Брэсцкая: шляхі да сэрца

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Рэпартаж з мемарыяла

/i/content/pi/cult/383/7585/2-2.jpegЯшчэ на чыгуначным вакзале Брэста карэспандэнт "К" заўважыў афішу: "Гістарычная рэканструкцыя першага дня Вялікай Айчыннай вайны. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць". 22 чэрвеня. 5.30 - 6.30". Да "той самай" даты заставалася чатыры дні, але было зразумела, што мемарыял рыхтуецца да 22 чэрвеня не толькі цягам апошніх сутак, тыдняў або месяцаў, але ўвесь час свайго існавання - з года ў год, шукаючы новыя словы напаміну пра вядомыя падзеі...

Сёлета, як ужо адзначалася ў шматлікіх абвестках, традыцыйны мітынг-рэквіем "Дзень памяці і смутку" прадоўжыла гістарычная рэканструкцыя "Уварванне" на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання крэпасці. Каля пяцісот удзельнікаў гістарычных клубаў з Беларусі, Украіны, Расіі, арыгінальная ваенная тэхніка 1940-х, задзейнічанне піратэхнічных сродкаў - арганізатары прапанавалі гледачам маштабную тэатралізаваную дзею. Але не забыліся і на іншыя формы: адкрыццё дзвюх выставак у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці і шэсце парада чырвонаармейцаў ў духу 1940-х па галоўных вуліцах горада.

Але, сапраўды, новы час нараджае новыя формы аповеду пра вайну, пра тыя страшныя падзеі, патрабуючы пошуку новых шляхоў да сэрца сучасніка. Як іх знаходзіць Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой"?  На гэтае пытанне паспрабавала адказаць карэспандэнт "К" пад час паездкі ў славуты мемарыял напярэдадні знакавай даты.

"Яна - сіла духу"

На стаянцы ля ўвахода ў крэпасць - некалькі аўтобусаў, машыны. Нягледзячы на тое, што надвор'е зусім не спрыяе шпацыру па спякоце, тэрыторыя Мемарыяльнага комплексу ў рабочы дзень стракаціць летнімі строямі шматлікіх наведвальнікаў.

- Наш комплекс прываблівае людзей незалежна ад таго, колькі гадоў прайшло з трагічнай даты, - сустракае мяне намеснік дырэктара па навуковай працы ўстановы Ларыса Бібік. - 22 чэрвеня - гэта тая дата, якая ўвогуле звяртае ўвагу людзей да такога паняцця, як вайна. І, на прыкладзе, у прыватнасці, Брэсцкай крэпасці, - да такога паняцця, як мужнасць.../i/content/pi/cult/383/7585/2-6.jpg

Таму скардзіцца мемарыялу на ўвагу наведвальнікаў не выпадае. Ды і статыстыка сведчыць: "Брэсцкая крэпасць - герой" з'яўляецца адным з самых наведвальных музеяў ваеннай тэматыкі на тэрыторыі Беларусі.

- Толькі ў мінулым годзе мы прынялі каля 350 тысяч чалавек, - адзначае суразмоўца і дадае, што значную ролю ў росце папулярнасці помніка сыграла вядомая беларуска-расійская стужка "Брэсцкая крэпасць": - Хочам падзякаваць стваральнікам фільма за іхні ўнёсак у справу выхавання патрыятычных пачуццяў сучаснікаў, бо цяпер на пытанне "Што вас прымусіла прыехаць у наш мемарыял?" часта чуем такі адказ: "Захацелася ўбачыць на свае вочы мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі са стужкі..."

Разважаючы пра сучаснае месца Брэсцкай крэпасці ў розумах сучаснікаў, Ларыса Бібік прапаноўвае трапную фармуліроўку:

- Сёння з'яўляецца шмат версій і ўдакладненняў падзей, якія разгарнуліся тут у 1941-м. Але мы разумеем, што тыя ж ссоўванні ў датах, новыя звесткі ці мастацкае перабольшанне не змяняюць галоўнага: Брэсцкая крэпасць, у першую чаргу, звязана для людзей з паняццем мужнасці: яна - сіла духу...

Гісторыя "Загада № 1"

Аднак плынь наведвальнікаў не спыняецца не толькі дзякуючы рэкламе, працягвае спецыяліст, але і таму, што Мемарыяльны комплекс пастаянна вядзе навукова-асветніцкую і навукова-даследчую працу.

/i/content/pi/cult/383/7585/2-7.jpg- Штогод у нас ладзіцца больш чым 500 культурных мерапрыемстваў: мітынгі, прысвячэнні ў студэнты, у прафесію, грамадска-палітычныя акцыі... - распавядае Ларыса Бібік. - Літаральна колькі дзён таму і 819 навабранцаў Брэсцкага гарнізона давалі прысягу на плошчы Цырыманіялаў Мемарыяльнага комплексу. Колькі разоў была на падобнай акцыі, але гэта заўсёды хвалюе наноў...

Адзначыла спецыяліст і асобны кірунак - працу з дзецьмі. Да прыкладу, для самай малодшай узроставай групы распрацавана спецыяльная праграма "Прырода Брэсцкай крэпасці", каб малечы паступова знаёміліся з месцам, дзе адбываліся гістарычныя падзеі..

Пяты год дзейнічае акцыя "Малююць дзеці", і сёлета назапашаны за гэты тэрмін матэрыял (лепшыя работы дзяўчынак і хлопчыкаў разам з палотнамі вядомага мастака Пятра Дурчына, тэмай творчасці якога была менавіта Брэсцкая крэпасць і яе абаронцы) прадстаўлены ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра - найбуйнейшага ў абласным цэнтры./i/content/pi/cult/383/7585/2-5.gif

- Да нас пастаянна прыходзяць лісты: людзі звяртаюцца з вуснымі просьбамі высветліць лёс іхніх сваякоў, - закранула і вопыт навукова-даследчай працы Ларыса Рыгораўна. - І мы імкнёмся ісці ім насустрач, але часам такая праца можа весціся не год, і не два, а нават цягам дзесяцігоддзяў...

Сёння, калі адкрываюцца шматлікія архівы, з'явілася мноства рэсурсаў адпаведнай тэматыкі ў Інтэрнэце, магчымасці атрымання падобных звестак, несумненна, павялічыліся, адзначае спецыяліст. Але гэта не значыць, што даныя, якія атрымліваюць музейшчыкі праз падобныя крыніцы, не пераправяраюцца па некалькі разоў.

- Як вядома, спіс тых, хто служыў у Брэсцкай крэпасці, быў згублены пад час баёў, - распавядае Ларыса Бібік. - І ў аснове картатэкі, што фарміруецца ў нас ужо цягам больш чым пяцідзесяці гадоў, - успаміны ветэранаў, якія засталіся ў жывых. Зразумела, такія звесткі патрабуюць грунтоўнай праверкі. І калі сфарміруецца база даных пра ўсіх, хто мае дачыненне да падзей у Брэсцкай крэпасці, у Брэсце, яго ваколіцах, яна будзе ўтрымліваць вывераныя матэрыялы...

Так, намеснік дырэктара па навуковай працы прывяла прыклад падобнага даследчыцкага плёну.

- Той жа вядомы "Загад № 1", які быў знойдзены ў Крэпасці яшчэ ў першыя пасляваенныя гады, - распавядае яна. - Зрабіць дакладны аналіз таго, кім ён быў напісаны, нам удалося толькі літаральна некалькі месяцаў таму. Мы атрымалі дакладную копію загада, арыгінал якога, як вядома, знаходзіцца ў Маскве - у Музеі Узброеных Сіл, - і адправілі яго на параўнальны аналіз судова-медыцынскай экспертызы. Эксперты высветлілі, што гэта сапраўды почырк легендарнага камандзіра зводнай групы абароны Крэпасці - Івана Мікалевіча Зубачова. Здавалася б, шырока вядомы факт, але яго дакладнасць атрымала пацвярджэнне, у выніку, толькі праз паўстагоддзя.../i/content/pi/cult/383/7585/2-4.jpeg

Гэты прыклад працы даследчыкаў, як і іншыя этапы пошукаў абаронцаў мемарыяла, якія вяліся цягам гэтых гадоў, прадстаўлены на адмысловай выстаўцы "Пакуль не пахаваны апошні салдат", што адкрылася ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці 21 чэрвеня.

- Гэта неабходны зварот у мінулае, каб нагадаць людзям, з чаго ўсё пачыналася, - зазначае намеснік дырэктара па навуковай працы.

Аўдыягід на 70 га

Але ж сучасныя здабыткі даследчыкаў маюць на ўвазе і адпаведную сучаснасці падачу. Ці запланавана ўвядзенне ў экспазіцыю музея медыясродкаў, з дапамогай якіх можна прывабіць новага наведвальніка, або выкарыстанне тых жа аўдыягідаў, што дазволілі б гледачу пачуваць сябе камфортна без групы і экскурсавода?

- Натуральна, мы хочам увесці ў наш музей адпаведныя сродкі, - адказвае Ларыса Бібік, - але тут усё павінна быць прадумана і прапрацавана. Узяць тыя ж аўдыягіды: як правільна ўвесці гэтую паслугу? Тэрыторыя Мемарыяльнага комплексу - больш за 70 га, і як нам зрабіць так, каб, атрымаўшы той аўдыягід, турыст пасля вольнай экскурсіі вярнуўся з ім да нас назад? Усе гэтыя дэталі належыць пралічыць зараз, каб потым ніхто з нас не разводзіў рукамі...

Сёння экспазіцыя Музея абароны Брэсцкай крэпасці папоўнілася тлумачальнымі тэкстамі на англійскай мове. Выдадзены дадатковым тыражом на беларускай мове буклет для наведвальнікаў "Гістарычны штрых", які папоўніў адпаведныя варыянты на англійскай, нямецкай, французскай, польскай і рускай мовах.

Разглядаецца пытанне пашырэння экскурсійных магчымасцей - стварэння ў перспектыве Гісторыка-культурнага комплексу "Брэст", які ахопіць не толькі межы Мемарыяльнага комплексу - ча/i/content/pi/cult/383/7585/2-3.jpegсткі Брэсцкай крэпасці, - а і ўсю яе тэрыторыю: з Цярэспальскім, Кобрынскім і Валынскім умацаваннямі.

- Сёння вядзецца аналіз фартыфікацыйных аб'ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзвюх дзяржаў, - удакладняе спецыяліст. - І, безумоўна, стварэнне падобнага комплексу - адна з самых актуальных для нас задач у рэчышчы міжнароднага турызму.

Наперадзе - мур 333-га стралковага

Асобны пункт дзейнасці мемарыяла, вядома, - яго рэстаўрацыя. Яна вядзецца пачынаючы з 1997 года, калі адпаведны дакумент аб фінансаванні капітальнага рамонту і рэстаўрацыйных работ падпісалі дзесяць дзяржаў. За гэты перыяд было асвоена больш за 19 мільярдаў рублёў і адрэстаўравана 30 аб'ектаў.

- Гэта і работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, калі жалезабетонныя пліты плошчы Цырыманіялаў былі заменены на іншае пакрыццё, - уводзіць у курс справы намеснік дырэктара па эксплуатацыі ўстановы Аляксандр Якубоўскі. - Гэта пабудова трох газавых кацельняў, рамонт мацавання каркаса вонкавай ашалёўкі Штыка-абеліска, рэстаўрацыя і кансервацыя скульптурнай кампазіцыі "Смага", Галоўнага ўвахода і Галоўнага манумента, капітальны рамонт фасада Паўднёва-Усходняй казармы, яе даху, працы па рамонце першага паверха Музея абароны Брэсцкай крэпасці, калі давялося цалкам замяняць падлогу, капітальны рамонт падсветкі... І сапраўды, сёння, гледзячы на "памаладзелыя" аб'екты Мемарыяльнага комплексу, зусім не верыш у тое, што колькі гадоў таму вядомыя манументы былі пакрыты ржой, цёмнымі плямамі ці лішайнікамі...

- За гэты час, - адзначае Аляксандр Якубоўскі, - у Беларусі з'явіліся нават пэўныя парасткі рэстаўрацыйнай школы для аб'ектаў такога кшталту. Некаторыя матэрыялы, якія раней немагчыма было знайсці - да прыкладу, па апрацоўцы помнікаў ад імхоў і лішайнікаў, - пачалі выпускаць айчынныя вытворцы...

На дадзены момант у мемарыяле завяршаюцца работы па рамонце фасадаў Паўднёвай казармы. У будынку заменены ўсе вокны, адбылася кансервацыя паверхняў, прайшла замена старога даху на новы з металапрофілю. Наперадзе - рамонт пакрыцця цагл/i/content/pi/cult/383/7585/2-1.jpegяных скляпенняў і муроў руін казармы 333-га стралковага палка.

Галоўная цяжкасць у падобных работах у дачыненні да комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой", - адсутнасць якаснай сучаснай цэглы, адзначае спецыяліст: яна не вытрымлівае перападаў тэмператур і праз колькі гадоў пачынае крышыцца.

- Цэглу з якога толькі рэгіёна ні спрабавалі, - дзеліцца Аляксандр Якубоўскі, - але яна не ідзе ні ў якое параўнанне з арыгінальнай - старой цэглай Брэсцкай крэпасці, што вытрымлівае ўсе капрызы прыроды...

З гэтай прычыны некаторыя аб'екты сёння перакрыты - тыя ж сутарэнні руін казармы 333-га стралковага палка, якія чакаюць сваёй чаргі па аднаўленні.

Яшчэ адна праблема, што выявіў час, - гэта праблема аховы крэпасці. Некаторы час таму "К" расказала пра крадзеж мемарыяльнай дошкі са сцен Цытадэлі. І намеснік дырэктара мемарыяла заклапочаны падобным прыкладам вандалізму.

- Калі гэта адбылося аднойчы, дзе гарантыя таго, што тое не паўторыцца зноў? - стратэгічна разважае Аляксандр Якубоўскі. - Таму, мяркую, прыспеў час падумаць нам і пра забеспячэнне комплексу камерамі відэаназірання...

Вядома, што час, які няўмольна прыносіць з сабой новыя выклікі, патрабуе ад мемарыяла пастаяннай працы. Але сёння, назіраючы за тым, з якой ахвотай здымаюцца ў ваеннай форме на фоне славутых казематаў сучасныя наведвальнікі, разумееш: жыццё Брэсцкай крэпасці дзейсна спалучана з часам. Цытадэль па-ранейшаму прыцягвае ўвагу, і ейны стан ды начынне не расчароўваюць тых, хто прыязджае сюды і з суседніх гарадоў, і з іншых кантынентаў...

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Брэст - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"