Чатыры месяцы ў “Дарогах лёсу”

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

17 кастрычніка — у сямідзесяты дзень нараджэння пісьменніка, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Мікалая Чаргінца — на Першым канале быў паказаны дакументальна-біяграфічны фільм “Дарогі лёсу”, прысвечаны творчаму і жыццёваму шляху вядомага ў краіне і за яе межамі літаратара і дзяржаўнага дзеяча.

Сцэнарыст дакументальнай стужкі “Дарогі лёсу” — празаік і драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгій Марчук сказаў, што калі да яго паступіла прапанова з “Белвідэацэнтра” распачаць працу над фільмам, ён, не раздумваючы, пагадзіўся, бо галоўнага героя будучай карціны ведае даўно, паважае яго чалавечыя і прафесійныя якасці.
— Дакументальна-біяграфічныя стужкі “Белвідэацэнтр” стварае да пэўных юбілейных дат таго альбо іншага выбітнага дзеяча культуры і мастацтва, — распавёў карэспандэнту “К” аўтар сцэнарыя.
— Я з прыемным хваляваннем паставіўся да прапановы. У час сустрэчы з героем будучага фільма мы дамовіліся, што я складу папярэдні сцэнарны план, не паказваючы яму і не ўлічваючы ягоных пажаданняў.
Так мы і зрабілі.
Не ўсё, можа, удалося ў фільме, але мяне хвалявала іншая праблема. Дзякуючы ініцыятыве, энергіі, грамадзянскасці, патрыятызму Мікалая Чаргінца быў створаны Саюз пісьменнікаў Беларусі, пасля чаго ў яго адрас пасыпаўся негатыў. Выхад на тэлеэкран фільма стаўся пэўным чынам адказам тым, хто спрабуе сябе ў ролі “суддзяў”.
Перш чым прыступіць да працы, я вырашыў — зробім карціну давяральную, без пампезнасці, у прастаце сваёй вельмі адкрытую. І калі я звярнуўся да тых людзей, якія ведаюць Мікалая Іванавіча, працавалі з ім, сябравалі на працягу многіх гадоў — таму фільм і называецца “Дарогі лёсу”, — дык атрымаў уражальны адказ. Звычайна ў такіх выпадках часам можна пачуць: “Ведаеце, гэта ўжо так даўно было... Я ўжо штосьці падзабыў... Можа, не тое скажу... “.
Усе біёграфы-каментатары, да якіх стваральнікі стужкі звярнуліся, з вялікім задавальненнем адгукнуліся. Адзін з бальніцы нават патэлефанаваў: “Дачакайцеся мяне, я таксама абавязкова прыгадаю некаторыя этапы жыцця і сустрэчы з гэтым цудоўным чалавекам”.
Усеабдымная біяграфія не заўсёды ўдаецца. Таму мы, натуральна, зыходзілі з таго, пра што галоўны герой сам будзе распавядаць. І вось у гэткіх нетаропкіх успамінах, якія ўклаліся ў 50 хвілін фільма, прагучалі ноткі невядомага Чаргінца. Не ўсё адзнятае, зразумела, увайшло ў фільм. Але пасля паказу людзі казалі: “Цікава атрымалася, і выдатна тое, што вы зрабілі!”. Афіцыйнае прадстаўленне асобы Чаргінца ў гледачоў склалася. Склалася ўяўленне аб пісьменніку, майстры дэтэктыўнага жанру. А вось сказаць проста аб чалавеку, які шмат дапамагае іншым людзям, змагаецца за справядлівасць, дружалюбны, прынцыповы, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне на пастаянных пасяджэннях сесій розных парламентаў, — было нашай задачай. Так, здаецца, лёгка казаць аб чалавеку, які свецкі, які навідавоку, а з іншага боку — складана. Для стваральнікаў карціны — мяне і рэжысёра Сяргея Агеенкі, рэдактуры і кіраўніцтва “Белвідэацэнтра” праца сталася напружанай. Не ўсё ўдалося, можа, у музычным радзе. Хацелася б яшчэ больш нечаканых паваротаў унесці — такі вось нерв. Але напачатку быў зададзены тон — нетаропкага расповеду чалавека пра час і пра сябе ў пэўнай ступені. І таму, я лічу, мы задачу выканалі. Няхай не ў шырокім аб’ёме.
Што датычыць маіх уражанняў аб сустрэчах з Мікалаем Чаргінцом на здымках, дык яны самыя добрыя. Я яго ведаю як асобу, як чалавека ўжо пятнаццаць гадоў. Галоўнаму герою таксама было проста мець са мною стасункі як з аўтарам сцэнарыя. Бо мы маглі падзяліцца і нечым важкім, і вызначыць стылістыку. Шмат што залежала ад стылістыкі фільма.
Напачатку карціна павінна была доўжыцца 29-30 хвілін. Але аб’ём матэрыялу — а фактура была вельмі цікавай — проста вымусіў нас у межах адведзенага каштарысу працягваць працу над фільмам.
Трэба сказаць, што ў карціне прынялі ўдзел шмат дзеячаў культуры, вядомых людзей, якія працуюць у іншых сферах. Аб Чаргінцу распавядаюць тыя, хто працаваў разам з ім у крымінальным вышуку, калісьці Мікалай Іванавіч быў футбалістам — дык ад футбалістаў выступае знакаміты нападаючы Генадзь Хасін, афіцэрскі склад прадстаўляюць расійскія генералы Радзівонаў і Грачоў, якія раскрылі некаторыя дэталі афганскай вайны ў біяграфіі Чаргінца. Аб Чаргінцу як пісьменніку слова кажа акадэмік, супрацоўнік Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гніламёдаў.
Ды і сам Мікалай Чаргінец, так бы мовіць, у ролі галоўнага героя выступіў выдатна. У яго вялікі вопыт назапасіўся з таго часу, калі ён на нашым тэлебачанні вёў перадачу па юрыспрудэнцыі. Таму ён дастаткова лёгка, без напружанасці пачуваў сябе перад камерай. Ён — чалавек з пэўнымі акцёрскімі здольнасцямі. Абаяльны, таварыскі, пераканаўчы, не мітуслівы, што неабходна для чалавека, які вядзе расповед з экрана.
Таму ён у іпастасі першага апавядальніка задаў патрэбны тон, менавіта тон давяральны, лірычны, у чымсьці нават сентыментальны, без той пампезнасці, якую ўсе баяліся ўбачыць напярэдадні стварэння фільма. Але герой сам паставіў усё на свае месцы сваёй шчырасцю, адкрытасцю, мудрым падыходам.Мікалай Чаргінец па жыцці — чалавек вельмі заняты. Нам даводзілася яго літаральна “лавіць”. То чакалі, калі прыляціць з чарговай камандзіроўкі, то проста прыязджалі да яго ў выхадны дзень і рабілі здымкі. Праца над фільмам “Дарогі лёсу” доўжылася каля чатырох месяцаў. 

Матэрыялы падрыхтавала Наталля КІРПІЧЭНКАВА