Завен Саркісян: “Мову майстра паўтарыць нельга”

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

У рамках Дзён культуры прайшоў паказ фільма “Я памёр у дзяцінстве”. Гэта дакументальны расповед аб майстры яго пляменніка Георгія Параджанава. Дэманстрацыя стужкі завяршала рэтраспектыву фільмаў Сяргея Параджанава і сталася кульмінацыйнай кропкай мерапрыемства. На прэзентацыі стужкі ў сталічным кінатэатры “Ракета” прысутнічаў дырэктар і заснавальнік Музея Сяргея Параджанава ў Ерэване Завен САРКІСЯН. Ён з ахвотай адказаў на ўсе пытанні, што нас цікавілі.

 /i/content/pi/cult/134/755/Sarkisyan.jpg
Пра лёс рэжысёра
— Ці быў ён шчаслівым чалавекам? Мяркую, што быў. Параджанаў быў шчаслівы, што прырода так яго адарыла. 25 гадоў пражыў на Украіне, зняў карціну “Цені забытых продкаў”, якую нават украінцы прызналі лепшым фільмам пра свой народ. З ім сябравалі буйныя рэжысёры свету Андрэй Таркоўскі, Кіра Муратава, Анджэй Вайда, які лічыў Параджанава сваім настаўнікам, ён перапісваўся з Феліні, Ліляй Брык... Сёння застаўся сцэнарый Сяргея Параджанава “Споведзь”, але, на маю думку, немагчыма ўвасобіць яго ў жыццё. Мову майстра паўтарыць нельга. Як здымаліся, да прыкладу, “Цені забытых продкаў”? Карціна знята на бракаванай плёнцы, якую выкінуў Бандарчук: скончыўся тэрмін яе прыгоднасці. Але Параджанаву гэта не перашкодзіла. Фільм прынёс яму шэраг самых прэстыжных кі-наўзнагарод.

Пра выступленне ў Мінску
Я хачу звярнуцца да ўсіх прысутных з просьбай. Мы збіраем усю інфармацыю аб выступленні Сяргея Параджанава ў Мінску ў 1971 годзе, калі ён прыехаў сюды з карцінай “Квецень граната”. Мы шукаем сведкаў той сустрэчы. Можа быць, вы ведаеце кагосьці, хто быў на тым паказе? Гэта выступленне адыграла вельмі драматычную ролю ў лёсе рэжысёра. Ён, калі вярнуўся ў Кіеў, потым гаварыў: “Я сказаў залішняе. І гэтага мне не даруюць”. Параджанаў не памыліўся ў сваіх прадчуваннях. У 1973 годзе ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу СССР і асуджаны. Пасля распаду СССР у сакрэтных архівах ЦК мы знайшлі дакумент “Выступленне С. Параджанава ў Мінску”. У ім было сказана, што “публіка была глыбока абурана прамовай рэжысёра”. Цяпер нам хочацца дазнацца, як усё было насамрэч.
Фільм “Квецень граната”, які Параджанаў лічыў сваёй лепшай карцінай, часам не разумеюць і сёння. А што ўжо казаць пра савецкія часы. Пісалі, што Параджанаў зняў крыж дваццаць разоў, што галоўны герой карціны чытае “Ойча наш”… і г.д. Ды і “Цені забытых продкаў” выйшлі на экраны цудам. Калі Параджанаў здымаў фільм, была вясна і ў Карпатах размыла дарогі. Ніводная камісія не магла дабрацца, каб паглядзець, што наздымаў Параджанаў. Калі ж чыноўнікі ўбачылі матэрыял, было ўжо позна, набліжаўся чарговы юбілей — і карціну выпусцілі. Поспех, сусветнаепрызнанне і адначасова непаразуменне, злосць партыйнай наменклатуры. Як ні парадаксальна, менавіта пасля шумнага поспеху “Ценяў забытых продкаў” у Параджанава і пачаліся цяжкасці.

Пра асобу рэжысёра
— Я сябраваў з Сяргеем Іосіфавічам дванаццаць гадоў. І ўсе, хто ведаў яго, былі шчаслівыя людзі. Канешне, гэтыя стасункі былі аднабаковыя, бо Параджанаў - гэта тэатр аднаго акцёра.
Калі ён прыязджаў у Ерэван, па горадзе імгненна разносіліся чуткі, і людзі прыходзілі да яго кватэры: проста паглядзець на майстра. Гэта быў чалавек неардынарны, ён не баяўся вылучацца і быць самім сабой. Ён мог сказаць праўду ў твар любому чалавеку, кім бы той ні з’яўляўся, мог зрабіць што-небудзь эпатажнае, на што асмельваліся адзінкі.
Ёсць адна смешная гісторыя. Кватэра Параджанава ў Кіеве была ў вуглавым доме на плошчы Перамогі. На ўрачыстыя святы дом завешвалі вялізнымі плакатамі. Аднойчы ён прыйшоў дадому, а ў вакне яго кухні — вялізнае вока Брэжнева. Параджанаў не засмуціўся, узяў і выразаў вока правадыра. І наступным днём у гэтую дзірку назіраў за святочным парадам. Праз некалькі гадзін да яго прыйшлі людзі. “Што вы робіце?” — пытаюць. А Параджанаў спакойна так адказвае: “Гляджу парад. Вачыма Леаніда Брэжнева”.Такіх прыкладаў мноства. Але што дазваляе лічыць яго вялікім рэжысёрам — дык гэта яго унікальная праніклівасць. Для Параджанава вырашальным было тое, як выглядае чалавек, які ён нясе ў сабе вобраз, што ён гаворыць. Параджанаў мог зазначыць пра кагосьці: “Паглядзіце, як гэты чалавек носіць капялюш”, нават на ўласным судовым працэсе ён сказаў суддзі, што той падобны на Напалеона.

Пра невядомае каханне
— У Параджанава былі дзве жонкі: усе мы ведалі кіеўскую артыстку Святлану Шчарбацюк, яго другую супругу, а вось пра першую жонку Параджанаў ніколі не расказваў. Аднойчы мы бачылі яе партрэт на выстаўцы, якую ладзілі ў Ерэване. Але калі мы спыталі яго, што за прыгожая жанчына, ён сцісла адказаў: “Мая першая жонка Нігяр”. Нігяр працавала прадаўцом у маскоўскім ЦУМе. Параджанаў, калі яе ўбачыў, закахаўся з неверагоднай сілай: гадзінамі глядзеў на дзяўчыну і ўгаворваў яе выйсці за яго замуж. Яна была татаркай з Малдавіі, ужо заручанай з іншым. Яе родныя катэгарычна адмовілі ў просьбе Параджанава выдаць яе замуж за чалавека іншай культуры. Але ён угаварыў Нігяр, і яна збегла з дому. Пражылі яны разам два або тры тыдні, потым сваякі дзяўчыны адшукалі яе, звязалі і кінулі пад цягнік. Для Параджанава гэта, канешне, была вялікая трагедыя.

Пра музей
— Музей Параджанава — самы папулярны музей у Ерэване. Ён штогод прымае каля 15 — 16 тысяч наведвальнікаў. Да нас прыходзяць і звычайныя людзі, і прэзідэнты. Дарэчы, падчас свайго візіту ў Арменію ў нашым музеі быў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Наведаў музей і ваш Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.У музеі — 1500 экспанатаў: калажы рэжысёра, фатаграфіі, лісты… Дзверы дома Параджанава былі заўжды адчыненыя для гасцей. Гаспадара нават не было дома, а людзі маглі спакойна прыйсці ў яго кватэру, пасядзець, пагутарыць. Хтосьці прыносіў ежу, напоі, панавала атмасфера “агульнага ўтульнага дома”.У музеі мы імкнемся захоўваць параджанаўскія традыцыі гасціннасці. Імкнемся захоўваць і знаходзіць тую спадчыну, што пакінуў Параджанаў. Самыя розныя людзі прыносяць да нас рэчы рэжысёра, гісторыі аб ім… Спадзяюся, што пасля майго візіту на Беларусь гасцей у музеі стане яшчэ больш.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА