчыны - у актыўнай альбо пасіўнай форме - можна адшукаць, не раўнуючы, у кожным кутку краіны. Але, вядома, працэс іх адаптацыі да варункаў сённяшняга постіндустрыяльнага грамадства надзвычай складаны. Сведчаннем таму - і праблемы захавання гомельскіх традыцый дэкору драўляных будынкаў, здатных у перспектыве прэтэндаваць на ролю рэгіянальнага культурнага брэнда.

Музейная ўстанова "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" заўсёды вылучалася сваёй крэатыўнасцю. Зусім нядаўна яна зладзіла шэраг флэшмоб-акцый, прысвечаных Году культурнай спадчыны UNESCO. Заданне адной з іх - знайсці як мага больш ахоўных дошак на гомельскіх дамах. Прастора для спаборніцтва была не абы-якая: на сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць 167 будынкаў горада, і гэты спіс паволі, але няўхільна расце. Ці не ўсе яны цешаць вока сваім знешнім выглядам.

Тым не менш, на драўляных будыначках з шыкоўнымі прапільнымі карункамі, размешчаных у колішніх Спасавай Слабадзе, "Свістку" ды іншых гістарычных раёнах Гомеля, ахоўных дошак не ўбачыш. Дыскусія наконт мастацкай вартасці гомельскага драўлянага дойлідства ды метадаў яго захавання доўжыцца ўжо які год, і пакуль зусім не выключана, што апошняе слова ў ёй "прамовіць" бульдозер.

Як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Сяргей Разанаў, справа захавання народных традыцый, безумоўна, не застаецца па-за ўвагай мясцовых улад. Але ж канкрэтны алгарытм вырашэння гэтай праблемы - пакуль у стадыі распрацоўкі.

Што такое "немэтазгоднасць"?

Карэнны гамяльчанін Яўген Малікаў цікавіцца мясцовымі традыцыямі разьбы ўжо гадоў сямнаццаць. Арыгінальнае - асабліва для маладога чалавека - хобі стала тэмай яго кандыдацкай дысертацыі, якую ён паспяхова абараніў, і, зразумела ж, неад'емнай часткай жыцця.

- Калі ты сапраўды любіш свой горад, дык мусіш усведамляць, чым ён можа ганарыцца, - тлумачыць Яўген Малікаў. - Які ўнёсак зрабіў Гомель у развіццё беларускай архітэктуры? Вядома, перадусім мы згадаем будаўніцтва палаца і класіцыстычную перапланіроўку горада часоў Пятра Румянцава. А што яшчэ? На вялікі жаль, звышадметных даробкаў у прафесійнай архітэктуры бракуе. Іншая справа - народнае дойлідства і, асабліва, дэкор дамоў. Вывучаючы гэтую тэму, я прыйшоў да высновы, што такога багацця, як у нашым рэгіёне, вы не знойдзеце больш нідзе на Беларусі!..

Чаму менавіта Гомельшчына? Даследчык называе мноства прычын. Па-першае, гэтая тэрыторыя спрадвеку знаходзілася нібы на "ростані вятроў": дарогамі раней былі рэкі, і большасць самых важных магістральных шляхоў наўпрост праходзілі цераз гэты край. Па-другое, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі, тут заўсёды бракавала камянёў, і менавіта таму ідэалам заможнага дома стала добра аздобленая хата. Па-трэцяе, і глебы не надта ўрадлівыя. Таму, каб выжыць, гамяльчанам даводзілася "круціцца", прычым асабліва гэта датычылася старавераў, для каго край стаў другой радзімай. Па-чацвёртае... Зрэшты, яшчэ адным фактарам - несумненным і вельмі важным, з'яўляецца сам менталітэт жыхароў тых мясцін.

- І гэты творчы імпульс не заўсёды можна рацыянальна вытлумачыць, - дадае Яўген Малікаў. - Як і тыя сімвалічныя сэнсы, што ўкладаліся ў карункі. Яны пэўным чынам выяўляюць светапогляд нашых продкаў, іхняе адчуванне прыгожага...

Домам з шыкоўнымі разнымі ліштвамі ў Гомелі сёння нікога не здзівіць: іх не адзін дзясятак. Але... Тэрмін эксплуатацыі такіх будынкаў ужо амаль прамінуў, іх фізічная зношанасць набліжаецца да стопрацэнтнай, ды і сам гэты тып жытла "маральна састарэў" для цэнтра горада. Таму яны знікаюць адзін за адным. А Генеральны план Гомеля прадугледжвае ліквідацыю большасці такіх дамоў ужо ў найбліжэйшы час.

Яўген Малікаў, супрацоўнік Веткаўскага музея Андрэй Скідан ды іншыя неабыякавыя людзі звярнуліся да муніцыпальных улад з прапановай узяць гэтыя дамы канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя пад ахову як помнікі спадчыны. Каардынацыйны савет па пытаннях аховы спадчыны, які працуе ў горадзе, не праігнараваў іх пазіцыю. З увагай да яе паставіліся і ў абласным упраўленні культуры.

Сяргей Разанаў ахвотна падзяліўся тэлефонам Яўгена Малікава, ужо толькі гэтым засведчыўшы, што чуткі пра канфрантацыю паміж двума лагерамі, мякка кажучы, перабольшаны. Хаця пра кансэнсус пакуль казаць зарана.

Грамадскія актывісты падрыхтавалі спіс з 84 будынкаў (з іх 77 - драўляныя), якім прапанавалася надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гарадскія ўлады паставіліся да гэтай ініцыятывы надзвычай сур'ёзна, але... у выніку меркаванні разышліся.

 - На нашу думку, не ўсе гэтыя аб'екты мэтазгодна захоўваць, - кажа начальнік аддзела культуры гарвыканкама Кацярына Дзегцярова. - Мы вельмі грунтоўна прапрацавалі дадзенае пытанне: падзялілі дамы паводле іх адміністрацыйнай прыналежнасці, і спецыяльныя камісіі праверылі кожны з іх. У выніку праверак высветлілася, што большасць будынкаў знаходзіцца ў стане, блізкім да аварыйнага...

Галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Наталля Грышкавец стварыла на сваім камп'ютары адмысловую папку, дзе сабраны вычарпальныя звесткі пра драўлянае дойлідства Гомеля. "Важыць" яна прыкладна чатыры гігабайты: да тэкставых файлаў дададзены фота- і відэафіксацыя... Сярод дакументаў ёсць і адмысловая табліца, дзе пазначаны кожны з прапанаваных дамоў: адзін слупок - "прадстаўленне" Яўгена Малікава, другі - высновы, зробленыя па выніках праверак.

Змест гэтых слупкоў кардынальна адрозніваецца. Даследчык апісвае мастацкія асаблівасці архітэктуры і аздаблення, не грэбуючы такімі эпітэтамі, як "яркі" або "ўнікальны". Позіркі членаў камісій засяроджваюцца на зусім іншых аспектах: "назіраюцца сляды намакання, руйнавання кладкі"; "назіраецца растрэскванне драўніны, асобныя аконныя рамы і шуфляды перакошаны"; "будынак знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане"...

За рэдкімі выключэннямі, у кожным выпадку выносіцца вердыкт: "Камісія прыйшла да высновы аб немэтазгоднасці ўключэння дадзенага дома ў гісторыка-культурную спадчыну Рэспублікі Беларусь". Так, менавіта немэтазгоднасці! Пра мастацкія вартасці тут, як бачым, гаворка не вядзецца.

Яўген Малікаў абсалютна перакананы ў тым, што слова "немэтазгоднасць" у дадзеным выпадку непрымяняльнае. Ды і тэхнічны стан - не той крытэрый ацэнкі...

- Рэстаўрацыя заўсёды "немэтазгодная", - кажа ён. - Ці ж мэтазгодна траціць гады на аднаўленне адной замуленай іконы? Але з такім падыходам з'яўляецца іншае пытанне: што пасля нас застанецца? І што мы будзем паказваць турыстам?..

Можна меркаваць, што згаданую праверку праводзілі спецыялісты, якія не абаранялі дысертацый па тэме народнай разьбы. Але ж... да іх пазіцыі хоцькі-няхоцькі трэба прыслухацца. Бо якім бы "яркім" або "ўнікальным" ні быў аварыйны дом, праз гэтыя свае якасці ён не стане больш трывалым. Ды і шашаль, пра калоніі якога таксама згадваецца рэгулярна, сам сабою таксама не вымрэ.

Генплан - не догма

Пазіцыя гарадскіх улад цалкам вытлумачальная. Ці ёсць сэнс вешаць новыя шыльды, не бачачы пакуль рэальных магчымасцей адрэстаўраваць і захаваць гэтыя дамы? Тым больш, калі гутарка вядзецца пра шараговую драўляную архітэктуру.

Наталля Грышкавец прыводзіць канкрэтны прыклад. Два каларытныя драўляныя будынкі па завулку Пушкіна ўжо ўключаны ў Дзяржаўны спіс, але ж іх лёс пакуль што не вырашаны. На сённяшні дзень яны выконваюць сваю адпачатную функцыю жылых дамоў. А тэхнічны стан пагаршаецца з кожным днём. Чакаць ад простых жыльцоў правядзення паўнавартаснай рэстаўрацыі наўрад ці выпадае.

- Ужо нават быў аб'явіўся інвестар, які планаваў зрабіць тут свой офіс, мы думалі пра адсяленне людзей, - распавядае Наталля Грышкавец. - Але, на жаль, справа так і захрасла...

Большасць "спрэчных" будынкаў сёння з'яўляюцца жылымі. Ясна, што выгоды там прыблізна такія ж, як і сто гадоў таму. Ці прагнуць гаспадары тых дамоў жыць у архітэктурных помніках?

Яўген Малікаў звяртае маю ўвагу на адзін з дамкоў па вуліцы Парыжскай камуны, сцвярджаючы, быццам у рэйтынгу найлепшых узораў драўлянага дэкору яму можа смела аддаваць першае месца. Камісія таксама адзначыла, што будынак можа быць уключаны ў Дзяржспіс. Па словах даследчыка, і яго гаспадар не супраць падобнага варыянту.

- Але гэта рэдкі выпадак, - тут жа дадае Яўген Малікаў. - Мы абыходзілі жыльцоў падобных дамоў, і выявілася прыблізна такая статыстыка: чвэрць катэгарычына супраць (маўляў, знасіце як мага хутчэй і давайце нам нармальныя кватэры), чвэрць - збольшага, "за". А палова - вагаецца, думаючы, "як бы нам не прагадаць". З аднаго боку, гэта засцярога ад зносу, з іншага ж - шмат абавязкаў...

- Многія з тых, хто дбае аб уключэнні свайго дома ў Дзяржаўны спіс, спадзяецца на тое, што дзяржава прафінансуе яго рэстаўрацыю, - кажа Кацярына Дзегцярова. - Людзі не разумеюць, што адказасць за захаванне помніка нясе яго ўласнік. І абавязкаў ды абмежаванняў у яго становіца куды больш...

Урэшце, сучаснае жыццё горада так ці інакш дыктуе свае патрэбы. І да іх даводзіцца прыслухоўвацца. Вуліцу Валатаўскую сёння не назавеш ціхай: яна вядзе з цэнтра да жылога масіву, і трафік там заўсёды насычаны. Сярод рознакаліберных сучасных пабудоў сям-там яшчэ можна сустрэць старадаўнія драўляныя дамкі. Кідаецца ў вочы своеасаблівы гібрыд гісторыі ды сучаснасці: ліштвы плюс... шклопакеты.

Разнастайныя змены зведалі вельмі многія з такіх будынкаў: дзе сталярка, дзе прыбудова... Але ж дом па адрасе Валатаўская, 17 захаваў сваю архітэктуру, ацалела і яго разное аздабленне. Толькі вось... створкі даўно ўжо зачынены: будынак не выкарыстоўваецца. Вырак Генплана - знос у найбліжэйшы час. Аднак згаданая вышэй камісія вырашыла, што дом можа быць прызнаны помнікам спадчыны. На тое ёсць шэраг прычын.

Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, менавіта ў гэтым дамку правяла свае апошнія гады жыцця пазбаўленая новай уладай усёй маёмасці княгіня Ірына Паскевіч. Горад абавязаны ёй вельмі многім - і, няхай з адтэрміноўкай, але "выплачвае" пазыкі. Імя знакамітай мецэнаткі вернута з нябыту, у яе гонар названа вуліца ў Гомелі, устаноўлены помнік... Але калі гіпотэза стане прызнаным фактам, у Генплан, напэўна, было б мэтазгодна ўнесці хаця б адну карэктыву.

Папяровыя "дошкі"

Не так даўно нехта з "рупліўцаў" вырашыў прыспешыць падзеі ды паначапляў на старыя дамкі ўласнаручна надрукаваныя на прынтары "ахоўныя дошкі".

- А потым да нас сталі звяртацца жыхары: маўляў, з якой гэта пары наш дом мае сатус помніка? Няхай нам тады ганак адрамантуюць! - Наталля Грышкавец такому "жарту" не ўзрадавалася. - Давялося ехаць і ўласнаручна знімаць тыя паперкі...

Безумоўна, права вызначаць мастацкую і гістарычную каштоўнасць узораў архітэктуры маюць толькі спецыялісты. Але... Па шчырасці, многія з прапанаваных для ўключэння ў Дзяржспіс будынкаў вонкава нагадваюць звычайныя вясковыя хаты. Далёка не ўсе яны вылучаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі, як гэта датычыцца, скажам, многіх пабудоў гродзенскага "Новага свету". Падаецца, што дэкор нярэдка куды больш каштоўны за саму архітэктуру.

Як адзначыла Наталля Грышкавец, ліштвы захоўваюцца нават у выпадку зносу: "візіту" бульдозера павінен папярэднічаць агляд дома музейнымі работнікамі. Яўген Малікаў і Андрэй Скідан таксама здымаюць элементы дэкору з "асуджаных на смерць" будынкаў.

Давялося пачуць і такое меркаванне: ці не варта стварыць асобны музей разьбы? Асобны ад тых дамоў, вокны якіх яна ўпрыгожвала. Але... напэўна, у бетоннай спарудзе такі музей выглядаў бы дзіўна.

У большасці выпадкаў старыя дамкі не ўтвараюць цэласных вуліц: гістарычныя ландшафты даўно парушаны сучаснымі "ўкрапваннямі". І таму актывісты агучылі ідэю сабраць найцікавейшыя ўзоры драўлянага дойлідства ў адно месца, стварыўшы там своеасаблівы скансен альбо "турыстычную вуліцу". У якасці пляцоўкі прапаноўваўся раён колішняй Спасавай Слабады - непадалёк ад парку, за два крокі ад цэнтра горада.

Гарадскі Каардынацыйны савет па ахове спадчыны прынцыпова пагадзіўся з гэтай прапановай, але... вызначыў зусім іншае месца: на перыферыі. Аргумент наступны: маўляў, у цэнтральнай частцы Гомеля і без таго багата музеяў, а вось у іншых раёнах іх акурат і не хапае.

Яўген Малікаў не пагаджаецца з такой пазіцыяй. Ён мяркуе, што канцэнтрацыя адметнасцей у адным месцы спрыяе іх запатрабаванасці. Ды і самому палацава-паркаваму комплексу патрэбна "буферная зона", якая аддзяляла б яго ад масіваў шматкватэрных дамоў. Падобна, vox populi на баку даследчыка. Абласная газета "Гомельская праўда" не так даўно правяла апытанне на сваім сайце, і 70% з амаль 700 рэспандэнтаў падтрымалі ідэю стварэння новай турадметнасці менавіта ў цэнтры горада.

- Ад ідэі пераносу будынкаў у адну турзону мы ні ў якім выпадку не адмаўляемся, - кажа Кацярына Дзегцярова. - Але яе рэалізацыя выклікае нямала пытанняў. Ці здолеем мы правесці гэтую складаную аперацыю без страты аўтэнтычнасці саміх дамоў, ці будуць у нас такія магчымасці?..

Слова "магчымасці" ў дадзеным выпадку яўна патрабуе азначэння "фінансавыя". Зрэшты, і з тэхнічнага пункта гледжання гэта справа надзвычай складаная.

У актывістаў ёсць папраўдзе "жалезны" аргумент: яшчэ адна турыстычная адметнасць Гомелю зусім не зашкодзіць. З гэтым не паспрачаешся. Так, за апошняе дзесяцігоддзе горад і сапраўды дэманструе надзвычайны прагрэс у плане "турыстызацыі", апярэдзіўшы многіх. Аднак цяперашняе жыццё патрабуе няспыннага развіцця.

- Зразумейце, мы не супраць любых рэальных праектаў па захаванні драўлянага дойлідства, - кажа Наталля Грышкавец. - Але ж хацелася б пачуць ад актывістаў не толькі ідэі, але і канкрэтныя прапановы - свайго кшталту "пакрокавую стратэгію"...

Пад час сустрэчы з Яўгенам Малікавым я шчыра чакаў, што ён пакладзе перада мною інвестпраект, забяспечаны адпаведным бізнес-планам. Не паклаў. Зрэшты, ці выпадае чакаць бізнес-план ад гісторыка? Думаецца, практычныя пытанні лепш абмяркоўваць са спецыялістамі зусім іншага профілю.

Безумоўна, фінансавы аргумент даецца ў знакі. Але тут узнікае пытанне: магчыма, стварэнне новай турзоны рэальнае ў якасці досведу дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва?

На сайце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ёсць адмысловы раздзел, прысвечаны інвестпраектам у галіне аховы спадчыны. Гэта, можа, і невялічкі, але ўсё ж крок у справе цэнтралізаванага інфармацыйнага забеспячэння актуальнай для ўсёй краіны задачы. Праўда вось... інвестары ў чаргу пакуль не становяцца, што, канешне ж, не сведчыць пра поўную бесперспектыўнасць такога шыкоўнага аб'екта, як сядзіба ў Хальчы. Ды і цікавыя задумы ў самім Гомелі чакаюць рэсурсаў. Прыкладам, шырока анансаваны паўтара года таму Цэнтр маладзёжнай творчасці "Гомельскі вулей". Ужо і пляцоўка падрыхтавана: старая камяніца "з шыльдачкай" на прыгожай вуліцы Першамайская. Ахвотных жа прафінансаваць праект на сёння няма.

- Зрэшты, у дадзеным выпадку мы шукаем нават не столькі інвестара, колькі "донара" або мецэната, - удакладніла Кацярына Дзегцярова, намякаючы на тое, што праект у кожным разе - некамерцыйны.

Пра "драўляную вуліцу" гэтак безапеляцыйна сцвярджаць не выпадае. Калі яна палюбіцца гараджанам ды турыстам, прадпрымальнікі знойдуць, на чым зарабляць грошы.

...Дзесьці ў сярэдзіне 90-х Гомель ствараў у мяне ўражанне "соннага царства", дзе, да таго ж, бракавала дагледжанасці, утульнасці і нейкай "сваёй атмасферы". Сёння ўражанні зусім іншыя: горад, дзе пульсуе жыццё, які дынамічна развіваецца, пры гэтым становячыся ўсё больш дагледжаным ды ўтульным. Таму і "атмасфера" тут адпаведная. Быў час, калі Гомель быў невялічкім правінцыйным гарадком, на 90% драўляным.

Рушыўшы ад парку па Пралетарскай, дзе амаль кожная камянічка мае ахоўную дошку, неўзабаве трапляеш на вулачку Пляханава. На ёй пануе нязвыклая для горада цішыня, а паўсюль раскашуюць шыкоўныя кветкі. Тут можна ўбачыць цэлы квартал старых дамкоў з дэкорам. Але ж у іх чарадзе заўважны і пэўныя прарэхі: сёе-тое ўжо пайшло пад знос. Паводле Генплана, такі лёс чакае і ўсе астатнія, нават будынак, на якім вісіць мемарыяльная дошка: у ім знаходзілася явачная кватэра падпольшчыкаў.

Безумоўна, разам з гэтай вулачкай знікне і цэлая старонка жыцця горада - старонка, на сёння ўжо перагорнутая, ды, тым не менш, немалаважная. Ці трэба Гомелю захоўваць памяць пра свае традыцыі? Гэта вырашаць яму самому. Але мне як турысту было цікава забрысці ў такі маляўнічы куток. Панэльныя шматпавярхоўкі, якія плануеццца ўзвесці на яго месцы, ніколі б не прыцягнулі маю ўвагу.

Урэшце, Яўген Малікаў звяртае ўвагу і яшчэ на адзін немалаважны аспект: традыцыю разьбянога дэкору ў "нематэрыяльным вымярэнні".

- На жаль, сучасная архітэктура Гомельшчыны выклікае далёка не самыя лепшыя пачуцці, - прызнаецца даследчык. - Паводле маіх назіранняў, тут мы істотна саступаем іншым рэгіёнам. Але калі аднавіць пераемнасць ды неяк адаптаваць яе да сучаснасці, магчыма, у нашым краі зарадзілася б свая адметная архітэктурная школа...

Адаптаваць драўляныя карункі да сучаснай гарадской забудовы дапаможа толькі неардынарнае мысленне, а вось што да забудовы сельскай... Тут усё куды прасцей. Але этнографы і спецыялісты ў сферы аховы нематэрыяльнай спадчыны даўно б'юць трывогу: рэгіянальныя традыцыі гінуць пад напорам уніфікаваных псеўдаўрбаністычных мадэлей. Але ж архітэктары ў нас з этнографамі чамусьці "не сябруюць".

Ва ўсялякім выпадку, захаванне нематэрыяльнага аспекту спадчыны немагчымае без зберажэння матэрыяльных складнікаў. Як гэта зрабіць у выпадку з гомельскімі ліштвамі? Радуе тое, што ўсе ўдзельнікі дыскусіі перакананы ў адным: захоўваць - трэба!..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Гомель - Мінск

Фота аўтара