У чым плюсы каталога?

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Музейная прастора — цяпер кругласутачна

/i/content/pi/cult/382/7552/1-7.jpegУсе айчынныя скарбніцы на адной пляцоўцы будуць прадстаўлены не толькі ў рамках сёлетняга Музейнага форуму, але і ў віртуальнай прасторы. Ужо сёння ў сістэме Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь прадстаўлены 72 са 157 устаноў культуры гэтага тыпу, а колькасць апрацаваных апісанняў прадметаў з іх фондаў па стане на 11 чэрвеня бягучага года склала 53 294 адзінак.

Па словах загадчыка аддзела інфармацыйна-метадалагічнага забеспячэння дзейнасці Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь Наталлі Гярмацкай, на сённяшні дзень па колькасці далучаных да праекта музеяў у лідарах - Міншчына: усе 23 установы рэгіёна прадстаўлены на сайце http://dkmf.by.

Дзякуючы таму, што на сайце Дзяржаўнага каталога пастаянна абнаўляецца статыстыка, між музеямі адбываецца своеасаблівае спаборніцтва. У выніку можна ўбачыць, што пэўная ўстанова даслала толькі адно апісанне, а іншая - некалькі тысяч. Так, першынство трымае Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, які перадаў амаль 8 тысяч апісанняў і тым самым перагнаў сваіх калег, што маюць нацыянальны статус і першымі распачалі гэтую працу.

Аднак далёка не ўсе прадметы трапяць у Сусветнае павуцінне. Крытэрыі адбору апісання прадметаў з Дзяржаўнага каталога для іх уключэння на сайт вызначаюцца ў першую чаргу самімі музеямі. Як адзначыла Наталля Гярмацкая, згодна з заканадаўствам, права першай публікацыі мае непасрэдны ўласнік. Таму асобныя прадметы, у тым ліку тыя, што носяць прыватны характар і не пажаданыя для дэманстрацыі шырокай публіцы, адпаведным чынам пазначаюцца і захоўваюцца толькі ў базе. Да слова, такім правам ужо скарысталіся Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Разам з тым, Людміла Скакун, старшы навуковы супрацоўнік згаданага вышэй аддзела, паведаміла, што для выстаўлення на сайт непасрэдна супрацоўнікамі Дзяржкаталога праводзіцца дэталёвы адбор найбольш цікавых прадметаў з улікам іх прэзентабельнасці. На думку супрацоўнікаў Цэнтра Дзяржаўнага каталога, менавіта дзякуючы прадстаўленню на сайце складаецца ўяўленне пра калекцыі таго або іншага музея. Да прыкладу, можна ўжо зараз сказаць, што калекцыі асобных раённых музеяў адпавядаюць узроўню абласных. Дапамогай рэгіёнам з'яўляюцца таксама метадычныя матэрыялы для спецыялістаў на сайце Дзяржкаталога, якія пастаянна папаўняюцца. Не выпадкова яны з'яўляюцца самымі папулярнымі раздзеламі сайта.

Трэба адзначыць, што ў Дзяржкаталогу цяпер прадстаўлены ўсе шэсць тыпаў музейных прадметаў. У прыватнасці, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту перадаў на сервер апісанні некаторых нерухомых помнікаў. Дзякуючы Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею і Магілёўскаму абласному краязнаўчаму музею імя Е.Р. Раманава, была распрацавана класіфікацыя і тэрміналогія для апісання калекцый натуральна-гістарычных крыніц. Наяўнасць у базе прадметаў розных тыпаў спрыяе фарміраванню тэматычных віртуальных калекцый. Паколькі ў Дзяржкаталогу прадстаўлена багатая калекцыя фотаздымкаў і паштовак 1914-га - 1917-га, у Людмілы Скакун з'явілася ідэя: да 1 верасня зладзіць віртуальную выстаўку, прысвечаную Першай сусветнай вайне, дзе прадставіць і баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, і побыт салдат, і іхні вольны час. Гэта будзе трэці віртуальны выставачны праект Дзяржкаталога.

Нельга абысці ўвагай і тэхнічныя нюансы. Так, па словах Наталлі Гярмацкай, у першым квартале бягучага года Дзяржаўны каталог атрымаў доўгачаканы сервер рэзервовага капіравання даных, які працуе 24 гадзіны ў суткі, дзякуючы чаму адбываецца страхавое капіраванне інфармацыі.

Прэзентацыя ж дзейнасці Дзяржаўнага каталога адбудзецца пад час Музейнага форуму ў Гродне на стэндзе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

К.А.