На падмостках замка

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

30 чэрвеня — 1 ліпеня ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” адбудзецца першы арт-фэст “Тэатр Уршулі Радзівіл”.

 

У тэатральнай зале замка і на замкавым двары разгорнуцца хвалюючыя драмы, камедыі і трагедыі, звязаныя з гісторыяй Беларусі ды яе тэатральнай спадчынай. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў сценах Радзівілаўскага замка прадставіць публіцы спектакль "Леаніды не вернуцца на зямлю" па аднайменным творы Уладзіміра Караткевіча, Мінскі абласны драматычны тэатр у сваёй пастаноўцы распавядзе пра жыццё знакамітага кампазітара і гістарычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, з дзівацтвамі Пане Каханку пазнаёміць гледача ў аднайменным спектаклі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Самая заканамерная прэм'ера наступная: у родныя сцены вернуцца п'есы Францішкі Уршулі Радзівіл, сабраныя ў адной пастаноўцы "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Нагадаем, што дачка кракаўскага кашталяна Януша Антонія Карыбута Вішнявецкага і Тэафаліі з Ляшчынскіх - княгіня Францішка Уршуля Радзівіл, празваная ў будучым нясвіжскай Сапфо, сталася родапачынальніцай прафесійнага тэатра ў Беларусі. Тэатр Уршулі Радзівіл не толькі даваў магчымасць прадэманстраваць гаспадарам веліч і багацце свайго двара, пазабаўляць ды здзівіць заможных гасцей, але і спрычыніць да культурнага жыцця месцічаў тагачаснага Нясвіжа.

Д.А.