Глядзім у адным напрамку

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Урачыстасці з нагоды Дзён культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь адбыліся 23 кастрычніка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У час адкрыцця Дзён былі зачытаны Прывітанні прэзідэнтаў Беларусі і Арменіі.

 /i/content/pi/cult/134/757/Armenija1.jpg
“Узаемавыгаднае супрацоўніцтва нашых краін з кожным годам развіваецца ўсё больш актыўна, расце ўзаемная цікавасць у палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах, мацнее сяброўства народаў Беларусі і Арменіі”, — гаворыцца ў Прывітанні Аляксандра Лукашэнкі. На думку Кіраўніка нашай дзяржавы, правядзенне цяперашніх Дзён культуры з’яўляецца важнай падзеяй у рамках двухбаковых адносін.
Непасрэдны ўдзел кіраўнікоў дзяржаў у арганізацыі такіх мерапрыемстваў, як зазначыў міністр культуры Беларусі Уладзімір Матвейчук, з’яўляецца важкім фактарам у развіцці ўзаемаадносін паміж краінамі. І шматлікія мастацкія выстаўкі, паказ кінафільмаў, канцэрты майстроў мастацтваў пераканаўча сведчаць: сяброўства паміж нашымі народамі будзе мацавацца і ў наступныя гады.
Міністр культуры Арменіі Асмік Пагасян падкрэсліла, што хоць у нашых народаў розныя мовы і характары, аднак нельга не адзначыць падабенства лёсаў дзвюх краін. Яна нагадала пра групу “Ахтанак”: у Вялікую Айчынную вайну гэта група, у складзе якой было каля 200 армян, абараняла Брэсцкую крэпасць, як сваю Радзіму. “Мы разам глядзім у
 /i/content/pi/cult/134/757/Armenija2.jpg
адным напрамку”, — адзначыла кіраўнік армянскай дэлегацыі.
Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў Арменіі. Артысты Ерэванскага дзяржаўнага камернага тэатра падарылі публіцы не толькі свае нацыянальныя кампазіцыі, але і нашу “Алесю”— песню-візітоўку славутага ансамбля “Сябры” пад кіраўніцтвам Анатоля Ярмоленкі.
Асабліва горача мінская публіка рэагавала на вельмі добрую, амаль без акцэнту, беларускую мову армянскіх акцёраў. Пасля на сцэне з’явіўся фальклорны ансамбль “Шогакен”. Народныя інструменты на некаторы час перанеслі слухачоў у горны край, абагрэты ласкавым сонцам. Пад безупынныя апладысменты выступіў вядомы ў Мінску фальклорны калектыў “Эрыбуні” армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан” Рэспублікі Беларусь. Усё другое аддзяленне выступаў Маладзёжны аркестр Ерэванскай дзяржаўнай філармоніі.

Н.П.
На здымках: падчас канцэрта.
Фота Юрыя ІВАНОВА