З Купалам — на “машыне часу”

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Калі ж надрукавана “Песня будаўніцтву”?

/i/content/pi/cult/383/7569/1-1.gifСёння здзівіць знаўцаў творчай спадчыны Янкі Купалы вельмі складана: сярод 40 тысяч разнастайных матэрыялаў, што захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, можна ўбачыць і асабістыя рэчы Песняра, і яго аўтографы. Як аказалася, далёка не ўсе.

Новымі каштоўнымі і, што самае галоўнае, раней невядомымі прадметамі папоўнілася калекцыя музея класіка нашай літаратуры на гэтым тыдні. У прыватнасці, у рамках юбілейных Х Купалаўскіх чытанняў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі нашай краіны Уладзімір Адамушка перадаў музею адразу тры дзясяткі каштоўных дакументаў, арыгіналы якіх захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі і Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. У выніку вялікай пошукавай працы музею перададзены матэрыялы, што не знайшлі адлюстраванне ў адзіным на сёння поўным Зборы твораў Песняра. Пасля шматлікіх архіўных знаходак, відаць, яго варта лічыць набліжаным да поўнага.

У шэрагу сапраўдных рарытэтаў маюцца дакументы, што датуюцца ад 1911 года. Гэта, найперш, лісты Мікалая Янчука, беларускага вучонага-славіста, а таксама айчыннага гісторыка і грамадскага дзеяча Фёдара Турука да расійскага пісьменніка Івана Белавусава - складальніка першага зборніка твораў Янкі Купалы на рускай мове. Па словах Уладзіміра Адамушкі, акрамя прыватных тэм, у лістах разглядаецца выданне кніг на беларускай мове. Што немалаважна, ёсць у гэтых лістах і старонкі з імем Янкі Купалы. У прыватнасці, адлюстравана падрыхтоўка да друку кнігі нашага Песняра. Знойдзена і пісьмо Купалы да Янчука. Сярод дакументаў маюцца і тры вершы Мікалая Янчука на палескай гаворцы, у тым ліку прысвечаныя класіку. Сярод копій дакументаў прысутнічаюць і тры невядомыя дарчыя надпісы Янкі Купалы Міхаілу Ісакоўскаму, адзін з якіх датуецца 7 красавіка 1941 года.

Вялікую цікавасць для гісторыкаў уяўляюць і афіцыйныя дакументы - той жа пратакол агульнага сходу пярвічнай арганізацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР ад 14 жніўня 1938 года, дзе шэраг пытанняў прысвечаны дзейнасці Янкі Купалы. Да ўсяго, з папер можна даведацца, што да некаторых пісьменнікаў (сярод іх былі і Янка Купала з Якубам Коласам) прымацоўваліся для нагляду супрацоўнікі НКУС.

Аднак не толькі копіямі папаўняюцца фонды Літаратурнага музея паэта. Зусім нядаўна, даволі нечакана, у дом Песняра трапілі невядомыя раней яго арыгінальныя аўтографы. Усе яны - дарчыя надпісы на фотаздымку і кнігах, якія Янка Купала падарыў рускаму пісьменніку Аляксею Новікаву-Прыбою ў 1935-м. Пры іх даследаванні выявіўся цікавы факт: на кнізе "Песня будаўніцтву" пазначана дата выдання - 1936 год, і гэта прытым, што, як адзначалася вышэй, выданне было падорана 11 снежня 1935-га. Вось такая "машына часу"!

Як жа рарытэты трапілі ў музей? Па словах дырэктара ўстановы Алены Ляшковіч, у студзені бягучага года Літаратурны музей наведала дачка Новікава-Прыбоя і была прыемна ўражана экспазіцыяй. Акрамя таго, адбылася яе сустрэча з супрацоўнікамі музея, якія звярнуліся з просьбай адшукаць у сямейных архівах матэрыялы, звязаныя з нашым класікам. І вось літаральна праз тры месяцы ў музей прыйшла бандэроль з названымі вышэй цікавымі дакументамі. Разам з імі - прадметы, звязаныя з яшчэ адным нашым класікам - Якубам Коласам: кніга і фотаздымак, падпісаныя, ізноў-такі, Новікаву-Прыбою.

Нельга не адзначыць і самі Купалаўскія чытанні, бо акрамя цікавых экспанатаў музей атрымаў ад айчынных ды замежных літаратуразнаўцаў новыя даследаванні, якія раскрываюць не толькі таямніцы спадчыны нашага Песняра, але і ўплыў ягонай творчасці на беларускіх паэтаў і празаікаў. Да прыкладу, разглядалася тэма асобы Янкі Купалы ва ўспрыманні яго наступнікаў у літаратуры. Асаблівая ўвага была нададзена пытанню развіцця філіяла музея ў Вязынцы.

На здымку: фотакартка і кніга з аўтографамі Янкі Купалы, перададзеныя ў музей класіка дачкой пісьменніка Аляксея Новікава-Прыбоя.

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"