Іміджы мілыя роднага краю

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Кіно і “продакт плейсмент” — рэчы сумяшчальныя

Як ужо вядома, у тым ліку, з матэрыялаў "К", сваю стужку "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава рускамоўны рэжысёр украінскага паходжання Сяргей Лазніца, які нарадзіўся ў Баранавічах, а цяпер жыве ў Берліне, прынцыпова здымаў у суседняй з намі латвійскай Латгаліі. Як мага бліжэй да мяжы сучаснай Беларусі. Ён не бачыў сюжэт свайго фільма адарваным ад той атмасферы, якой прасякнута аповесць класіка нашай літаратуры.

Якой жа ўвасобіў Беларусь у перыяд Вялікай Айчыннай вайны сусветна вядомы рэжысёр? Адно ўжо сёння можна сказаць дакладна: ні з якой іншай нашу краіну ў карціне Лазніцы не пераблытаеш.

Сапраўды, гэтак жа, як і ў фільме Элема Клімава "Ідзі і глядзі", што да гэтага часу застаецца ў сусветным кінамастацтве самым вядомым з тых, якія распавядаюць пра жахі вайны. Створаная па прозе Алеся Адамовіча, стужка літаральна ўвабрала ў сябе боль нашай зямлі і ў выніку стала адным з самых вядомых кінапомнікаў ахвярам ваеннай катастрофы ХХ стагоддзя. Менавіта вачыма Клімава і Адамовіча на ваенную Беларусь глядзяць цяпер і яшчэ шмат гадоў будуць глядзець ва ўсім свеце. Нездарма вядомы аўстралійскі музыкант і пісьменнік Нік Кейв, які прафесійна займаецца кінематографам, неаднойчы заўважаў у сваіх інтэрв'ю, што толькі пасля "Ідзі і глядзі" ваенная трагедыя ў далёкай Беларусі набыла для яго рэальныя абрысы.

Краіна, якая больш за іншыя пацярпела ад пажару Другой сусветнай, - менавіта так прывык свет бачыць Беларусь на экране. Як ні дзіўна, але іншага аблічча нашай краіны ў свядомасці сусветнага гледача да гэтага часу не ўзнікае. Устойлівы вобраз "рэспублікі-партызанкі" на экране такі моцны, што выключэнні з яго выклікаюць, хутчэй, здзіўленне. Узгадваецца вечар прэм'еры карціны Андрэя Кудзіненкі "Масакра" на Міжнародным кінафестывалі ў расійскай Анапе ў 2010 годзе. Мабыць, менавіта гэты паказ выклікаў найбольшы ажыятаж сярод прэсы і гасцей кінафоруму ў першыя фестывальныя дні: "Беларусьфільм" выпусціў нешта абсалютна адрознае ад усёй сваёй звычайнай тэматыкі. Шмат у чым прэтэнзіі, якія былі выказаны масцітымі маскоўскімі крытыкамі на абмеркаванні пасля паказу, якраз і былі выкліканы своеасаблівым "культурным" шокам ад сутыкнення з іншай экраннай Беларуссю, з тым, што наша краіна на экране выглядала нязвыкла.

Як тут не ўспомніць адзін з выпускаў папулярнай нядзельнай перадачы самага масавага з расійскіх федэральных тэлеканалаў, дзе аўтар-вядучы ў арыгінальнай манеры распавядае за кадрам пра розныя краіны, гарады іх насельнікаў. Адзін з выпускаў быў прысвечаны гораду  над Бугам ды яго наваколлю. Зразумела, у першую чаргу ў кадр трапілі сусветна вядомы мемарыял "Брэсцкая крэпасць - герой" і Белавежская пушча. Дзіўна, але звычайна такі ўважлівы да дэталей вядучы, што востра падмячае ўсё новае, не знайшоў нічога іншага, як абмежавацца дзяжурнымі фразамі, даўно вядомымі па падручніках гісторыі. У выніку глядач не займеў магчымасці атрымаць нават якое-кольвечы ўяўленне ні пра сам Брэст, ні пра тое, што яго можа чакаць пад час наведання сучаснага музейнага комплексу ды ўнікальнага прыроднага аб'екта. Аўтар перадачы, звычайна такі дасціпны і назіральны, у дадзеным выпадку скарыстаўся выключна стэрэатыпамі, якія дзесяцігоддзямі фарміраваліся ў масавай свядомасці.

У прынцыпе, усё можна лёгка растлумачыць: здымкі, напэўна, доўжыліся не больш за дзень, а жадання паглядзець вакол сябе незамыленым вокам ва ўвянчанай разнастайнымі лаўрамі маскоўскай тэлевізійнай "зоркі" было няшмат. Таму на дапамогу прыйшлі вядомыя з дзяцінства факты... Ці - стэрэатыпы?

Так, беларусы, абавязкова прадоўжаць ствараць Кіналетапіс самай страшнай вайны ў нашай гісторыі. Тым больш, што далёка не ўсе яе старонкі знайшлі сваё адлюстраванне нават у дакументалістыцы, не кажучы ўжо пра ігравое кіно. Да таго ж, сама Другая сусветная і Вялікая Айчынная паступова сталі своеасаблівым брэндам масавай культуры, а звязаныя з ёй аб'екты і памятныя мясціны здольныя значна ўзмацніць турыстычны патэнцыял краіны.

Адносна нядаўні прыклад - карціна "Выклік" галівудскага рэжысёра Эдварда Цвіка пра атрад яўрэйскіх партызанаў, які мужна супрацьстаіць нацыстам у лясах Навагрудчыны. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і героях. Пра ўсё тое можна даведацца ў выдатным музеі-мемарыяле ў самым Навагрудку. Але карціна, галоўную ролю ў якой выканала сусветная зорка - брытанскі акцёр Дэніэл Крэйг, на жаль, здымалася ў суседняй Літве. На жаль - таму, што каб да стварэння фільма спрычыніліся беларускія кінематаграфісты ды кансультанты па ваеннай гісторыі, ён мог бы атрымацца значна больш набліжаным да рэальных падзей, а, значыць - больш відовішчным ды паспяховым. Ды і здымкі непасрэдна на гістарычных месцах надалі б стужцы большую дакладнасць.

Зрэшты, калі разглядаць нашу краіну з пункта гледжання перспектывы культурнага і прыроднага турызму, выключны вобраз арэны жорсткіх ваенных баталій цяпер ужо наўрад ці каго задаволіць. Чысты, мірны вобраз краіны з унікальнай прыродай, каштоўнымі помнікамі культуры ды мастацтва і добразычлівымі жыхарамі павінен з'яўляцца не толькі на рэкламных праспектах турыстычных кампаній і ў тэлевізійных роліках. Тым больш, як паказвае практыка, нават нашы бліжэйшыя суседзі не заўсёды выразна ўсведамляюць, што ўяўляе з сябе сучасная Беларусь.

Узяць хаця б паказ карціны Петэра Сіма "Адзінокі востраў", якая дэманструецца зараз на ХХХІV Маскоўскім Міжнародным кінафестывалі. Больш падрабязна пра тое, як прынялі гледачы і ўдзельнікі форуму гэты сумесны беларуска-эстонска-латвійскі праект, мы плануем распавесці ў наступных нумарах "К". Але калі паглядзець нешматлікія публікацыі ў расійскай прэсе і водгукі ў блогах, дзе згадваюць фільм Петэра Сіма, то са шкадаваннем можна адзначыць: беларускім яго амаль ніхто не ўспрымае, нягледзячы на назву нашай Нацыянальнай студыі ў цітрах і акцёраў у кадры. Паказальным стаў водгук аднаго маскоўскага журналіста, які, дарэчы, спецыялізуецца на кіно: ён паведаміў у сваім блогу, што "фільм Петэра Сіма - шматмоўны: у ім гучаць эстонская, латышская, руская мовы і, трохі, украінская гаворка". Тое, што ўкраінскую і беларускую мовы пераблыталі - крыўдна, але даравальна. А вось тое, што фільм не ўспрымаюць беларускім... Тым больш, ён збольшага здымаўся менавіта ў нашай краіне...

Дык ці можна паказаць Беларусь на экране такой, каб яе, ейную ўнікальную культуру, людзей запомнілі і ўжо ніколі не блыталі ні з кім і ні з чым іншым?

Успамінаецца нядаўні хіт пракату - лірычная камедыя Вудзі Алена "Вікі. Крысціна. Барселона". Яе гледачы пацвердзяць: да сталіцы Каталоніі сюжэт карціны мае толькі ўскоснае дачыненне, бо цалкам будуецца на стасунках між галоўнымі героямі, што магло адбывацца ў любым іншым горадзе Іспаніі ці іншай міжземнаморскай краіны. Што ж падштурхнула знакамітага рэжысёра, фільмы якога гарантавана прыцягваюць вялікую колькасць гледачоў, здымаць менавіта ў Барселоне і нават уключыць назву гэтага турыстычнага цэнтра ў тытул сваёй стужкі? Каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова паглядзець яе цітры і даведацца, што фільм ствараўся пры значным фінансавым удзеле Дэпартамента па культуры правінцыі Каталонія. Няма сумневаў: Барселона сама па сабе з'явілася ў сцэнарыі Вудзі Алена ў апошнюю чаргу - адначасова з жаданнем "бацькоў" гэтага горада "прарэкламаваць" свае турыстычныя славутасці, якія і сапраўды з'яўляюцца ў выніку ў карціне.

І ўжо не сумнявайцеся, што ўкладзеныя ў вытворчасць стужкі сродкі з лішкам акупіліся значнымі турыстычнымі плынямі... Дарэчы, новы фільм маэстра Алена, які ўбачыў свет сёлета, у арыгінале называецца "Рым, я цябе люблю". Таксама, зразумела, зусім не выпадкова...