Бондарства па гасразліку?

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

На пытанні чытачоў і журналістаў “К” адказвае начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім ШЧЭРБІЧ

/i/content/pi/cult/383/7559/1-1.jpeg"Культура-інфа": "гарачая лінія"

У аўторак, 19 чэрвеня, у Інфацэнтры "Культура-інфа" з 14-й па 16-ю гадзіну працавала "гарачая лінія". Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім Шчэрбіч адказваў на пытанні нашых чытачоў, што тычацца развіцця клубных, музейных і бібліятэчных устаноў, дамоў рамёстваў. Паміж тэлефанаванняў журналісты "К" задалі госцю рэдакцыі пытанні, змест многіх з якіх, падаецца, наўпрост звязаны з фарміраваннем асобных аспектаў канцэпцыі праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь "Аб культуры".

Васіль ЛІЦВІНОВІЧ, Мінск:

- Часта езджу па раёнах. І пад час гэтых паездак зацікавіўся распарадкам працы музеяў і клубаў, бо іншым разам невядома, з якой прычыны яны зачынены, у тым ліку і па выхадных днях. Сітуацыю, на мой погляд, павінна выратаваць дзяржаўная сістэма сайтаў гэтых устаноў, дзе, апрача іншай інфармацыі, быў бы пазначаны і дакладны распарадак іх працы. Што вы думаеце на гэты конт?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Такой сістэмы не існуе. Але на сайтах гар-, рай- і аблвыканкамаў вы можаце даведацца пра графік дзейнасці кожнай рэгіянальнай установы. Дарэчы, сайты такія ёсць і ў пэўных упраўленнях ды аддзелах культуры.

Васіль ЛІЦВІНОВІЧ:

- Ведаю, што асобныя музеі маюць усё ж уласныя сайты. А наколькі складана іх зрабіць, скажам, для дамоў рамёстваў? Мо варта гэтую інфармацыю змясціць на сайце Міністэрства культуры?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Не думаю, што ёсць сэнс выкарыстоўваць для гэтага міністэрскі сайт. Такая цэнтралізацыя на сёння - справа, на мой погляд, проста нерэальная. Аднак прапанова - цікавая. Міністэрства можа разгледзець яе і даць адпаведнае даручэнне падведамасным арганізацыям. Дарэчы, цяпер прапрацоўваецца праграма па стварэнні электроннай беларускай бібліятэкі, рэсурс якой мог бы выкарыстоўвацца для цэнтралізацыі, у тым ліку і названай, інфармацыі... Словам, мы ўсебакова абмяркуем гэтае пытанне.

Яўген РАГІН:

- Наша, рэдакцыйнае, пытанне, Вадзім Міхайлавіч, датычыцца фестывальнага руху, дакладней - ягонага піяру. Тут вось якая закавыка: на адным тыдні ў летні час адбываецца да чатырох фэстаў. А ў нас на гэта проста журналістаў не хапае, ды і выдаткі - немалыя... Між тым, усе раёны прагнуць усебаковага і максімальна поўнага асвятлення мерапрыемстваў...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Праблема - ёсць. Але, паводле фестывальнага Палажэння, кампенсацыя камандзіровачных выдаткаў для беларускіх журналістаў не прадугледжана. Прымаючы бок у такім выпадку альбо спонсараў шукае, каб аплаціць гэты артыкул расходу, альбо іншыя шляхі знаходзіць. І Міністэрства, і наша ўпраўленне, у прыватнасці, у гэтым зацікаўлены. Так што будзем імкнуцца, каб схема ўзаемаадносін раёнаў ды СМІ была празрыстай і ўзаемавыгаднай.

Яўген РАГІН:

- Тут, напэўна, варта і тое ўлічваць, што адзін фестываль варты развароту, а другі - пашыранай інфармацыі, і не заўжды станоўчай: з той простай прычыны, што стандартны ён, нецікавы ўжо і развіццё сваё недаравальна спыніў...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Пагаджуся. Калі будзе вярстацца фестывальны план на 2013 год, давайце сумесна з начальнікамі аддзелаў культуры вызначым схему ўзаемадзеяння са СМІ... У Міністэрства назапасілася шмат пытанняў да фестывальных арганізатараў. Думаецца, пэўныя карэкціроўкі (па форме і змесце мерапрыемстваў) тут - непазбежныя.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А ці нельга зрабіць так, каб фестывалі ладзіліся, калі так можна сказаць, раўнамерна цягам года?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Калі пачаў кіраваць упраўленнем, таксама імкнуўся да гэткага ж раўнамернага ўпарадкавання. Але вельмі хутка высветлілася: у адным раёне фэст стала прымяркоўваецца да Дня горада, а ў другім - скажам, да інвестфоруму. Адсюль - і "кучкаванне".

Святлана ЖАМОЙЦІНА, дырэктар Зэльвенскай ЦБС:

- У рамках эксперыменту мы праводзім інтэграванне сельскіх бібліятэк пад ведамаснасць сістэмы адукацыі. Так, у 2007 годзе ў нас адбылося скарачэнне бібліятэк: з 30 засталося 19. Гэта той мінімум, без якога немагчыма ўявіць нармальную дзейнасць ЦБС. Калі ж наша сетка скароціцца яшчэ на 5 бібліятэк, дык якім будзе статус сістэмы? Ці яна ўвогуле распадзецца? Справа ў тым, што тыпавыя штаты, якія рэгулююць і аплату працы, і дзейнасць аддзелаў ЦРБ, маюць на ўвазе функцыянаванне цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Дык якім застанецца статус ЦБС, калі бібліятэк застанецца менш за 15? Як будзе наладжана аплата працы? І з якім штатным складам застануцца аддзелы камплектавання ды бібліятэчнага маркетынгу?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- На ўсе вашы пытанні я не адкажу з той прычыны, што эксперымент па аб'яднанні школьных і публічных бібліятэк на сяле яшчэ не завершаны... Калі па вашым раёне будзе скарочана яшчэ 5 устаноў, мы, натуральна, зробім усё для таго, каб статус ЦБС захаваўся...

Святлана ЖАМОЙЦІНА:

- Пытанне па інтэграванні пастаўлена досыць сур'ёзна: у тым населеным пункце, дзе ёсць школа і бібліятэка, аб'яднанне ўстаноў з цягам часу - непазбежнае...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Але ж гэта не азначае, што менавіта публічная сельская бібліятэка знікне, а школьная - застанецца. Функцыі публічнай установы, безумоўна, - шырэйшыя. І кантынгент наведвальнікаў - непараўнальна большы. Ці здолее школьная бібліятэка кампенсаваць адсутнасць публічнай?

Святлана ЖАМОЙЦІНА:

- Аддзел адукацыі імкнецца, каб пасля інтэгравання супрацоўнікі ўстаноў працавалі збольшага на 0,5 стаўкі. І не варта, напэўна, забывацца на тое, што ў школе - прапускны рэжым: уваход пабочных людзей - абмежаваны.

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Пра тое і гаворка... Таму надзвычай важна, каб цягам эксперыменту вы аргументавана давялі неабходнасць ды сацыяльную значнасць захавання менавіта публічных сельскіх бібліятэк як цэнтраў маштабнай і разнапланавай работы з чытачамі, у тым ліку і ў рамках бібліятэчных аматарскіх аб'яднанняў, дзейнасць якіх сярод вяскоўцаў вельмі запатрабавана... Так што адстойвайце свае інтарэсы, але рабіце гэта матывавана. А напрыканцы ліпеня адбудзецца сумеснае пасяджэнне, пад час якога прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі падсумуюць канкрэтныя прапановы з месцаў і па выніках эксперыменту прапануюць канкрэтныя і, самае галоўнае, аптымальныя рэкамендацыі...

Яўген РАГІН:

- Прадоўжым гаворку пра аптымізацыю - не толькі бібліятэк, але і клубных устаноў. Многія нашы чытачы пытаюцца, чаму ў іншых абласцях, у адрозненне ад Магілёўскай, так і не створаны цэнтралізаваныя клубныя сістэмы?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Праблемы тут існуюць. Звязаны яны, да прыкладу, са стварэннем цэнтралізаванай бухгалтэрыі і цэнтралізаванай гаспадарчай групы. Так, кожная юрыдычная асоба павінна мець свой штат. Але ў рыначных умовах - гэта велізарныя фінансавыя выдаткі. Таму аптымізацыя - справа больш чым надзённая. І ў іншых абласцях варта, на мой погляд, адшукваць для гэтага сваю нішу ў прававым полі...

Сямён, Гомель:

- У раённых музеях вобласці няма, як падаецца, навізны, сучаснасці: усе яны, на мой погляд, па-савецку аднатыпныя. Ці зменіцца сітуацыя?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Так, музейныя экспазіцыі не заўжды абнаўляюцца ў адпаведнасці з найноўшымі тэхналогіямі. Мадэрнізацыя музейнай справы, натуральна, адбудзецца. На сёння мы кіруемся тут Дзяржпраграмай "Культура Беларусі", дзе прадугледжана для гэтага канкрэтнае фінансаванне. Безумоўна, не ўсё атрымаецца адразу. Лічу, у перспектыве нам патрэбна канкрэтная праграма па якасным абнаўленні рэгіянальных музейных устаноў. Патрэба гэтая выклікана, у тым ліку, і актыўным развіццём турыстычнага руху на Беларусі. Інакш кажучы, сённяшняга спажыўца музейнай архаікай ужо не прывабіш. І неаспрэчна тое, што пэўную колькасць музеяў трэба абнаўляць.

Супрацоўніца Глускага раённага дома культуры:

- У нашым аграгарадку "Заелле" працуе Дом рамёстваў, тамтэйшы майстар вучыць дзяцей бондарству. А попыт на бочкі - вялікі. Ці можна на базе Дома рамёстваў арганізаваць гасразліковую групу па вытворчасці і рэалізацыі бочак?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- У вашым пытанні - палова адказу. Ці не так? Вось майстар вучыць дзяцей - гэта яго найпершы абавязак. Калі ж вы жадаеце стварыць асобную камерцыйную арганізацыю, дык гэта зусім іншыя і сфера дзейнасці, і падаткаабкладанне. У працэсе навучання дзяцей вы, неаспрэчна, бочкі можаце вырабляць. А рэалізоўваць іх варта праз Дом рамёстваў.

Супрацоўніца Глускага РДК:

- Якім чынам?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Ваш аддзел культуры - юрыдычная асоба. Бухгалтэрыя павінна разлічыць сабекошт выдаткаў на выраб бочкі, вызначыць цану. Рэалізоўваць тавар можна праз касавы апарат ці па дамове з юрыдычнай асобай. Але гэта будзе не гасразлік, а камерцыя на падставе вытворчага працэсу. Асноўная ж задача Дома рамёстваў, паўтаруся, - развіццё гуртковай дзейнасці.

Супрацоўніца Глускага РДК:

- А як у такім выпадку можна матэрыяльна заахвоціць настаўніка-бондара?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Калі выручка ад рэалізацыі тавару трапіць на пазабюджэтны рахунак, пэўны працэнт яе можна выкарыстаць на матэрыяльнае заахвочванне.

Супрацоўніца Глускага РДК:

- І яшчэ пытанне. Гэтым разам - па клубных фарміраваннях: як быць з імі пры скасаванні сельскага клуба?

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Прымацоўваць да тых устаноў, якія знаходзяцца ў суседніх вёсках. Людзі не павінны губляць тое, да чаго прызвычайваліся гадамі.

Яўген РАГІН:

- А мяне вось пытанне з бочкамі зачапіла. Разумею, што не маюць права ўстановы культуры камерцыяй займацца. Але да гэтага іх жыццё сённяшняе змушае. І калі турыстаў на Беларусі ўсё более, дык і бочкі на ўра пойдуць. А пры "заможным" пазабюджэце ў перспектыве і новыя адзінкі ў штатны расклад можна ўвесці, і заробак культработніка - павысіць...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Але ж вельмі не хацелася б атаясамліваць культуру і камерцыю...

Дырэктар Глускай бібліятэчнай сеткі:

- У мяне прапанова па Цэнтры прававой інфармацыі. Паколькі мы павінны эканоміць грошы, дык навошта бібліятэкі з кожнага аграгарадка плацяць за абнаўленне праграмы "Эталон"? Мы ж толькі па трох установах выплачваем штомесяц 180 тысяч рублёў! Мо гэтыя грошы выкарыстаць для падключэння хуткаснага Інтэрнэта. Там і знойдзем прававы сайт...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Ну ці можна давяраць тут Інтэрнэту? У выпадку недакладнай прававой інфармацыі чытачы будуць абвінавачваць не яго, а вас... З вашага боку патрэбна сур'ёзнае абрунтаванне таго, ці карыстаецца чытацкім попытам праграма "Эталон". Калі гэты попыт ёсць, якія могуць быць пытанні? Калі ж яго няма - справа іншая...

Святлана ЧОБАТ, начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама:

- Пытанне па штатным раскладзе: у сённяшнім няма інспектара па кадрах, юрысконсульта, цеплатэхніка...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Я рэкамендаваў бы на месцах прааналізаваць сённяшні штатны расклад, каб высветліць, якія адзінкі вам патрэбны, а без якіх можна абысціся. Натуральна, трэба пераканаць вашых фінансістаў у мэтазгоднасці такога пераразмеркавання раскладу..

Святлана ЧОБАТ:

- Усе нашы метадысты - з вышэйшай адукацыяй, а атрымліваюць малы заробак...

Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Я разумею, усё, што вы зарабляеце, ідзе на аплату камуналкі, на матэрыяльнае заахвочванне амаль нічога не застаецца? Міністэрства ведае гэтую праблему і робіць усё для таго, каб сітуацыя змянілася карэнным чынам і камуналка не з'ядала вашы асноўныя грашовыя сродкі. Будзем спадзявацца, і з павышэннем заробкаў сітуацыя вырашыцца...

Святлана ЧОБАТ:

- І апошняе. У нас ёсць перспектыўны пасёлак Бабінічы, дзе пражывае 4,5 тысячы чалавек, будуецца жыллё, ёсць прадпрыемствы, а Дома культуры - няма. Ды ў абласную інвестпраграму нас пакуль не ўключаюць. Ці можа тут дапамагчы Міністэрства культуры? Патрэбна 8 мільярдаў рублёў...

- Вадзім ШЧЭРБІЧ:

- Сума не малая. На жаль, Міністэрства не можа наўпрост фінансаваць будаўнічыя работы. Тое, што заяўкі на ўключэнне ў абласную інвестпраграму трэба ўносіць кожны год,  - неаспрэчна...

Ад рэдакцыі. Паважаныя ўдзельнікі "гарачай лініі", даруйце, але не ўсе вашы пытанні (у тым ліку і тыя, што прыйшлі па электроннай пошце) апублікаваны ў дадзеным артыкуле. Справа ў тым, што многія з іх выйшлі, так бы мовіць, за рамкі анансаванай тэматыкі. Між тым, мы будзем неаднаразова звяртацца да ўзнятай пад час "гарачай лініі" праблематыкі. Маюцца на ўвазе пытанні штатнага раскладу і правядзенне разавых начных дыскатэк, а таксама - шчыльнага ўзаемадзеяння з абласнымі ды раённымі ўладамі, максімальнага выкарыстання далёка не малых магчымасцей мясцовага самакіравання... Пад час "гарачай лініі" было ўзнята і пытанне аплаты працы канцэртмайстраў, што працуюць у ДШМ. І гэта - таксама тэма для асобнай аналітычнай публікацыі. Рэдакцыя "Культуры" выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам "гарачай лініі" за неабыякавасць і прафесіяналізм.