Аляксандр ЛУКАШЭНКА:“Усе экспанаты сведчаць, як фарміравалася наша маладая суверэнная дзяржава”

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

22 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў новы Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а таксама памяшканні і фондасховішчы Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея і працай бібліятэкі ды захаваннем бібліятэчных фондаў, а таксама сустрэўся з маладымі грамадазнаўцамі.

/i/content/pi/cult/383/7576/1-1.jpeg

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, які цяпер размешчаны ў будынку, што непасрэдна прымыкае да Адміністрацыі Кіраўніка дзяржавы, створаны як філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Аналагаў музеяў такога роду ва ўсходнееўрапейскіх краінах не існуе. Музей закліканы стаць адным з найважнейшых цэнтраў па зборы, вывучэнні, захаванні і прэзентацыі матэрыялаў па сучаснай гісторыі Беларусі. Галоўны лейтматыў музейнай экспазіцыі - дасягненні краіны за гады дзяржаўнай незалежнасці, міжнароднае прызнанне нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа і суверэнітэту беларускай дзяржавы. Залы музея аснашчаны самым сучасным абсталяваннем і ўтрымліваюць унікальныя экспанаты, якія сведчаць пра станаўленне сучаснай беларускай дзяржаўнасці, дзяржаўны лад нашай краіны, яе нацыянальную бяспеку. Асаблівая ўвага адводзіцца працэсам фарміравання прэзідэнцкай рэспублікі, канстытуцыйным рэформам, устанаўленню дзяржаўнай сімволікі, функцыянаванню органаў дзяржаўнага кіравання.

Адкрывае экспазіцыю асобная зала, дзе размешчана інфармацыя пра Рэспубліку Беларусь, а таксама знаходзяцца макеты самых значных збудаванняў, створаных або рэканструяваных у гады дзяржаўнай незалежнасці краіны.

У залах музея знаходзяцца ўнікальныя экспанаты, якія распавядаюць пра грашовую сістэму і дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь, навуку і галіну рэальнай эканомікі краіны, нашы дасягненні ў медыцыне, адукацыі, культуры, спорце за гады незалежнасці. Экспанаты музея таксама адлюстроўваюць этнаканфесійную сферу краіны, яе міжнародныя адносіны. Асобны раздзел прысвечаны падарункам, што былі зроблены Кіраўніку дзяржавы.

Прэзідэнт азнаёміўся з усімі заламі і раздзеламі новага музея, ацаніў экспазіцыю ды асобныя экспанаты, а таксама наведаў чытальныя залы і фондасховішчы Прэзідэнцкай бібліятэкі.

"Адкрыццё Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці мае велізарны палітычны сэнс, - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з маладымі грамадазнаўцамі пасля экскурсіі. - Усе яго экспанаты сведчаць, як фарміравалася наша маладая суверэнная дзяржава".

Між тым, Кіраўнік дзяржавы зазначыў: адбываецца толькі першы этап стварэння сучаснай музейнай установы, якая будзе знаёміць грамадзян ды гасцей нашай краіны з тым вялікім і насычаным адрэзкам гісторыі, што прайшла Беларусь за гады дзяржаўнай незалежнасці. "У выніку Музей павінен стаць люстэркам нашых дасягненняў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пад час знаёмства з Музеем сучаснай беларускай дзяржаўнасці і Прэзідэнцкай бібліятэкай Кіраўнік дзяржавы таксама неаднаразова зазначыў, што гэтыя ўстановы мусяць мець унікальны характар і быць максімальна даступнымі для наведвання шараговымі грамадзянамі, а іх памяшканні ды фонды павінны выкарыстоўвацца як мага больш поўна і эфектыўна.

Цяпер Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці размешчаны ў адным будынку з Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь па вуліцы Карла Маркса, 38. Чакаецца, што ён будзе пастаянна папаўняцца новымі прадметамі музейнага значэння і інфармацыяй на лічбавых носьбітах, якія адлюстроўваюць падзеі ў нашай краіне. Што да Прэзідэнцкай бібліятэкі, то паступова ў яе будынку будуць сканцэнтраваны ўсе ейныя фонды, якія ў выніку павінны стаць унікальным цэнтрам захоўвання інфармацыі.