Тры з пяці: статыстыка маладых драматургаў

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Лабараторыя выехала. Хто застаўся?

/i/content/pi/cult/383/7586/3-1.gif

Канец тэатральнага сезона -- час падводзіць вынікі не толькі для рэпертуарных калектываў, але і для шэрагу тэатральных ініцыятыў, якія істотным чынам узбагацілі айчыннае творчае жыццё. У іх ліку - і праекты Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры, які сёлета перайшоў у актыўную фазу сваёй працы і зрабіў стаўку на практычную работу з драматургамі. Тым больш, зусім нядаўна пад эгідай Цэнтра прайшла першая выязная драматургічная лабараторыя, якая і стала інфармацыйнай нагодай для нашай размовы з кіраўніком Цэнтра Аляксандрам МАРЧАНКАМ.

-- Аляксандр, распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра канцэпцыю выязной драматургічнай лабараторыі.

-- Асноўным пасылам, ад якога мы, арганізатары адштурхоўваліся, было жаданне праверыць у дзеянні іншыя, адрозныя ад конкурсаў і чытак, формы працы, больш інтэнсіўныя. Мы добра ведаем, прыкладам, падмаскоўную "Любімаўку" як драматургічную лабараторыю, праз якую так ці інакш прайшлі бадай усе значныя на сённяшні дзень расійскія аўтары апошняга дзесяцігоддзя. Аналагічная практыка існуе і на Захадзе. І нам было важна зразумець, як гэтая тэхналогія запрацуе ў беларускіх рэаліях, ці акажацца яна прыдатнай для нас. Можна было б, зразумела, зладзіць усё саматугам, але нам было прынцыпова важна прыцягнуць і досвед збоку: у рамках супрацоўніцтва з нямецкім аб'яднаннем "Міт-Ост" цягам пяці дзён мы працавалі са спецыялістам Ларсам Фогелем з Германіі (тое быў куратарскі праект у супрацоўніцтве з Ірынай Герасімовіч). Такім чынам атрымаў жыццё тэкст "Калі заўтра няма?" Дзмітрыя Багаслаўскага. Цяпер жа мы прыцягнулі да супрацоўніцтва Міхаіла Дурнянкова -- аднаго з сучасных аўтараў, знакавых для расійскай тэатральнай прасторы.

-- Якім чынам была арганізавана работа ў рамках самой лабараторыі?

-- Пяць драматургаў і пяць рэжысёраў цягам пяці дзён у Астрашыцкім гарадку, аддаліўшыся ад гарадской мітусні, самым шчыльным чынам кантактавалі адно з адным. Першы дзень -- знаёмства -- утрымліваў у сабе пэўную ступень правакатыўнасці, бо патрабаваў ад удзельнікаў гранічнай адкрытасці: кожны распавядаў пра тое, што яго як творцу хвалюе, абазначыў ключавыя для сябе тэмы, і потым, пасля дзвюхгадзіннага перапынку, рэжысёры выбіралі, з кім з драматургаў яны хацелі б працаваць. На гэтым этапе ўзніклі пэўныя нечаканасці, але яны былі пераадолены. У выніку склаліся не толькі пары, але і рабочыя тройкі, чацвёркі. А далей пачалася праца. Раз на дзень мы збіраліся разам для, так бы мовіць, абавязковай праграмы: абмеркавання бягучых творчых момантаў, складанасцей і пытанняў, што ўзнікаюць у працэсе работы. Таксама Міхаіл Дурнянкоў падзяліўся досведам працы ў тэхніцы дакументальнага тэатра і работы з матэрыялам для дзіцячага тэатра па англійскай сістэме. Ну а на пяты дзень былі прадстаўлены непасрэдныя вынікі гэтай работы.

З самага пачатку мы ставілі перад удзельнікамі лабараторыі галоўную задачу: нараджэнне новых, жывых тэкстаў. Аднак гэта ўсё ж не быў дамоклаў меч, які вісеў над імі і патрабаваў "выдаваць прадукт". Для нас было важна, каб пачаўся творчы рух унутры груп. І такога плённага выніку мы, арганізатары, шчыра кажучы, нават не чакалі: напрыканцы працы лабараторыі з'явіліся тры даволі самастойныя тэксты, якія ўжо наўрад ці будуць відазмяняцца, а, магчыма, толькі "дашліфуюцца" іх аўтарамі.

-- Тры з пяці -- гэта надзвычай высокі працэнт, асабліва для першага досведу...

-- Так. Але не менш важна і тое, што ўсе аўтары працавалі з рэальнасцю. Людзі, якія фігуруюць у гэтых тэкстах, распавядаюць пра нашу рэчаіснасць: не пра гістарычныя факты новага часу, а пра тыя рэаліі ды асаблівасці, што атачаюць нас сённяшніх.

-- Правакацыйнае пытанне: ці шмат сярод герояў гэтых твораў алкаголікаў, наркаманаў, маргіналаў -- тых, з-за каго ў большасці рэжысёраў узнікае, так бы мовіць, недавер да сучасных п'ес?

-- Не, прадстаўнікоў сацыяльнага дна ў гэтых творах няма. Хіба што ў адным фігуруе падлетак, у якога не складваюцца ўзаемаадносіны з маці і ён у сваіх інтэрнэт-стасунках з раўналеткамі падкрэслена "набірае мужнасці" за кошт ненарматыўнай лексікі.

-- Для таго, каб п'еса не засталася ўсяго толькі творам на паперы, неабходна даць ёй імпульс для далейшага руху -- выхаду на сцэну. Як вы мяркуеце вырашаць дадзеную задачу?

-- Натуральна, мы таксама зацікаўлены ў прасоўванні гэтых тэкстаў. Таму на пачатку новага сезона плануем правесці чыткі дадзеных твораў з запрашэннем на іх усіх зацікаўленых. Гэта, канешне ж, не той узровень рэалізацыі, пра які марыцца, але ж і магчымасці Цэнтра, а разам з ім - і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, не бязмежныя: мы не можам усе гэтыя творы паставіць на сваёй пляцоўцы. Хочацца, каб імі цікавіліся і іншыя айчынныя тэатры.

-- Дарэчы, а ці не паспрабаваць вам наступным разам запрасіць да ўдзелу ў лабараторыі рэжысёраў, якія ўжо працуюць у штаце беларускіх тэатраў? Хаця б для таго, каб кантакт драматургаў з рэальнымі тэатральнымі калектывамі завязваўся больш шчыльна і ў іх узнікла ўласная зацікаўленасць...

-- Гэта -- слушная думка. Мы, дарэчы, запрашалі да ўдзелу ў лабараторыі Кацярыну Аверкаву, ды ў апошні момант аб'ектыўныя абставіны не дазволілі ёй далучыцца да нас. Але я не магу сказаць, што сёлета сярод рэжысёраў былі адно пачаткоўцы: назаву Таццяну Навумаву і Вольгу Саратокіну -- яны з таго ж курса, што і Кацярына Аверкава, але абедзве пэўны час жывуць ды працуюць за межамі нашай краіны і маюць пэўны тэатральны досвед, адрозны ад беларускага. І іх запрашэнне -- гэта, з аднаго боку, спроба не даць ім адарвацца ад нашай краіны, а з іншага - спроба за кошт "асабістага інтарэсу" справакаваць сітуацыю "імпарту" новых беларускіх тэкстаў за межы рэспублікі.

Для мяне было важна сабраць разам людзей, якія на ўзроўні матывацыі зацікаўлены працаваць на карысць айчыннай драматургіі і тэатра, як пафасна мае словы ні гучалі б. Але лічу, што наспеў час, калі мы павінны самі "гадаваць" сябе, рабіць гэты час, а не проста назіраць. Вось прыклад: Студыя альтэрнатыўнай драмы "САД", якая сабрала ў сваіх шэрагах маладых драматургаў Дзмітрыя Багаслаўскага, Сяргея Анцылевіча, Віктара Красоўскага, Паўла Расольку... Яны адкрытыя, вельмі зацікаўленыя ў адэкватным дыялогу, і ім важна, каб плён іхняй працы быў належным чынам прааналізаваны. Не дзеля "ацэнкі", а таму, што без узаемнага кантакту вельмі складана рухацца наперад.

-- Зусім нядаўна завяршыўся яшчэ адзін драматургічны праект Цэнтра -- інтэрнэт-семінар, у часе якога драматургі пісалі свае тэксты амаль што ў рэжыме "он-лайн". Якія ў яго вынікі?

-- Значна больш сціплыя. Кагосьці збянтэжылі жорсткія рамкі -- неабходнасць штотыдзень выкладваць у Інтэрнэт пэўную колькасць тэксту, хтосьці проста "сышоў з дыстанцыі" па сваіх прычынах, для кагосьці незразумелымі засталіся мэты і задачы гэтага мерапрыемства... Да фіналу дайшлі толькі пяцёра ўдзельнікаў, якіх мы, безумоўна, прачытаем таксама. Гэтыя тэксты, дарэчы, атрымаюць аналітычныя рэцэнзіі, што было важна для аўтараў.

-- Значыцца, досвед паказвае, што жывы кантакт драматурга з практыкамі тэатра дае нашмат большы плён, чым сядзенне за камп'ютарам сам-насам з уласнымі думкамі. У сувязі з гэтым, вяртаючыся да тэмы выхаду новых п'ес на тэатральныя падмосткі, не магу не запытацца: ці толькі ў асабістай зацікаўленасці рэжысёраў і тэатраў крыецца праблема?

-- Сёння новая драматургія, якая ўжо ўяўляе з сябе не проста вучнёўскія практыкаванні, а свой свет, новы, адрозны ад традыцыйнага, патрабуе і адпаведнага, новага, да сябе падыходу. Спыняцца на тым, што, маўляў, сучасны глядач не гатовы ўсё гэта ўспрымаць, -- неразумна і бесперспектыўна. Неабходна зразумець, дзе, з чаго, на якіх скрыжаваннях і агульных інтанацыях можа - і мусіць! -- нарадзіцца гэтая новая тэатральная мова, якім чынам можна навучыцца карастацца ёй самім і "перадаць" гэтыя веды гледачам..

Я неаднойчы задаваў пытанне: чаму ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў маладых рэжысёраў не знаёмяць з сучаснай драматургіяй? Не на ўзроўні лекцый пра тое, што напісана за апошнія гады, а - праз канкрэтную рэжысёрскую работу. Чаму б, прыкладам, уперамежку з пастаноўкамі паводле Чэхава, ім не прысвяціць хаця б семестр рабоце з тэкстамі сучасных драматургаў? Бо толькі так - праз рэальную практыку - і можа фарміравацца новая тэатральная мова, якая здолее стаць падмуркам для сапраўднага, паўнавартаснага выхаду на сцэны новай драматургіі...