“Ураганныя” дні фестывалю

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Да “Славянскага базару ў Віцебску” засталося два з паловай тыдні. А гэта значыць, што білетаў на канцэрты ўжо амаль няма. Яно і не дзіва!

 

Даўно вядома, што гэты Міжнародны фестываль мастацтваў вылучаецца папраўдзе дзівоснай арганізацыяй: усе фестывальныя службы працуюць як гадзіннік. Прычым не ад аднаго фестывальнага "выпадку" да другога, а цягам усяго года. Таму непрадбачаных "выпадковасцей" тут не бывае - хіба ў выглядзе дажджу-ўрагану. А запланаваная праграма выпаўняецца на ўсе сто - і нават больш. Літаральна днямі яна папоўнілася яшчэ адным выбітным канцэртам: 11 ліпеня, акурат напярэдадні ўрачыстага адкрыцця, з сольнай сімфа-рок-праграмай "Ураган", нядаўна прэзентаванай у Мінску, (праўда крыху ў іншым выглядзе), выступіць Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным.

Прадоўжыць фестываль і лічбавую сімволіку, добра распрацаваную летась. 21-ы фэст - адпаведна, у дарослым і дзіцячым конкурсах прымуць удзел па 21 выканаўцы. Дырэкцыя фестывалю, дарэчы, паклапацілася пра "раскрутку" будучых зорак: відэакліпы і іншыя матэрыялы, што датычацца ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012", яна перадала на тэлебачанне, і яны штодзень з'яўляюцца ў эфіры. Ну чым не "Еўрабачанне" паводле піяру імёнаў удзельнікаў? Нават яшчэ больш крута! Бо песні, якія гучаць у эфіры, пераважна, - не тыя, што будуць выконвацца на конкурсе. Трэба ж выканаўцам паказаць сябе як мага больш рознабакова! І "перамагчы" ў негалосным спаборніцтве з сапраўднымі ўдзельнікамі "Еўрабачання" розных гадоў, якія сёлета таксама ўпрыгожаць фестывальную праграму. Так што без "Буранаўскіх бабулек" і Ларын не абыдзецца....

Краін-удзельніц сёлета будзе 28. Колькасць фестывальных мерапрыемстваў - больш за 75. І, як заўсёды, сярод іх будзе на чым спыніць сваю ўвагу. Многія, дарэчы, ужо зрабілі свой выбар. У першы дзень продажу білетаў чэргі займаліся яшчэ да адкрыцця кас. Прадаюцца білеты і праз Інтэрнэт, і праз распаўсюджвальнікаў на буйных прадпрыемствах, і праз тураператараў. Разбег у кошце - вялікі: ад 25 да 750 тысяч рублёў.

Каб наведвальнікам і гасцям фестывалю было прасцей арыентавацца ў святочнай мазаіцы, тыражом у тры тысячы асобнікаў выдадзены спецыяльны буклет-праграма. Падобная прадукцыя выходзіла заўсёды, але не пускалася ў продаж, распаўсюджваючыся сярод удзельнікаў і журналістаў. Цяпер гэты "пралік" ліквідаваны: хтосьці, пэўна, набудзе такі буклет нават у якасці дадатковага "сувеніра". Але менавіта дадатковага, бо з сувернірнай прадукцыяй на фестывалі ніколі праблем не было і не будзе. Сёлета "сувенірнымі" стануць нават некаторыя харчовыя прадукты.