Працэнт супадзення

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Наступствы рэкорднай гіперфестывальнасці: пяць фэстаў на адны выхадныя

 

Фестываляў, колькі б іх лік ні ўпарадкоўвалі, становіцца ўсё больш. І гэта нармальна! Але ці заўсёды яны праводзяцца так, каб не перашкаджаць адзін аднаму?

8 - 10 чэрвеня, да прыкладу, супалі такія значныя для развіцця нацыянальнай культуры і папраўдзе выбітныя святы, як Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне ды Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах. А на гэтыя выхадныя, што яшчэ больш "крута", прыпадаюць такія адметныя імпрэзы, як "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" у Нясвіжы, ХІХ Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне", VII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня" ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці, VI Міжнародны фестываль "Навагрудак", VI Міжнародны ваенна-гістарычны фестываль на лініі Сталіна, - і гэта далёка не поўны спіс. З аднаго боку, што ж тут дрэннага? Можна толькі радавацца, што ў нас так шмат святаў, прысвечаных, прынамсі, нацыянальнай гісторыі і культуры. З іншага ж, што рабіць, да прыкладу, тым слухачам ды калектывам, якія хацелі б пабываць і там, і тут? Хтосьці, упэўнена, безапеляцыйна адкажа: маўляў, выбіраць. Альтэрнатыва - гэта заўсёды добра!

Можа, так яно і ёсць. Але пры адной умове: калі такая альтэрнатыва - заканамернасць, і ўзнікае яна пастаянна, ледзь не штодзень. У нас жа - усё наадварот. Дакладней, паводле прынцыпу: то густа - то пуста. Ці ўзгадаеце вы, да прыкладу, такую ж колькасць фестываляў у адны і тыя ж дні ў іншыя месяцы? Ну, хіба напрыканцы мая. Затое жнівень - цалкам адпачынкавы. Для каго - для артыстаў?

Так, яны і папраўдзе ідуць у адпачынак - і дружна выпраўляюцца на разнастайныя замежныя фестывалі, якіх у гэты час багата. І не таму, што ў іншы час іх няма! Проста, там фестывалі ладзяцца для... публікі, якая, зразумела, не ведае "адпачынкаў". Спачатку ідзе на адзін фестываль (можа, нават выпадкова), потым - на другі, а там, глядзіш, ужо і спецыяльна запрашаць не трэба:  усе ўжо прызвычаіліся.

На каго ж разлічаны нашы фестывалі? І што з'яўляецца іх мэтай? Завабіць турыстаў? Выхаваць адданых, дасведчаных прыхільнікаў? Прадэманстраваць уласнае майстэрства ў абраным кірунку? Ці проста - "пафестываліць"? Мэтай нашых фестываляў амаль ніколі не становіцца прыцягненне турыстаў. Ужо хаця б таму, што рассяліць ды накарміць іх зможа не кожны райцэнтр. Ну, можа, калі толькі прыедуць на турыстычным аўтобусе, паглядзяць гадзіну-дзве - і паедуць далей па сваім маршруце аглядаць славутасці. А каб той славутасцю стаўся сам фестываль?..

Сярод першых, хто на гэта свядома арыентуецца, - прыватнікі, асабліва  ў выпадку аграэкатурызму. А што? Абвяшчаецца нейкі фестываль (іншымі словамі, культурная праграма) - і гэта становіцца дадатковай рэкламай. Адна справа - з'ездзіць кудысьці "проста так", іншая ж - яшчэ і фестывальныя праграмы заспець, сумясціць, так бы мовіць, прыемнае з карысным. У замежжы гэта даўно ўжо стала звыклай практыкай. Бо фестывальны рух і папраўдзе здольны рухаць не толькі ўласна культуру, але і эканоміку. Ланцужок вельмі просты: будзе фестываль - значыць, будуць шматлікія турысты, а гэта, у сваю чаргу, - хуткае развіццё сферы абслугоўвання (гатэлі, харчаванне, выраб сувенірнай прадукцыі). Чым не штуршок для развіцця тых жа малых гарадоў, дзе няма буйных прадпрыемстваў?

Нам гэта пакуль не "пагражае", бо на ўзроўні адсутнасці тых жа гатэляў усё і спыняецца. Можа, тады нашы фестывалі - для "гадавання" айчынных аматарскіх калектываў? Так яно і ёсць. Калі слова "айчынныя" замяніць на "тутэйшыя" - без аніякага зняважлівага падтэксту, адно зыходзячы з геаграфічных параметраў. Бо публіка на нашых фестывалях - гэта жыхары таго або іншага паселішча, дзе праводзіцца мерапрыемства, і ўдзельнікі самога фэсту, якія прыйдуць паслухаць сваіх калег. Пры такім раскладзе нават зручна, каб фестывалі "накладаліся" адзін на адзін: менш гасцей - менш праблем. Дык і сапраўды нашы мастацкія святы - для "ўнутранага" карыстання? І ўсе запэўніванні з месцаў пра тое, што, маўляў, кожнае мерапрыемства мае сваю спецыфічную публіку - толькі, як кажуць, "адмазка", бо часта супадаюць па часе менавіта падобныя адно да аднаго мерапрыемствы, і нават тыя іх удзельнікі, якія, бывае, заяўлены там і тут, вымушаны вырашаць дылему: як паспець? Ці - рабіць выбар: усё ж там ці тут?

Такі сіндром "адначасовасці" (нагадаю, пры далейшай "пустэчы") датычыцца не толькі фестываляў, але і нашай канцэртнай практыкі. Возьмем хаця б беларускую музыку. Тыя ж айчынныя прэм'еры гучаць у нас далёка не штодзень. Але раптам, здараецца, надыходзіць момант, калі яны "наступаюць" адна на адну, супадаючы па часе. Арганізатары толькі рукамі разводзяць: маўляў, пры чым тут мы? У кожнага - свая публіка.

У свой час, калі прымаліся разнастайныя захады па ўпарадкаванні канцэртна-гастрольнай дзейнасці, размова не раз ішла пра неабходнасць стварэння гэткай "агульнай афішы", куды ўносіліся б усе запланаваныя мерапрыемствы. Займаючыся арганізацыяй чарговага, можна было б прадугледзець працэнт "супадзення-несупадзення" яго з іншымі. Чым не выйсце? Але ж, здараецца, адна і тая ж установа ладзіць адначасова згаданыя ўжо беларускія прэм'еры на дзвюх сцэнах. Няўжо і там арганізатары "не здагадваюцца" пра такое "выпадковае" супадзенне, ад якога пакутуюць і аўтары, і выканаўцы, і прыхільнікі нацыянальнай культуры?

Пэўна, калісьці такая праблема адпадзе сама сабой. Гэта здарыцца тады, калі "густа" будзе - заўсёды, а "пуста" - ніколі. Сапраўды, калі тая ж беларуская музыка стане гучаць кожны дзень на ўсіх пляцоўках, - гэта зусім іншая справа. А пакуль яна "рэдкая госця" (ці хаця б не штодзённая), дык навошта тыя "супадзенні"? Гэта ж не дзяржаўнае свята, не фальклорны ці царкоўны абрад, якія нельга перасунуць. Можа, і сапраўды прыспеў час клапаціцца не толькі пра само правядзенне пэўнага фестывалю, канцэрта або мерапрыемства, але і пра яго суадносіны па часе з іншымі? Асабліва - з падобнымі. Бо тое ж датычыцца і тэатральных прэм'ер, і тэатральных форумаў.

Хтосьці, пэўна, скажа, што "канкурэнцыя", маўляў, - рухавік прагрэсу. Так яно і ёсць! Але ж і плённае супрацоўніцтва яшчэ ніхто не адмяняў. Памятаю, як на адным з мінскіх фестываляў, калі надарыўся вольны вечар, арганізатары галаву зламалі, куды ж адправіць гасцей - замежных крытыкаў? Вывучылі ўсю зводную сталічную афішу - ну абсалютна нічога, што магло б хаця б не расчараваць гасцей у высокім узроўні нашага мастацтва! Затое ў іншыя, ужо "занятыя", дні - спрэс самыя адметныя вечарыны. Карацей, засталіся госці ў гатэлі - размаўляць між сабой за кубачкам кавы. Дык, можа, ва ўсім адно каляндар вінаваты?..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"