Пра планы на прэс-канферэнцыі распавяла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка.
- Плануецца, што ўжо ўвосень па маршруце № 1 будзе курсіраваць незвычайны аўтобус: яго пасажыры здолеюць не толькі дабрацца з пункта А ў пункт Б, але і паслухаць цікавую аўдыяэкскурсію пра тыя мясціны, якія бачаць за акном. Балазе маршрут гэтаму пасуе: ён пачынаецца на вакзале, прамінае Чырвоны касцёл ды абодва кафедральныя храмы разам з плошчай Свабоды, ідзе паўз Мінскае замчышча і завяршаецца ля аднаго з сімвалаў сучаснага горада - "Мінск-Арэны". Адным словам, гатовая экскурсія! Пры гэтым паслуга абсалютна бясплатная - турыстам будзе дастаткова толькі пракампасціраваць звычайны талончык.
Аўтобус займее эксклюзіўны дызайн: яго салон упрыгожаць выявы тых адметнасцей, праз якія праходзіць маршрут, а ў перспектыве, магчыма, і экраны. Плануецца, што ўжо ў бліжэйшае паўгоддзе праехацца гэтым маршрутам здолеюць і англамоўныя замежнікі, - для іх створаць адмысловую версію аўдыяэкскурсіі. Дарэчы, тое тычыцца і інфармацыйнага забеспячэння на мінскіх вуліцах: у цэнтры горада яно пачало атрымліваць англійскую версію.
Афіцыйны турдапаможнік, які з'явіўся ў красавіку, неўзабаве займее і электронны варыянт, што зробіць яго яшчэ больш даступным для самага шырокага кола турыстаў. Дзякуючы яму спланаваць свой побыт у Мінску госці здолеюць не выходзячы з дома, задоўга да запланаванага візіту.
Лішне нават казаць, што ўсе гэтыя захады асабліва актуальныя напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі-2012, які дакладна можа прэтэндаваць на ролю галоўнага турівэнту ва ўсёй гісторыі Мінска.