Абаянне баяна

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

У баянна-акардэонным свеце імя Уладзіслава Плігаўкі атрымала шырокае міжнароднае прызнанне і ўсеагульную любоў. Нябёсы падарылі яму не толькі віртуознасць на мяжы немагчымага, але і непераўзыдзенае майстэрства весці цікавую, змястоўную размову-медытацыю са слухачамі.

/i/content/pi/cult/383/7555/1-4.gif

Адно толькі ягонае імя, прамоўленае са сцэны, адразу выклікае буру апладысментаў, бо публіка ўпэўнена, што атрымае пажаданае эстэтычнае задавальненне і не расчаруецца ні ў адной ноце. Сапраўды, малады музыкант любіць сцэну, а тая плаціць яму ўзаемнасцю. Валодаючы вялікім самабытным талентам, здольнасцю максімальна засяроджваць сваю ўвагу на творах розных жанраў ды стыляў, ён застаецца зразумелым і цікавым як самым спрактыкаваным прафесіяналам, так і аматарам, уключаючы дзіцячую аўдыторыю, якая толькі пачынае знаёмства з чароўным светам музыкі. І пры ўсім гэтым - захоўвае сціпласць у жыцці і на сцэне, прызнае аўтарытэты ў мастацтве, што сярод творчай моладзі сустракаецца на так і часта. Пры гэтым ён нічога не "бярэ напракат", а сцвярджае свой шлях. Сціплы, але ўпэўнены ў сабе, ён дасягнуў значных вяршынь і, тым не менш, працягвае штурмаваць завоблачныя вышыні. Акумуляваўшы багаты ды разнастайны рэпертуар, імкнецца і надалей да яго інавацый, сваімі новымі трактоўкамі ператвараючы вядомае ў невядомае. Шмат выконвае і апрацовак беларускага фальклору, а таксама твораў айчынных аўтараў: Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Уладзіміра Алоўнікава ды іншых...

Я ведаю Уладзіслава ўжо 20 гадоў - прытым, што яму самому ўсяго 26. Упершыню я пачуў яго ў 1992-м, узначальваючы дзяржаўную камісію ў Наваполацкім музычным вучылішчы, пры якім, як і пры іншых, па маёй ініцыятыве былі створаны музычныя школы. Менавіта з такой школы нам і паказалі "па-за" праграмай іспытаў шасцігадовага хлопчыка, які ўжо тады вылучаўся сур'ёзным стаўленнем да музыкі. Яно і невыпадкова, бо ягоныя бацькі - баяністы-педагогі Полацкай музычнай школы, што не спынілі выканальніцтва. Гэтую адданасць любімаму інструменту і пераняў іх сын. Яго першым выкладчыкам стаў Міхаіл Івашкін - унікальны педагог і палымяны энтузіяст, які заклаў не толькі падмурак для далейшага прафесійнага развіцця, але і многія чалавечыя якасці, а галоўнае - навучыў самастойна думаць, слухаючы музыку ўсёй душой і сэрцам.

Каб сямігадовы хлопчык выканаў на баяне фартэпіянны "Дзіцячы альбом" П.Чайкоўскага, што складаецца з 24-х п'ес і доўжыцца больш за гадзіну, - такое было ўпершыню ў свеце. Апошняе словазлучэнне суправаджае таленавітага музыканта ўсе гэтыя гады. Ён - лаўрэат больш як 40 (!) найпрэстыжных міжнародных конкурсаў, ажно 14 разоў станавіўся стыпендыятам і лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе Мікалая Сеўрукова, цяпер Уладзіслаў Плігаўка і сам рыхтуе высокакваліфікаваныя кадры для роднай краіны. І - услаўляе гонар нашай нацыянальнай культуры як саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Міхаіл СОЛАПАЎ, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны дзеяч мастацтваў  Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь