Неверагодны дзядуля Радзівіла

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Загадкавыя моманты нашага “Фаўста” ў новым фільме

/i/content/pi/cult/383/7558/2-2.jpeg23 чэрвеня адноўленыя муры старажытнага Нясвіжскага палаца зноў пачуюць гукі оперы Антонія Генрыка Радзівіла "Фаўст". Гэтым разам апрача выканання оперы жыхары ды госці Нясвіжа змогуць стаць яшчэ і сведкамі прэм'еры новай стужкі РУП "Беларускі відэацэнтр", якая апавядае пра неверагодную гісторыю стварэння адных з самых загадкавых шэдэўраў у гісторыі еўрапейскай музыкі 1-й паловы ХІХ стагоддзя.

Працяглы час імя кампазітара Антонія Генрыка Радзівіла знаходзілася ў забыцці. Прынамсі, для гісторыі музычнага мастацтва такая з'ява зусім не ўнікальная: дастаткова ўзгадаць лёс спадчыны Іагана Себасцьяна Баха і Генры Пёрсела. Напісаная яшчэ пры жыцці і актыўным удзеле сябра кампазітара - Іагана Вольфганга Гётэ, які стаў аўтарам лібрэта, опера "Фаўст" пэўны час была вельмі папулярнай на еўрапейскіх падмостках, але потым саступіла першынство творам Шарля Гуно і Гектара Берліёза. Аўтар сцэнарыя Алена Антанішына і рэжысёр стужкі "Фаўст Радзівіла" Настасся Мірашнічэнка вырашылі звязаць у адно гісторыю стварэння оперы "Фаўст" і яе колішнюю мінскую пастаноўку 1990-х.

Аднак падзеі 26-хвіліннай стужкі пачынаюцца задоўга да знаёмства Антонія Радзівіла з Гётэ. Стваральнікі "Фаўста Радзівіла" пачынаюць свой аповед з таямнічай гісторыі дзеда кампазітара - Марціна, які і сам, на дзіва, быў вельмі падобны да галоўнага героя рамана вялікага нямецкага пісьменніка: пабудаваў сабе лабараторыю, дзе праводзіў хімічныя і медыцынскія вопыты, шукаў "філасофскі камень". З дапамогай шырока распаўсюджанага ў сучаснай дакументалістыцы прыёму ігравой рэканструкцыі аўтары стужкі ёміста і вобразна ілюструюць словы экспертаў, якія расказваюць пра стасункі Марціна з астатнімі прадстаўнікамі слаўнага магнацкага роду, пра маладога Антонія Генрыка, натхнёнага не толькі раманам свайго сябра Гётэ, але і памяццю пра неверагоднага дзядулю.../i/content/pi/cult/383/7558/2-3.jpeg

Трэба адзначыць, што да здымак рэканструкцыі сцэн з жыцця Радзівілаў творчая група карціны падышла з усёй адказнасцю: у кадры задзейнічаны артысты ў адпаведных строях. Глядзець відэашэраг рэканструкцыі ў "Фаўсце Радзівіла" захапляльна і цікава; асабліва ўражвае эпізод штурму пакояў "чараўніка" Марціна па загадзе сямейнага савета магнацкага роду. Тыя кадры сведчаць не толькі пра майстэрства рэжысёра, але і пра ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў "Белвідэацэнтра", якія здолелі вельмі якасна стварыць паўнавартасныя ігравыя эпізоды ў дакументальнай карціне.

Далей кінааповед паступова перацякае ў 1996 год - дні, калі опера "Фаўст" ставілася на сцэне Вялікага тэатра ў Мінску. З дапамогай удзельнікаў пастаноўкі, знятай гісторыкам музыкі, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Віктарам Скарабагатавым з паліц нотнага сховішча партытуры амаль забытай оперы, глядач даведваецца пра неверагодныя падрабязнасці прэм'еры: пажары і звышнатуральны дождж проста... на сцэне нашага Вялікага тэатра. Гэтую частку фільма Настасся Мірашнічэнка вырашыла з дапамогай кліпавага падыходу да мантажу і адпаведнай працы з відэашэрагам, які выклікае адмысловую рэакцыю: глядач раптам адчувае неверагодную атмасферу пастаноўкі старой оперы ў сучасным тэатры, і гэты момант з'яўляецца самым удалым ва ўсім фільме. Адна з самых цікавых старонак гісторыі нацыянальнага музычнага мастацтва разгортваецца перад нашым сучаснікам не толькі ў інфармацыйным, але і ў эмацыйным аспекце.

Прынамсі, месца для прэм'еры самой стужкі "Белвідэацэнтра" абрана вельмі ўдала: старыя муры Нясвіжа павінны надаць прагляду дадатковы сэнс і насыціць відэашэраг сваёй асаблівай энергетыкай. Спадзяёмся, што кіраўніцтва Нясвіжскага музея-запаведніка не абміне ўвагай "Фаўста Радзівіла": уключэнне стужак у экранную экспазіцыю стала цяпер распаўсюджанай практыкай у вядучых музейных установах свету...

На здымках: кадры са здымачнай пляцоўкі.