Яны ж ні пры чым!, або “Шкала вымярэння” дэструктыўнасці паводле блэк-металу

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Супрацьтанкавы роў для "дывізіі "Мардук"

Як вядома, гастрольна-канцэртную дзейнасць у нашай краіне рэгулюе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў", падпісаны 19 кастрычніка 2010 года. Адзін з яго пунктаў забараняе тыя імпрэзы, якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны альбо экстрэмісцкай дзейнасці, уяўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці, здароўя грамадзян.

Таму матэрыял гэты не выпадкова пастаўлены менавіта ў нумары, што выйшаў сёння. Учора ў нашай дзяржаве сотні мерапрыемстваў былі прымеркаваны да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 22 чэрвеня ніколі не будзе ўспрымацца намі як звычайны летні дзень. Памяць пра трагедыю, якая скаланула ўвесь наш народ больш за сем дзесяцігоддзяў таму, жывая і сёння. Яна перадаецца на генетычным узроўні.

Але вернемся з нагоды гэтай даты да згаданага Указа. Як прымяняецца дакумент у дачыненні да канкрэтных выпадкаў - выступленняў тых або іншых выканаўцаў?

Адзін з запланаваных на 22 чэрвеня канцэртаў у адным са сталічных клубаў адмянілі. Яго адмена стала яшчэ адной нагодай для разваг пра ідэйны і маральны аспект гастрольна-канцэртнай дзейнасці.

У маі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь звярнула ўвагу на ідэйны кантэнт замежных гастралёраў у сталічных маладзёжных клубах. Як вынік - забарона выступлення шведскага блэк-металічнага гурта "Marduk", а таксама настойлівае патрабаванне да небезвядомай расійскай "группировки "Ленинград": устрымацца на мінскім канцэрце ад звыклай для яе песень лексікі. Ненарматыўнай. Ледзь толькі музычная тусоўка паспела абсмактаць гэтыя навіны на форумах ды ў сацыяльных сетках, як у агонь эмоцый было падкінута новае палена: забарона канцэрта аўстралійскага неафолькавага праекта "Death in June", што меўся адбыцца 22 чэрвеня. Многія сталі казаць пра тэндэнцыю... Зрэшты, перш чым рабіць высновы, не лішне было б разабрацца: хто, каго і за што забараняе?

Ваяўнічы рэзананс

Шведскі гурт, названы ў гонар ваяўнічага вавілонскага бога, меўся выступіць у Мінску ў рамках вялікага тура, удзел у якім прынялі яшчэ тры "металічныя" каманды з розных краін. У выніку ўмяшальніцтва Генпракуратуры канцэрт адбыўся ва "ўсечаным" варыянце.

- Звярнуўшы ўвагу на гэтае мерапрыемства, мы вывучылі інфармацыю пра заяўленыя ў ім гурты, даведаліся пра іх жыццёвую пазіцыю, зрабілі пераклады тэкстаў песень, - кажа старшы пракурор Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карповіч. - І ў выніку прыйшлі да высновы, што адзін з запланаваных удзельнікаў імпрэзы не надта ўпісваецца ў тыя маральныя нормы, якія існуюць у нашым грамадстве. Падкрэслю: гэта не маё альбо чыё-кольвечы яшчэ аднаасобнае рашэнне - выснова была зроблена калегіянальна, пасля дэталёвага аналізу інфармацыі. У выніку арганізатары канцэрта і клуб, дзе ён меўся прайсці, атрымалі афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры...

"Танкавая дывізія "Мардук" працягвае свой трыумфальны марш супраць хрысціянства", - спявае гурт у сваім "хіце". Нават пры павярхоўным вывучэнні іхняй музыкі на адпаведных інтэрнэт-сэрвісах складваецца трывалае ўражанне, быццам гэта акурат той калектыў, які ўвесь час спявае адну і тую ж самую песню, хіба трохі змяняючы аранжыроўкі.

- Тэксты гурта ўтрымліваюць незлічоныя сцэны гвалту і абразу хрысціянскіх каштоўнасцей, якіх прытрымліваецца большая частка жыхароў краіны, - дадае Аляксандр Карповіч.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што тэксты многіх "металічных" гуртоў - гэта своеасаблівы жанр, насычаны гратэскам, сарказмам, іроніяй... Тое ж самае датычыцца і выказванняў саміх выканаўцаў. На мінскай прэс-канферэнцыі ў франтмена колішніх пераможцаў "Еўрабачання" - гурта "Lordi" - спыталі, чаму ля яго грымёркі па аўтограф выстраілася так шмат дзяцей. Той адказаў: "Гэта была наша вячэра". Ага, так мы яму і паверылі... Розныя "трупы канібала" ды іншая грайндкоравая клаўнада выклікае падобную рэакцыю, акурат трапляючы ў нішу трэш-культуры. Але ж лідар "Marduk" Морган запэўнівае, што ў дадзеным выпадку ўсё - сур'ёзна.

- У адным з інтэрв'ю ён сцвярджае, што сатанізм і антыхрысціянства для гурта - гэта не імідж, але паслядоўная жыццёвая пазіцыя, - кажа Аляксандр Карповіч.

Нехта немінуча запярэчыць: кожны мае права на свае погляды, і прымус тут проста недарэчны. Начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч ахвотна пагаджаецца з гэтай аксіёмай. І адразу дадае: трэба весці гаворку не толькі і не столькі пра самі гурты як адасобленыя з'явы музычнай культуры, колькі пра той сацыяльны рэзананс, які яны хоцькі-няхоцькі выклікаюць.

- Ёсць выканаўцы, здатныя справакаваць публіку на неадэкватныя дзеянні, і вынікі могуць быць самымі несуцяшальнымі. Незразумела, як павядзе сябе натоўп у пэўных варунках, - лічыць начальнік аддзела мастацтваў.

Можна прадбачыць, што і гэтая пазіцыя ў пэўных колах выкліча бурную дыскусію. Ці можна забараняць з увагі толькі на гіпатэтычную пагрозу, ці не дзейнічае тут прэзумпцыя невінаватасці? Адразу знойдзецца і дарэчны аргумент: той самы "Marduk" ужо выступаў у Мінску гады два таму - нібыта, усе засталіся цэлыя, масавых беспарадкаў не адбылося...

Затое, на іншым канцэрце гурта, у Лос-Анджэлесе, нехта з фанатаў непасрэдна перад сцэнай падпаліў Біблію. Імпрэза была спынена: з прычын... пажарнай бяспекі. Музыканты адразу ж заявілі, што яны тут ні пры чым. І паспрабуй гэта аспрэчыць! Яны ж самі нічога не палілі. Яны проста абвясцілі татальную вайну супраць хрысціянства ды запэўнілі ўсіх, што гэта - ўсур'ёз...

Апошні на сённяшні дзень факт апаганьвання хрысціянскіх святыняў Беларусі зафіксаваны літаральна колькі месяцаў таму: у ноч на 18 сакавіка на сценах праваслаўнага храма Сергія Раданежскага з'явіліся перакуленыя крыжы ды зняважлівыя надпісы. Гэта здарылася ў Мазыры, дзе яшчэ зусім нядаўна статаністы дазвання спалілі царкву і ледзь не знішчылі касцёл сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Вядома, удзельнікі гурта тут таксама ні пры чым. Следства іх нават не падазравала. У хлопцаў, не сумняваюся, было жалезнае алібі: у вызначаны час яны акурат змывалі "пэйнткорпс" пасля чарговага ўдалага выступлення альбо давалі новыя "баявыя" інтэрв'ю. Абсалютна перакананы і ў тым, што гэта не шведы аблівалі бензінам ды запэцквалі розным брыдоццем іншыя "пацярпелыя" храмы нашай краіны. А такіх выпадкаў - не адзін і не два. І гэта, на вялікі жаль, паўсюдная - сусветная - тэндэнцыя. У адной толькі Нарвегіі, якая лічыцца радзімай блэк-металу, сатаністы і радыкальныя неаязычнікі спалілі больш за 30 старадаўніх драўляных цэркваў!

Непасрэдныя герастраты (часта непаўнагадовыя) трапляюць за краты, а "дывізія Мардук" выпраўляецца ў чарговы тур. Яна ж ні пры чым! Той жа Морган, які цікавіцца тэматыкай Трэцяга Рэйха (хаця і заяўляе, што не падзяляе яго ідэй), мабыць, ведае, на браме якой установы красаваўся "філасофскі" надпіс "Кожнаму - сваё"... Так, Бухенвальда.

У адным з інтэрв'ю Моргана ёсць паказальны пасаж: у музыканта спыталі пра "мёртвую галаву", прышпіленую да ягонай гітары. Той адказаў: ну так, сапраўдная, з эсэсаўскай фуражкі... Ну так, прычапіў... Чаго, маўляў, не здараецца...

- Для ажыццяўлення кантролю я асабіста прысутнічаў на тым канцэрце, дзе меўся выступаць гэты гурт, - кажа Аляксандр Карповіч. - Кантынгент у зале быў розны, але асноўная маса публікі - гэта вельмі маладыя людзі. Ці можна з упэўненасцю казаць, што яны маюць сфарміраваную псіхіку і выразную жыццёвую пазіцыю?..

Як вядома, неўсведамленне адказнасці не вызваляе ад згубных вынікаў. І калі б стыхійная з'ява, вядомая сацыёлагам пад назвай "маладзёжны сатанізм", выяўлялася толькі на клубных танцполах, увага Генпракуратуры да шведскіх "металістаў" і сапраўды выклікала б недаўменне. На жаль, гэта не так, бо ў эпіцэнтры стыхіі знаходзіцца менавіта адпаведны ідэйны напрамак блэк-металу - і згаданы гурт у прыватнасці.

Дык хто памёр у чэрвені?

Як адзначыў Аляксандр Карповіч, прыняццю рашэння аб забароне папярэднічала сустрэча з арганізатарамі канцэрта: работнікам Генпракуратуры было важна выслухаць іх пазіцыю. Але тыя не сталі адмаўляць відавочнае. Мяркуючы па выказваннях у сацыяльных сетках, нават прыхільнікі калектыву цудоўна ўсведамлялі, што стала прычынай забароны - хаця, вядома, і не ўхвалялі такое рашэнне. У выпадку з "Death in June" агульная рэакцыя была зусім іншай: ну а гэтыя чым не дагадзілі?

Адрасаваў дадзенае пытанне Аляксандру Карповічу. Ягоны адказ мяне, прызнацца, трохі агаломшыў. У Інтэрнэце я налічыў не адзін дзясятак сайтаў (у тым ліку - і інфармагенцтваў), якія прыпісваюць забарону менавіта Генпракуратуры, а тут раптам...

- Мы не маем да гэтага рашэння ніякага дачынення, а інфармацыя, што з'явілася ў Інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасці. Таму, шчыра кажучы, каменціраваць дадзены факт мне складана, - адзначыў супрацоўнік пракуратуры.

Упершыню паведамленне пра забарону канцэрта з'явілася на старонцы падзеі ў адной з сацсетак. Як распавёў непасрэдны арганізатар імпрэзы Максім Елісееў, ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама спаслаліся на ініцыятыву Генпракратуры. Ніхто з журналістаў не парупіўся звярнуцца па каментарыі да саміх ньюсмейкераў, тыражуючы дэзінфармацыю.

Уладзімір Анціповіч не адмаўляе таго, што ініцыятыва адмены канцэрта зыходзіла менавіта ад упраўлення культуры. Насцярожыла, па-першае, назва праекта - "Смерць у чэрвені", а па-другое - дата канцэрта: 22 чэрвеня.

- Адкрыўшы афіцыйны сайт гурта, мы ўбачылі, што ён носіць яўны праваэкстрэмісцкі характар, - адзначыў Уладзімір Анціповіч. - І праводзіць яго канцэрт у гэтую трагічную для ўсіх беларусаў дату падалося нам папраўдзе кашчунствам...

Першае, што я ўбачыў на згаданым сайце, - тая самая "мёртвая галава", вельмі падобная паводле сваёй іканаграфіі на эмблему СС. Але лідар (і фактычна адзіны ўдзельнік гурта) Дуглас Пірс ахвотна тлумачыць у сваіх інтэрв'ю, што да нацызму гэты сімвал смерці не мае абсалютна ніякага дачынення. Ён, маўляў, з'явіўся значна раней ды меў мноства разнастайных варыяцый і культурных інтэрпрэтацый. Паводле слоў выканаўцы, на лагатып "DIJ" сімвал перакачаваў з формы прускіх гусараў часоў Фрыдрыха Вялікага.

Усе абвінавачванні ў прапагандзе неанацызму і нават сімпатыях да яго Пірс нібыта адмаўляе: "Я музыкант і не маю ніякага дачынення да палітыкі". Тым не менш, забарона канцэрта ў Мінску - не першы такі прэцэдэнт у больш як 30-гадовай гісторыі "Death in June". Прыкладам, яшчэ гадоў сем таму праект меў сур'ёзныя праблемы ў Германіі. Гэта прымусіла Пірса падрабязна патлумачыць розныя "спрэчныя" моманты ўласных тэкстаў. Прыкладам, песня "Ружовыя аблокі Халакосту" з'явілася нібыта пад уражаннем... вывяржэння вулканаў у Ісландыі.

Пірсу паверылі, і цяпер яго праект вольна гастралюе па Германіі. Я не паверыў і звярнуўся да "першакрыніцы". Так, у няўцямных, вычварна-метафарычных тэкстах і сапраўды няма слоў кшталту "нацызм" і да яго падобных. Тым не менш названы пункт не здымае ўсіх пытанняў. У тым ліку - да прамоўтараў.

Па словах Дугласа Пірса, назва "Смерць у чэрвені" і сапраўды мае адносіны да пачатку вайны - толькі іншай, Першай сусветнай. А калі канкрэтней - да забойства эрцгерцага Фердынанда ў Сараева. Што ж да Другой сусветнай... Музыкант назваў яе "найвялікшай трагедыяй чалавецтва" ды адзначыў, што гэтая віхура не абмінула і яго сям'ю: ягоны бацька быў пілотам Брытанскай авіяцыі і прымаў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях.

- Паўтаруся, нас насцярожыла менавіта супадзенне: трагічная дата і назва гурта, - адзначыў Уладзімір Анціповіч. - Таму ўзнікае пытанне да арганізатараў канцэрта: ці вывучалі яны ў школе гісторыю?..

Безумоўна, такое супадзенне Максім Елісееў спрабаваў патлумачыць выпадковым збегам абставін і напружаным гастрольным графікам праекта: 21 чэрвеня гурт выступіў у Кіеве, а ўжо 23-га - у Маскве. Беларусь мелася стаць другой з шасці постсавецкіх краін, праз якія праходзіць яго турнэ. І, тым не менш, гэта цяжка назваць паўнавартасным аргументам. Няўжо прамоўтарам нельга было пралічыць прадказальную рэакцыю на гэтае супадзенне! Паспрабуем уявіць іншы ход падзей? Скажам, скіраваць непажаданыя асацыяцыі зусім у іншае рэчышча, прысвяціўшы імпрэзу памяці ахвяр вайны. Улічваючы агучанае вышэй стаўленне Дугласа Пірса да гэтай гістарычнай даты, ён бы, мусіць, не адмовіўся. Мабыць, Пірс не адмовіўся б і пазначыць на промапрадукцыі канцэрта тое, што выступленне прысвечана ахвярам вайны. Ці пралічваліся такія варыянты ці, прынамсі, захады да іх прапрацоўкі прамоўтарам?

Як адзначыў Аляксандр Карповіч, забарона - гэта крайняя мера. І ёй заўсёды мусіць папярэднічаць не толькі дэталёвае вывучэнне матэрыялаў, але і гутарка з арганізатарамі канцэрта: іх пазіцыя абавязкова павінна быць прынята да ўвагі. Па словах Максіма Елісеева, пад час свайго візіту ў гарадское ўпраўленне культуры ён спрабаваў прывесці аргументы адносна "невінаватасці" гурта. Але...

Зрэшты, аргументы аргументамі, а факт ёсць факт. Неспрэчна тое, што сімвал, які выкарыстоўвае гурт на сваіх канцэртах (без залежнасці ад таго, які змест укладаюць у яго самі музыканты), не можа прысутнічаць у грамадскіх месцах, наогул - на зямлі той краіны, дзе ён наўпрост звязваецца ці не з самай жахлівай старонкай мінулай вайны: карнымі аперацыямі і спаленымі вёскамі. Не можа прысутнічаць ні 22 чэрвеня, ні ў любы іншы дзень.

Пытанне крытэрыяў

Яно паўстае немінуча, і нікуды ад яго не падзецца. Як стварыць больш-менш аб'ектыўную "шкалу вымярэння" дэструктыўнасці? І начальнік аддзела мастацтваў, і старшы пракурор Генпракуратуры аднадушна перакананы, што гэта - немагчыма.

- У выпадку з ацэнкай твораў мастацтва фактар суб'ектыўнасці нязменна прысутнічае, - перакананы Аляксандр Карповіч. - Камусьці падабаецца "Чорны квадрат", а хтосьці кажа, што сам бы намаляваў не горш. Нехта назаве амаральнай нават эстраду...

- Культура - гэта не вытворчасць або будаўніцтва, дзе існуюць канкрэтныя ды непарушныя стандарты, - кажа Уладзімір Анціповіч. - Мы жывём у сучаснай еўрапейскай краіне, і жорсткія рамкі, якія абмяжоўваюць свабоду творчасці, будуць выглядаць недарэчнымі...

І таксама аднадушна абодва суразмоўцы прамовілі фразу: "Але ж павінны быць нейкія межы...". Межы маралі і, урэшце, прыстойнасці.

- На жаль, многія сёння ўжываюць у побыце ненарматыўную лексіку, але зусім іншая справа, калі яна гучыць са сцэны, - Уладзімір Анціповіч яўна намякае на гурт "Ленинград". - Які густ мы прывіваем публіцы?..

У сваю чаргу, Аляксандр Карповіч дадае, што лаянка ў грамадскім месцы лічыцца на Беларусі адміністратыўным правапарушэннем, і сцэна тут - не выключэнне. Такі закон!

Безумоўна, забарона ўжо абвешчаных канцэртаў - гэта заўсёды вельмі траўматычна. Публіка злуецца. Арганізатары і ўласнікі канцэртных пляцовак нясуць немалыя выдаткі - і часавыя, і фінансавыя. Але Уладзімір Анціповіч перакананы, што прадухіленне такіх наступстваў павінна быць клопатам апошніх. Урэшце, і пра адпаведнасць зместу мерапрыемстваў заканадаўству ніхто не адмяняў.

- Паводле заканадаўства, менавіта арганізатары канцэртаў і ўласнікі пляцовак нясуць адказнасць за змест сваіх праграм, - кажа ён. - Урэшце, калі ўзнікае пэўны сумнеў, заўсёды можна патэлефанаваць да нас і параіцца.

Яшчэ пытанне - магчымасць аспрэчыць любы з вынесеных "вердыктаў". Як адзначыў Аляксандр Карповіч, калі арганізатар палічыць яго несправядлівым, дык можа звярнуцца ў вышэйстаячую інстанцыю ці, у крайнім выпадку, - у суд.

- Важна адзначыць таксама і тое, што прынятае рашэнне не павінна быць прынятым адной асобай, - дадаў супрацоўнік Генпракуратуры.

Пытанне пра выпрацоўку механізма прыняцця падобных рашэнняў пакуль што застаецца адкрытым. Магчыма, ёсць сэнс стварыць спецыяльную камісію або цэнтр, уключыўшы ў склад дасведчаных у сучаснай музыцы культуролагаў, псіхолагаў, сектолагаў?.. Бо наўрад ці спецыяліст, скажам, райаддзела культуры здатны самастойна чытаць ды інтэрпрэтаваць англамоўныя тэксты. А з такой праблемай даводзіцца сутыкацца і яму. І вось падобная інстытуцыя, куды можна звярнуцца па кампетэнтную кансультацыю, сыграла б тут сваю станоўчую ролю. Тады і не будзе спакусы прымяніць прынцып: маўляў, прасцей забараніць, чым тлуміць сабе галаву. Аляксандр Карповіч перакананы: такі падыход абсалютна недапушчальны.

- Я вельмі спадзяюся, што нашы канкрэтныя і абгрунтаваныя захады нікім не будуць успрыняты як заклік забараняць усё запар, - кажа ён. - Ні пра якую глабальную кампанію "закручвання музычных гаек" тут нават не можа весціся гаворка...

Уладзімір Анціповіч упэўнены ў тым, што дадзеныя выпадкі застаюцца па-за плынню агульнай тэндэнцыі, і ўвесь спектр сучаснай музыкі - уключна і з экстрэмальнымі "гатункамі" металу - будзе бесперашкодна гучаць на канцэртных пляцоўках.

- Але я перакананы, што гэты працэс нельга пакідаць без кантролю, - рэзюмаваў ён.