Вясёлка Грамыкі, парасон Быкава...

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Як сябравалі салдаты Вялікай Айчыннай — мастак і пісьменнік

/i/content/pi/cult/383/7556/1-7.jpegВіктар Грамыка, падпісваючы мне сваю кнігу “Вясёлка над дарогай”, запытаўся: “Які сёння дзень?” “Дваццаць першага чэрвеня”, — адказаў я, і мы абодва схамянуліся. Заўтра — 71 год з дня пачатку вайны... І не было ў нашых словах ды пачуццях аніякага пафасу. Толькі — яснае ўсведамленне таго, што Вялікая Айчынная жыве ў кожным, па-рознаму, але жыве. І няпраўда, што вайна заканчваецца тады, калі памірае яе апошні салдат. У салдат ёсць дзеці, а ў тых — унукі. І кожны захоўвае Памяць. Толькі тады Вялікая Перамога застанецца Вялікай.

Менавіта пра вайну, яе вечных нязломных салдат мы і размаўлялі ва ўтульнай майстэрні народнага мастака Беларусі. Пра вайну, жыццё і сяброўства... Якім быў пачатак Вялікай Айчыннай для Віктара Грамыкі? Як і для многіх іншых будучых салдат: скончыўся самы доўгі і, здавалася б, самы шчаслівы дзень у годзе. Толькі што адвіравалі школьны выпускны баль і ўрачыстая сустрэча ранку... А потым - страшэнная абвестка па радыё: "Вайна!". Яна і вызначыла лёс юнака: аршанскае падполле, змаганне з фашызмам у партызанах... Пра ўсё гэта Віктар Аляксандравіч напісаў у "Вясёлцы над дарогай"...

Пасярэдзіне майстэрні - партрэт Васіля Быкава, якому 19 чэрвеня споўнілася б 88 гадоў. Гэта леташні варыянт палатна, створанага яшчэ ў 1970-я. Тое, першае, - у маскоўскім музеі. А апошні варыянт партрэта напаўняе майстэрню святлом і задуменнасцю. Ды плюс - добрая энергія ды гасціннасць самога Віктара Аляксандравіча. Ці не таму так утульна ў гэтым памяшканні?/i/content/pi/cult/383/7556/1-6.jpg

Быкаў і Грамыка. Два салдаты, два сябры, два апосталы эпохі. Пісьменніка і мастака звязвала даўняе і шчырае сяброўства. Таму ў першага і пацягнулася рука да пэндзля, каб яшчэ раз сустрэцца з другім... У апошнім партрэце Быкава змяніліся пейзажная частка, пастава рук, паварот галавы і выраз твару. У ім, як кажа Грамыка, з'явілася больш цяжкай задуменнасці. А для першага эцюда Быкаў пазіраваў у майстэрні Грамыкі якраз на тым месцы, дзе і выстаўлены сёння быкаўскі партрэт...

Мастак ваяваў побач з тымі мясцінамі, дзе нарадзіўся пісьменнік. Але пазнаёміліся яны толькі пасля вайны ў рэдакцыі часопіса "Маладосць". І - адразу адчулі еднасць душ. У сапраўдных салдат, напэўна, інакш і не бывае. Лёсы і таленты іх перапляліся. Быкаў, як вядома, быў графікам, Грамыка стаў мемуарыстам. Таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. У тым ліку - і ў сяброўстве. Віктар Аляксандравіч згадвае, як ягонай жонцы Васіль Уладзіміравіч падарыў на дзень народзінаў дзіўнай прыгажосці японскі парасон. Дзе ён яго дастаў? Чорны-аранжавы, вытанчаны... І калі мастакоўскую кватэру нечакана абрабавалі - забралі не толькі імянныя гадзіннікі, але і славуты парасон, - дык сям'я перажывала бясконца не за дарагія хранометры, а менавіта за падарунак Быкава...

- Я лічу яго геніяльным пісьменнікам, - кажа Грамыка. - Ён умеў слухаць, ён бясконца распытваў пра вайну і меў салдацкую здольнасць ва ўсіх сітуацыях заставацца чалавекам... Такім - нязломным, рашучым - і захацеў перадаць яго на палатне...

Менавіта такім Быкаў і атрымаўся.

У майстэрні Віктара Грамыкі ёсць яшчэ адна карціна, створаная ім у 2011-м, - "Вясёлка над дарогай". Непаўторна выбуховая колеравая гама, што калісьці і вызначыла непаўторны аўтарскі стыль. А пасярод лясных узгоркаў, залітых вясёлкавым святлом (не фарбамі, а менавіта святлом!), - белая кропка царквы. Дарога да храма даўжынёй у Вечнасць, асветленай салдацкай Перамогай...

Фота аўтара

 

Два салдаты Перамогі: народны мастак Беларусі Віктар Грамыка ля партрэта народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

 

 

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"