Хараство. Добрае і светлае

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Жыццё не спыніш. Смерць, на жаль, таксама. Вось і яшчэ страты ў шэрагах Беларускага саюза мастакоў. Пайшоў з жыцця Мікалай Максімавіч РЫЖЫКАЎ — таленавіты мастак і педагог, чалавек з незвычайна добрым і светлым хараством. І ўсё, што адбываецца ды будзе адбывацца з краінай, мастацтвам, з тымі, каго ён любіў, — зараз гэта ўжо без яго, ён завяршыў свой зямны шлях...

/i/content/pi/cult/382/7545/2-7.jpgАле думкай прымаць гэта немагчыма, я не магу падумаць, што ён аддзяліўся ад нас, жывых. У сваім жыцці ён паспеў шмат. Больш за 50 гадоў аддаў станковай графіцы і акварэльнаму жывапісу. Узгадваю, з якой упартасцю ён працаваў над афортамі, прысвечанымі Лепельшчыне і Палессю, партызанам Любаншчыны і Чарнобыльскай бядзе, будаўнікам Гродна і беларусам на БАМе... А цудоўныя цыклы, напісаныя ў творчых падарожжах па Сірыі, Чэхаславакіі, Арменіі, Непале, Маўрытаніі, Польшчы, увайшлі ў "залаты фонд" сучаснай беларускай акварэлі.

Мікалай Максімавіч па-майстэрску валодаў разнастайнымі тэхнікамі: вугаль, туш, аловак, сангіна. Часта спалучаў некалькі матэрыялаў, чым узбагачаў выразнасць малюнкаў. А ў апошняе дзесяцігоддзе шмат працаваў і ў тэхніцы алейнага жывапісу. Пейзажы і нацюрморты Мікалая Рыжыкава - гэта колер, святло, паветра, радасць жыцця, яго хараство. А яшчэ ён пакінуў пра сябе добрую памяць як педагог Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе выкладаў мастацкія дысцыпліны з 1994 года...

Сыходзяць майстры - застаецца музыка іх непаўторнай мастакоўскай мовы, іх пластычная інтанацыя, іх патрабавальны погляд, застаецца культура... І вечная падзяка Мікалаю Максімавічу Рыжыкаву за гэта.

Ніна МАРЧАНКА, членПрэзідыума БСМ, старшыня творчай секцыі "Верасень"