Папараць з Александрыі

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

6 — 7 ліпеня Магілёўшчына ў трэці раз правядзе Рэспубліканскае свята “Александрыя збірае сяброў”.

Тут пад час Купалля збярэцца амаль тры тысячы творцаў з рэспублікі, вобласці, Шклоўскага раёна, Браншчыны, Чарнігаўшчыны і Смаленшчыны.

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Ігар Кузняцоў паведамляе "К", што на гэтыя дні прыпадае пік падрыхтоўкі свята. Сёлетняе мерапрыемства адметнае выстаўкамі. Арганізатар адной з іх - Гандлёва-прамысловая палата Беларусі. "Белсаюздрук" разгорне ў Александрыі экспазіцыю, прысвечаную Году кнігі. А ў выстаўцы-продажы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва будзе занята паўтары тысячы рамеснікаў.

Але не толькі гэтым, безумоўна, славіцца "Александрыя..." Рэспубліканскае свята - гэта і феерверк культурна-мастацкіх мерапрыемстваў. Адбудзецца вялікі эстрадны канцэрт. Як і заўжды, будзе прэзентавана яркая абрадавая праграма. Не абыдзецца свята і без начной купальскай дыскатэкі.

Апошняе пасяджэнне абласнога штаба па арганізацыі і правядзенні Рэспубліканскага свята, як паведаміла "К" начальнік аддзела культуры Шклоўскага райвыканкама Галіна Валозіна, прайшло тут 13 чэрвеня на чале з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерыем Малашкам. Дарэчы, Шклоўскі раён на Рэспубліканскім свяце прадставіць больш за 200 удзельнікаў. Работнікам культуры будуць дапамагаць педагогі, работнікі лясной гаспадаркі і жыллёва-камунальнай службы. "Фішка" Шклоўшчыны ў Александрыі - прэзентацыя Агурочнай слабады.