А спонсара трэба шукаць…

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Авіяперспектывы Дома культуры ў Болбасаве

 

/i/content/pi/cult/383/7565/1-5.jpegАршаншчына: інвестпраекты

Галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу Аршанскай ГЦБС Наталля Янкоўская паведаміла “К”, што пачатак лета для мясцовых аматараў кнігі супаў з доўгачаканай падзеяй: пасля рэканструкцыі адкрылася адна са старэйшых бібліятэчных устаноў рэспублікі — Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна. У маштабах краіны — шараговы статыстычны факт, у маштабах горада — падзея. Тым больш, што ўсе будаўнічыя работы на аб’екце былі выкананы за кошт мясцовага, гарадскога, бюджэту. З’ява такой эканамічнай самадастатковасці, пагадзіцеся, яшчэ не вельмі распаўсюджаная. Яна і стала нагодай для размовы з начальнікам аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ганнай СВЯТЛОВАЙ.

 

- Ганна Аляксандраўна, хто дапамагаў з рэканструкцыяй?

- Аднаўленнем бібліятэчнага будынка займалася прыватная будаўнічая арганізацыя. Яе галоўны інжынер Мікалай Благадырэнка стаў адным з ганаровых гасцей урачыстай цырымоніі... Але асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць старшыні гарвыканкама Мікалаю Лісоўскаму і старшыні гарадскога Савета дэпутатаў Людміле Дабрынінай, бо рэканструкцыю ладзілі, сапраўды, за грошы з гарадскога бюджэту... У Оршы - 12 бібліятэк, але ЦГБ - вядучая ўстанова са сваёй даўняй гісторыяй. І мы за час рамонтных работ здолелі не згубіць наведвальнікаў (штогод тут абслугоўваецца звыш дзевяці тысяч чытачоў), бо ўстанова дзейнічала на базе бібліятэкі імя Якуба Коласа.

- Што змянілася ў ЦГБ пасля рэканструкцыі?

- Змены - сур'ёзныя. Мы займелі магчымасць стварыць асобную залу для Цэнтра прававой інфармацыі. З'явілася і Чытальная зала імя Янкі Сіпакова: вядомы пісьменнік яшчэ пры жыцці перадаў нам сваю ўнікальную бібліятэку, якую мы і вылучылі ў асобную структуру нашай цэнтральнай установы.

- Аршанскія бібліятэкі, наколькі ведаю, заўжды славіліся сталым сацыяльным партнёрствам...

- Гэта так. Вось самыя апошнія прыклады. Старшыня Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка падарыла нам сто кніг з асабістай бібліятэкі. Пераезду ЦГБ і падрыхтоўцы яе да адкрыцця ўсяляк спрыялі дырэктары ПТВ № 122 і № 110 Васіль Галавач і Фёдар Бычынскі, начальнік аршанскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Сяргей Драздоў.

- А спонсары, сапраўды дзейсныя і распарадчыя, ёсць?

- Сярод іх можна назваць дырэктара аршанскага мантажнага ўпраўлення трэста "Белсантэхмантаж" Аляксандра Жвікава, які пастаянна падтрымлівае бібліятэчныя мерапрыемствы... Натуральна, са спонсарамі трэба працаваць пастаянна і мэтанакіравана. Не скажу, што раней мы гэтым займаліся досыць актыўна. Між тым, сённяшні час літаральна падштурхоўвае да гэтага... Пэўны час Дом культуры ў пасёлку Балбасава знаходзіўся ў аварыйным стане. А гэта - колішні вайсковы гарадок, дзе даўно прызвычаіліся да высокага ўзроўню культурнага абслугоўвання. Сітуацыю трэба было тэрмінова выпраўляць. І мы звярнуліся па дапамогу да кіраўніцтва авіярэмзавода. І знайшлі паразуменне: завод выдаткаваў 20 мільярдаў рублёў. Правялі экспертызу, зрабілі не толькі праектна-каштарысную дакументацыю - прыступілі да работ, якія плануем завяршыць у наступным годзе...

На здымку: начальнік аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ганна Святлова.

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"