Некалькі прычын для дыскваліфікацыі

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Рэгіёны: майстар-клас КРЭАТЫВУ

Патэлефанаваў у адзін аддзел культуры. "Што ў вас цікавага? Пахваліцеся!" - "А нічога! Няхай іншыя хваляцца..." Патэлефанаваў у другі аддзел - пачуў прыблізна такі ж адказ. Маўляў, лета, спёка, не думаецца, а таму і не робіцца. Крызіс жанру, словам... Усё больш пераконваюся, што наяўнасць крэатыву ў рэгіёнах абавязкова трэба стымуляваць матэрыяльна, а яго адсутнасць - караць, і таксама матэрыяльна. Інакш прэстыж работніка культуры звядзецца да нуля. Бо спецыяліст, які не дбае аб прафесійным гонары, нічога апрача дыскваліфікацыі не заслугоўвае. І агульную справу ганьбіць не толькі клубны дах, што працякае ў час дажджу, але і "анемія" перспектыўнага мыслення. Інакш кажучы, самай хваравітай на сёння падаецца кадравая праблема ў сферы культуры. Скажам, учарашняя даярка ў якасці сённяшняй бібліятэкаркі проста няздатная паразважаць аб неадкладнасці рэформы ЦБС. Між тым, руціна - сінонім балота. Адсюль, відаць, - і "жанравы" крызіс...

Касцюковіччына: вось хто на вёсцы гаспадар

Начальнік аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай Тыманюк з "анеміяй" творчага мыслення змагаецца рашуча, бо культуру лічыць субстанцыяй маральна-разумовай. Ці не таму аддзел пастаянна фантануе прапановамі ды ідэямі? А яго начальнік мае сталы статус "парушальніка спакою". Як падаецца, без такога статуса кіраўнік у культуры - і не кіраўнік...

Дык вось, адна з ідэй нарадзілася ў выніку сацыяльнага партнёрства з аддзелам па справах моладзі райвыканкама і райсаветам народных дэпутатаў. І вось ужо другі год ідэя раённага конкурсу "Уладар сяла" з поспехам рэалізоўваецца па сельсаветах Касцюковіччыны.

Як распавядае дырэктар раённага Цэнтра культуры Ігар Гіркін, конкурс, што фінансуецца з мясцовага бюджэту, скіраваны на падтрымку маладых вясковых сем'яў. Намінацыі - немудрагелістыя: "Падаіць карову", "Забіць цвік", "Накалоць дроў"... Але канцэртна-анімацыйнае аздабленне, якое з нязменнай выдумкай стварае аддзел культуры, надае мерапрыемству ўласцівасці яркай і феерычнай дзеі... Сёлетні конкурс прайшоў 15 чэрвеня ў Беладуброўскім сельсавеце. Яго масавасці не пашкодзіла нават залева...

Маларытчына: пяць хвілін - для СМІ

Былыя даяркі ў бібліятэках раёна не працуюць. Дырэктар Маларыцкай ЦБС Надзея Курдзюкова катэгарычна супраць такога вырашэння кадравай праблемы. Практыкаў (без спецыяльнай адукацыі) - усяго некалькі, і тыя - паўставачнікі. А ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу ЦБС - тры спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Загадчык аддзела Галіна Кучына кантактавала са мной у рамках праекта ўзаемадзеяння са СМІ "Пяць хвілін з бібліятэкай". За гэтыя пяць хвілін яна паведаміла пра яшчэ адну доўгатэрміновую шматэтапную акцыю бібліятэчна-краязнаўчых даследаванняў. Адзін з этапаў праекта - стварэнне дыскаў "Віртуальная Маларыччына".

Пачынаючы з лютага створана ўжо чатыры такія дыскі, прысвечаныя гісторыі і культуры вёсак, якія пераўтвораны ў аграгарадкі. Яшчэ два дыскі знаходзяцца, як кажуць, у працы. Да прыкладу, адзін з іх прысвечаны вёсцы Пажэжын, вядомай аж з XVI стагоддзя. Рэалізацыя задуманага таксама стала вынікам дзейснага сацыяльнага партнёрства, гэтым разам - з настаўнікамі гісторыі агульнаадукацыйных школ і вучнямі, неабыякавымі да краязнаўства. А вось фінансавання з райбюджэту праект не мае. Трымаецца ўсё, як кажа Галіна Кучына, на невынішчальным энтузіязме. Дыскі, паперу і фарбы для паліграфічных выданняў, што дубліруюць віртуальныя, набываць даводзіцца з пазабюджэтных сродкаў. Дыскі, як сцвярджае Галіна Кучына, прадаюцца чытачам на "ўра"...

Дадзены праект у рэспубліканскім маштабе - далёка не эксклюзіўны. Веласіпеда ў мясцовай ЦБС не вынаходзілі. Мо дарэмна? Каб не пастаянныя пошукі "інжынераў" ад культуры, дык "веласіпед" той так і застаўся б архаічна-драўляным.

Карэліччына: вуліца энергіі

Начальнік аддзела культуры Карэліцкага райвыканкама Іна Лазар не паспявае аддыхвацца, але дадзеным фактам вельмі задаволена: Мірскі замак, Карэлічы - у эпіцэнтры няспынных і цікавых падзей. Толькі што адшыкаваў трохдзённы музычны праект АНТ "Вечары ў Мірскім замку". З 28 чэрвеня па 2 ліпеня ля замкавых муроў мяркуецца правесці ІІ Міжнародны фэст сярэднявечнай культуры "Жывая гісторыя".

А ў гэтую суботу надзвычайнай святочнай энергіяй напоўняцца вуліцы і Карэлічаў: тут пройдзе другі раённы фестываль маладзёжнай альтэрнатыўнай культуры. Аддзелаўскія юнакі і дзяўчаты прыдумалі яго летась у выніку спантанна-планавага "мазгавога штурму" і з поспехам рэалізавалі пад назвай "Энергія вуліц". Фінансуюць мерапрыемства "на паях" аддзелы культуры, моладзі Карэліцкага райвыканкама. Мясцовыя вуліцы гэтымі днямі напоўняць нетаймоўнай творчай энергіяй графітчыкі, брэйкдансары, рокеры, хіп-хоперы...

І выснова тут, як падаецца, адзіная: руціна і "мазгавы штурм" - рэчы несумяшчальныя, а на застаялым балоце лілеі не растуць... Карацей кажучы, "К" не губляе спадзеву і надалей адшукваць упартых, нястомных і "энергаёмістых", заўжды гатовых пацвердзіць прафпрыдатнасць.

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"