Інтэлектуал Мілаванаў

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Сёння, 16 чэрвеня, сваё 75-годдзе адзначае бліскучы акцёр, народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў — адзін з кагорты зорных беларускіх майстроў сцэны, які ніколі не пачуваў сябе “зоркай”. Акцёр, чые ролі не ўпісваюцца ў рамкі якога-кольвечы пэўна абазначанага амплуа... За гэтымі словамі — персанажы, шматпланавасць якіх скарае з першых хвілін.

/i/content/pi/cult/382/7543/2-3.jpgГероі Аўгуста Мілаванава - надзвычай інтэлектуальныя, аднак не "кніжным" розумам, а найперш - карэннай жыццёвай мудрасцю ды багатым унутраным светам. З аднаго толькі пераліку роляў, якія сыграў гэты выбітны акцёр у тэатры і кіно, можна было б скласці важкі спіс, што стаў бы своеасаблівай хрэстаматыяй - і драматургічнай, і тэатральна-сцэнічнай - па гісторыі айчыннага ды сусветнага тэатра.

Сярод самых знакавых тэатральных работ Артыста - Гэлі Гэй у спектаклі "Што той салдат, што гэты" Б.Брэхта, Бацька ў "Зацюканым апостале" А.Макаёнка, Герастрат у "Забыць Герастрата!" і Тэўе ў "Памінальнай малітве" Р.Горына, Зурыко ў "Я, бабуля, Іліко і Іларыён" Н.Думбадзэ і Р.Лордкіпанідзэ, Праспэра ў "Буры" У.Шэкспіра, Ромул у "Ромуле Вялікім" Ф.Дзюрэнмата... Шмат акцёр здымаўся і ў кіно: дастаткова ўзгадаць такія фільмы, як "Бронзавая птушка", "Дзяржаўная граніца", "Руіны страляюць...", "Людзі на балоце", "Подых навальніцы", а з самых апошніх - стужку "Талаш" паводле коласаўскай "Дрыгвы".

Дакладнасць і, галоўнае, прастата акцёрскага існавання - вось тое, чым вылучаюцца героі Аўгуста Мілаванава. Здаецца, акцёр усяго толькі выходзіць на сцэну ці на здымачную пляцоўку ды больш анічога "такога" не робіць. Але варта яму з'явіцца ў прасторы спектакля альбо фільма - і не заўважыць яго немагчыма: нават эпізадычны персанаж набывае ў выкананні гэтага акцёра аб'ём і глыбіню...

Фота Юрыя ІВАНОВА

з архіва "Культуры"