Героі Аўгуста Мілаванава - надзвычай інтэлектуальныя, аднак не "кніжным" розумам, а найперш - карэннай жыццёвай мудрасцю ды багатым унутраным светам. З аднаго толькі пераліку роляў, якія сыграў гэты выбітны акцёр у тэатры і кіно, можна было б скласці важкі спіс, што стаў бы своеасаблівай хрэстаматыяй - і драматургічнай, і тэатральна-сцэнічнай - па гісторыі айчыннага ды сусветнага тэатра.
Сярод самых знакавых тэатральных работ Артыста - Гэлі Гэй у спектаклі "Што той салдат, што гэты" Б.Брэхта, Бацька ў "Зацюканым апостале" А.Макаёнка, Герастрат у "Забыць Герастрата!" і Тэўе ў "Памінальнай малітве" Р.Горына, Зурыко ў "Я, бабуля, Іліко і Іларыён" Н.Думбадзэ і Р.Лордкіпанідзэ, Праспэра ў "Буры" У.Шэкспіра, Ромул у "Ромуле Вялікім" Ф.Дзюрэнмата... Шмат акцёр здымаўся і ў кіно: дастаткова ўзгадаць такія фільмы, як "Бронзавая птушка", "Дзяржаўная граніца", "Руіны страляюць...", "Людзі на балоце", "Подых навальніцы", а з самых апошніх - стужку "Талаш" паводле коласаўскай "Дрыгвы".
Дакладнасць і, галоўнае, прастата акцёрскага існавання - вось тое, чым вылучаюцца героі Аўгуста Мілаванава. Здаецца, акцёр усяго толькі выходзіць на сцэну ці на здымачную пляцоўку ды больш анічога "такога" не робіць. Але варта яму з'явіцца ў прасторы спектакля альбо фільма - і не заўважыць яго немагчыма: нават эпізадычны персанаж набывае ў выкананні гэтага акцёра аб'ём і глыбіню...
Фота Юрыя ІВАНОВА
з архіва "Культуры"