Праекты з прыярытэтамі

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

З 18 па 20 чэрвеня прайшлі Дні культуры Катара ў Беларусі. Акцыя праводзілася ў адказ на Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Катар, што былі зладжаны ў гэтай азіяцкай краіне яшчэ ў сакавіку бягучага года. Тады беларусы здзівілі катарцаў фотаздымкамі, на якіх прэзентавалася непаўторнае хараство прыроды Беларусі: Белавежская пушча з дзіўнымі для арабскіх краін дубровамі, Бярэзінскі запаведнік, а таксама здымкі архітэктурных адметнасцей Беларусі — Нацыянальнай бібліятэкі, Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

/i/content/pi/cult/383/7584/1-1.jpeg18 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прайшлі перамовы міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з міністрам культуры, мастацтваў і спадчыны Дзяржавы Катар Хамады бен Абдэль Азіза аль-Кувары. Пад час перамоў адбылося падпісанне выканаўчай праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Дзяржавы Катар на 2011 - 2013 гады.

- Упэўнены, што правядзенне Дзён культуры Катара ў Беларусі стане добрым стымулам для развіцця больш шырокага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі, якое абавязкова набудзе сістэмны характар, - зазначыў Павел Латушка пасля падпісання гэтага знакавага дакумента.

Па яго словах, бакі дамовіліся пра абмен вопытам у галіне тэатральнага мастацтва, бібліятэчнай сферы і галіне аховы культурнай спадчыны. Таксама плануецца навучанне катарскіх студэнтаў на базе вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры нашай краіны. А наступнай тэмай беларуска-катарскіх перамоў, па словах міністра культуры нашай краіны, стане выставачная дзейнасць./i/content/pi/cult/383/7584/1-7.jpg

- Нам ёсць што паказаць катарскім партнёрам, і, акрамя таго, нам важна прывозіць у Беларусь знакавыя выставачныя праекты з Катара, - заўважыў міністр культуры нашай краіны.

- Упэўнены, што падпісанне сённяшняга дакумента паспрыяе развіццю нашых узаемаадносін, - адзначыў, у сваю чаргу, Хамады бен Абдэль Азіза аль-Кувары, - пазнаёміць катарцаў з Беларуссю і яе традыцыямі, што, безумоўна, паслужыць, у тым ліку, і на карысць турыстычнага супрацоўніцтва паміж абедзвюма краінамі...

А сама цырымонія адкрыцця Дзён культуры Катара адбылася вечарам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Для гасцей прэстыжнай залы зладзілі канцэрт майстроў мастацтваў арабскай краіны. Прычым канцэрты праходзілі ў сценах Белдзяржфілармоніі цягам усіх трох дзён акцыі.

Як зазначыў Павел Латушка, Дні культуры Катара ў Беларусі - важная падзея ў культурным жыцці абедзвюх краін, якая сведчыць пра узаемную зацікаўленасць развіцця беларуска-катарскіх сувязей. Кіраўнік Міністэрства культуры падкрэсліў: мерапрыемства - добрая нагода для беларусаў пазнаёміцца з традыцыямі Катара.

/i/content/pi/cult/383/7584/1-3.jpegІ гэтую нагоду непасрэднага знаёмства з культурай катарскага народа жыхары і госці Мінска выкарысталі напоўніцу. Яшчэ з раніцы, калі перад філармоніяй пачалі завіхацца рабочыя ды ўстанаўліваць незвычайныя шатры для будучай Катарскай культурнай вёскі, ля іх пабывала шмат людзей. А яшчэ большая іх колькасць, натуральна, сабралася ў другой палове дня. Тады замежныя госці дэманстравалі беларусам шкляны посуд, разнастайныя парфумерыю, кніжныя выданні, а таксама частавалі ўсіх ахвотных стравамі нацыянальнай кухні. Да прыкладу, кожны мог паласавацца такім нацыянальным катарскім блюдам, як ргат - тонкія блінцы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці хлеба. Або пакаштаваць чаго больш салодкага: кухары тут жа, на вачах у захопленай публікі, гатавалі і прапаноўвалі ўсім, у тым ліку і карэспандэнту "К", эльгемат - салодкія азіяцкія прысмакі, прыгатаваныя з мукі і сыраквашы./i/content/pi/cult/383/7584/1-2.jpeg

Літаральна ў кожным катарскім шатры можна было ўбачыць нешта цікавае і адметнае: хтосьці з мінчан цікавіўся асаблівасцямі азіяцкай рыбалкі ў "рыбным" павільёне, нехта распытваў рэцэпты ўпадабаных страў, а многія абступалі музыкаў.

Выходзячы з метро, выпадковы мінак фактычна адразу ступаў на сатканыя па азіяцкім узоры дываны, удыхваў нязвыклыя пахі незнаёмых страў і акунаўся ў атмасферу загадкавага Усходу... Карацей, кожны меў магчымасць дакрануцца да катарскай культуры і адчуць яе на смак не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе слова. Дні культуры Катара ў Беларусі фактычна абверглі знакамітую прымаўку пра тое, што Захад і Усход сысціся не могуць. "Могуць!" - з упэўненасцю сцвердзяць усе тыя, хто наведаў цягам гэтых трох дзён Катарскую культурную вёску ў цэнтры нашай сталіцы.

Жыццё віравала ў гэтых шатрах цягам трох дзён - з 18 па 20 чэрвеня. Катарскія госці шчодра дарылі мінчанам свае ўсмешкі, дзяліліся традыцыямі і выконвалі любую ўпадабаную мелодыю. А 20 чэрвеня, напрыканцы праграмы мерапрыемстваў, азіяцкія госці зладзілі нават вулічныя танцы. Таму ідэя правядзення Дзён культуры ў незвычайным фармаце - пад адкрытым небам - цалкам сябе апраўдала!

На здымках: Хамады бен Абдэль Азіза аль-Кувары і Павел Латушка ў час падпісання выканаўчай праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Катара; віруе Катарская культурная вёска.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"