Хто ён, вядомы і невядомы ЭЛЬ?

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Эль Лісіцкі — у разрэзе нашай сучаснасці

/i/content/pi/cult/383/7573/2-2.jpegУ адной з анкет Эль Лісіцкі пералічыў віды сваёй дзейнасці: інжынер-архітэктар, жывапісец, фотапісец, друкар. Гэты спіс далёка не поўны. Лісіцкі, да ўсяго, - выдатны плакатыст, бліскучы графік, афарміцель выставак, ілюстратар, педагог і стваральнік арітэктурнай майстэрні Віцебскай школы, прафесар ВХУТЕМАСа ў 2-й палове 1920-х, арганізатар на факультэце апрацоўкі дрэва памяшканняў і, што вельмі важна, - піянер савецкага дызайну. А яшчэ творчая індывідуальнасць Лісіцкага сфакусіравала ў сабе галоўныя рысы авангарда: падыход да мастацтва як да "светабудаўніцтва", "делание" жыцця па законах мастацтва - мастацтва асобага роду, заснаванага на найноўшых дасягненнях навуковай і мастакоўскай думкі...

19 гадоў таму ў газеце "Культура" я, мабыць, упершыню ў Беларусі, апублікаваў артыкул пра жыццё і творчасць Лісіцкага, пра якога штосьці ведаў яшчэ ў свае студэнцкія гады з лекцый па гісторыі савецкай архітэктуры, а таксама з кнігі-манаграфіі ўдавы мастака Соф'і Лісіцкай-Кюперс пра мужа, якая была выдадзена ў ГДР на нямецкай мове. Але тады пра мастака ў нашай краіне яшчэ мала хто ведаў, ды і на рускай мове таксама было няшмат матэрыялаў. Урэшце, тое не дзіва. Лёс творчай спадчыны Лісіцкага быў драматычны, як і яго сяброў ды аднадумцаў па авангардзе, уключаючы К.Малевіча і М.Шагала. У 1944-м немка С.Лісіцкая-Кюперс, як і іншыя немцы, якія жылі ў Маскве, праз тры гады пасля смерці мужа, была выслана. Яна жыла ў Новасібірскай вобласці, а пасля вайны - у Новасібірску. Неспасцігальным чынам, нягледзячы на цяжкасці і страты вайны ды ссылкі, мужная жанчына здолела зберагчы творы і архіў свайго мужа. Яна адмовілася ад самых выгадных прапаноў замежных музеяў ды прыватных калекцыянераў, каб выканаць апошнюю волю нябожчыка: аддаць творы ў савецкія музеі. Толькі ў 1958-м Лісіцкая-Кюперс змагла прыехаць у сталіцу. Тут, пасля бессэнсоўных затрымак, што ўзніклі па віне кіраўнікоў Міністэрства культуры, у фонды Траццякоўкі перайшло звыш 300 твораў мастака, у тым ліку і віцебскія работы, а таксама ягоныя архіў, кнігі, фатаграфіі. Тым не менш, большая частка твораў Лісіцкага засталася ў замежных музеях ды прыватных калекцыях, з'яўляючыся гонарам уладальнікаў апошніх.

У лістападзе 1987 года ў Музеі М.Саклера ў Кембрыджы (ЗША) адбылася рэтраспектыўная выстаўка сотні работ Лісіцкага з калекцый нямецкіх і амерыканскіх музеяў. У экспазіцыю ўвайшлі творы самых розных напрамкаў: ад палотнаў біблейскага цыкла, якія вызначаюцца высокай эмацыйнасцю і філіграннасцю выканання, да віцебскіх проўнаў. Была прадстаўлена таксама і тыпаграфіка: афішы і фотамантажы. Іх майстар апублікаваў разам з Арпам у кнізе "-Ізмы ў мастацтве" 
ў 1925-м. А праз тры гады пасля выстаўкі, у 1990-м, упершыню ў СССР, нарэшце, адкрылася персанальная экспазіцыя твораў Эля Лісіцкага, прысвечаная 100-годдзю з дня яго нараджэння. Я бачыў яе ў Траццякоўцы./i/content/pi/cult/383/7573/2-1.jpeg

А яшчэ да таго, у 1981 годзе, на выстаўцы "Масква-Парыж" мне давялося бачыць яго віцебскія проўны, найцікавейшыя праекты яхт-клуба на Маскве-рацэ, гіганцкай трыбуны Леніна і рэканструкцыю гэтай трыбуны, выкананай у дрэве ды метале, арыгінальныя эскізы кніжнага магазіна, якія рухаюцца, і ўстаноўкі "Савецкі авіятранспарт" для Міжнароднай выстаўкі ў Парыжы 1934 года. Пабачыў таксама і разнастайную паліграфічную прадукцыю, пачынаючы ад афармлення вокладкі часопіса "Журналист" і заканчваючы запрашальным білетам Паліграфічнай выстаўкі. Што я вынес з прагляду гэтых экспазіцый? Пачуццё мастацкасці, якое немагчыма вытлумачыць словамі, вобразнасць, зварот да сродкаў і катэгорый мастацтва як такіх. Як бракуе часам усяго гэтага ў работах многіх сённяшніх прэтэндэнтаў на званне нашчадкаў таго самага авангарда... І як шмат гэтага было ў творчасці Лісіцкага! Урок. Той самай пераемнасці - глыбіннай, сапраўднай, а не дэкларатыўнай, - якую, уласна кажучы, і знішчылі ў нашым развіцці часы жорсткіх догмаў і забарон. Пераемнасці, якую мы пад сцягам абнаўлення, на жаль, нярэдка імкнёмся замяніць чыста знешнім падабенствам да чагосьці сапраўднага. Або адхрышчваемся, як у нас заведзена, яшчэ не спазнаўшы... Пасля таго майго артыкула ў постсавецкай прэсе і Інтэрнэце з'явілася шмат матэрыялаў пра Лісіцкага - як кажуць, "вочы разбягаюцца". Хаця і тут шмат чаго наблытана...

У 1930 годзе ў Савецкі Саюз па ініцыятыве Лісіцкага прыбыла група заходнееўрапейскіх дойлідаў, інжынераў, спецыялістаў па жыллёвым будаўніцтве на чале з Эрнстам Маем. Адзін з удзельнікаў групы - архітэктар Ганс Шміт пісаў: "...Лісіцкі быў для нас больш чым творчая асоба... Я ўзгадваю выказванне Лісіцкага пра тое, што, як ён думаў, мы павінны, накшталт майстроў-будаўнікоў італьянскага Адраджэння, пайсці ў розныя краіны, увасабляючы нашы ідэі ў жыццё..." Але першай "краінай", якая напоўніцу раскрыла арыгінальны талент Лісіцкага-наватара, быў Віцебск. Віцебск Шагала і Малевіча - першых непасрэдных настаўнікаў Лісіцкага. Усяго тры гады прабыў мастак у гэтым славутым горадзе на Заходняй Дзвіне, але якія гэта былі гады!

/i/content/pi/cult/383/7573/2-3.jpgЗ ліста Лісіцкага з Берліна ў Віцебск да Казіміра Малевіча ад 13 сакавіка 1922 года: "...Дарагі сябра (я думаю, што так гэта і ёсць)! Мы пражылі ў Віцебску вельмі прыгожы, вельмі значны і вельмі шматчасавы перыяд. Цяпер я гэта асабліва востра бачу. Тут (у Германіі. - Б.К.) няма ні прасторы, ні часу. Душы ходзяць, здані вельмі бледныя, і рыжына паўсюль..."

Хаця, па вялікім рахунку, Віцебск для Лісіцкага даўно быў "старым знаёмым". У дзяцінстве ён тут вучыўся ў школе Юдаля Пэна, пад крылом якога атрымалі азы мастацтва будучыя свяцілы сусветнага мастацтва: юныя М.Шагал, О.Цадкін, А.Мешчанінаў ды іншыя віцябчане, сокалы "Парыжскай школы". Ды і нарадзіўся Лісіцкі прыкладна за дзвесце кіламетраў ад Віцебска, у мястэчку Пачынак Смаленскай губерні. За 20 кіламетраў ад апошняга размешчаны хутар Загор'е - радзіма Аляксандра Твардоўскага. У паэта ёсць такія радкі: "И еще доволен я, -/ Пусть смешна причина, -/ Что на свете есть моя/ Станция Починок...". Вёска Пачынак, вядомая з пачатку XIX стагоддзя, знаходзіцца на правым беразе ракі Хмар, прытока Дняпра, сярод цудоўных узгоркаў, на ўскраіне Смаленскага ўзвышша. Цяпер - гэта горад, адміністратыўны цэнтр Пачынкаўскага раёна. А ў 1865 годзе паблізу вёскі была пабудавана станцыя на Рыга-Арлоўскай чыгунцы. Пра гэтую станцыю і напісаў Твардоўскі. Вось у гэтым рэгіёне і прайшло дзяцінства Лісіцкага, будучага "канструктара новага супрэматычнага Сусвету".

Пасля кароткага навучання ў Пэна 14-гадовы Лісіцкі паступіў у Аляксандраўскае рэальнае вучылішча Смаленска, якое размяшчалася ў цэнтры горада, насупраць знакамітага парку імя М.І. Глінкі (цяпер - Дом моладзі). Скончыў яго ў 1909-м. А пасля выправіўся ў нямецкі горад Дармштат, дзе паступіў на архітэктурны факультэт Вышэйшай тэхнічнай школы. Тут, у адрозненне ад большасці будучых мастакоў авангарда, пераважна жывапісцаў, Лісіцкі атрымаў адукацыю архітэктара. Дарэчы, у сувязі з тым, што наведванне лекцый было вольным, Лісіцкі змог пабываць і ў Італіі, і ў Францыі, дзе пазнаёміўся з маладымі "парушальнікамі спакою" - мастакамі Манпарнаса і Манмартра. Перад самым пачаткам Першай сусветнай вайны ён паспяхова скончыў дармштацкую школу, але гэтага яму паказалася мала, і ён паехаў у Рыгу, каб прадоўжыць сваю адукацыю на архітэктурным факультэце Політэхнічнага інстытута, што ў 1896 годзе быў пераўтвораны з прыватнага ў дзяржаўны. Менавіта тут, у інстытуце, ён пазнаёміўся са студэнтам Фрыдрыхам Цандэрам - будучым аўтарам першых праектаў касмічных караблёў і ракетных рухавікоў. Магу дапусціць, што Лісіцкі мог ведаць і архітэктара Міхаіла Эйзенштэйна, які ў той час паспяхова праектаваў у Рызе шматпавярховыя дамы, а таксама яго сына - юнага Сяргея, вучня Рыжскага рэальнага вучылішча, будучага вялікага савецкага кінарэжысёра.

Праз год, у 1915-м, у сувязі з ваеннымі падзеямі інстытут быў эвакуіраваны: спачатку - у горад Юр'еў (цяпер - Тарту), потым - у Маскву, дзе Лісіцкі, нарэшце, у 1918 годзе абараніў дыплом інжынера-архітэктара. У аўтабіяграфіі ён пісаў: "...Наша пакаленне нарадзілася ў апошняе дзесяцігоддзе XIX стагоддзя, і мы сталі прызыўнікамі эпохі пачатку чалавечай гісторыі... Мы выхаваны эпохай вынаходніцтва. З 5-ці гадоў слухаю фанограф Эдысона. 8 - першы трамвай. 10 - бачу кіно, потым аўто, дырыжабль, аэраплан, радыё. Пачуцці ўзбройваюцца інструментамі, якія павялічваюцца-памяншаюцца. Перадавая еўрапейская і амерыканская тэхніка клапоціцца пра аснастку нашага пакалення. У 24 гады - дыплом інжынера-архітэктара..." Але да гэтага Лісіцкі ўжо паспеў прыняць удзел у выстаўках "Мастацка-архітэктурнай асацыяцыі" ў Пецярбургу (яшчэ да вайны), "Мира искусств" и "Бубновый валет". А яшчэ вядома, што ён у 1916 г. працаваў у этнаграфічнай экспедыцыі - па выяўленні помнікаў яўрэйскай старажытнасці - па беларускіх берагах Дняпра. Ужо ў гэты перыяд яго можна назваць (па М.Харджыеву) "мастаком сацыяльных эмоцый", бунтаром высокага тэмпераменту, які востра адчувае сучаснасць, што патрабуе, на яго погляд, радыкальнага абнаўлення...

(Працяг будзе.)

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"