Пад знакам Года кнігі

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

21 чэрвеня ў Глыбокім прайшло пасяджэнне Нацыянальнага камітэта па арганізацыі і правядзенні Дня беларускага пісьменства.

Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня аргкамітэта гэтага свята Анатоль Тозік зазначыў, што Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім пройдзе пад знакам юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і будучага 600-годдзя горада. Дзень пісьменства, падкрэсліў Анатоль Тозік, - магчымасць для Глыбокага прэзентаваць чарговы этап падрыхтоўкі да гарадскога юбілею, што будзе адзначацца ў 2014-м.

Начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Малатоўнік паведаміла "К", што да дзяржаўнага свята зараз рыхтуюцца шэсць аб'ектаў культуры: Глыбоцкі гарадскі дом культуры, гарадскі Цэнтр культуры з тэатральнай залай імя І.Буйніцкага, Гісторыка-этнаграфічны музей, дзіцячая школа мастацтваў, бібліятэка. Усяго ў горадзе і раёне да Дня беларускага пісьменства да ладу будзе прыведзена каля сотні аб'ектаў.

На пасяджэнні аргкамітэта быў прадстаўлены праект праграмы асноўных мерапрыемстваў будучага свята, абмяркоўваўся ход падрыхтоўкі аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы Глыбоччыны.