“Харошкі” — у дэталях

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Танцы для… слухання у канцэрт-холе

/i/content/pi/cult/382/7542/2-1.jpgНаша ўяўленне пра Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” на чале з народнай артысткай краіны Валянцінай Гаявой — значна пашырылася. З таго самага часу, як выйшаў аўдыяальбом “Музыка для душы”, падрыхтаваны аркестравай групай ансамбля і прэзентаваны ў сталічным Канцэрт-холе “Верхні горад”.

Звычайна ж як? Кажам "Харошкі" - і перад вачыма ўзнікаюць знакамітыя танцавальныя нумары ансамбля, нават з абліччамі ўлюбёных салістаў, пачынаючы са славутага Фёдара Балабайкі. Цяпер гэтае прыслоўе можна прадоўжыць: кажам "Харошкі" - і... чуюцца іх знакамітыя мелодыі, прычым не толькі тыя, паводле якіх пастаўлены танцы. Дый уласна танцавальная музыка, прайграная-праспяваная без харэаграфічнага відовішча, успрымаецца інакш. У ёй заўважаеш тое, на што не заўсёды звяртаў увагу: на першы план выходзяць многія дэталі, якія быццам "засланяліся" рухамі, а галоўнае - адразу відавочны індывідуальныя творчыя почыркі музычных кіраўнікоў аркестра.

Ва Уладзіміра Гінько - добра спрактыкаванае ўменне знайсці безліч варыянтаў выкладання народных песень, не выходзячы за межы традыцый. Тут дзейнічае прынцып: усё быццам тое ж, ды вынік - штораз новы. У Марыны Марозавай - кампазітарскае імкненне спалучыць звыклы фольк з камерна-вакальным кірункам, рамансавасцю, выйсці за рамкі аднаго стылю, далучыць найноўшыя акадэмічныя тэхнікі пісьма. Выкарыстала яна і свае ранейшыя творчыя пошукі ў жанры вакальных цыклаў, нават напрацаваны раней музычны матэрыял. Ярчэй высвеціўся і почырк Уладзіміра Турчынскага, спалучэнне ў апрацаванай ім "Перапёлцы" беларускай песеннасці з еўрапейскімі ансамблева-харавымі прыёмамі.

Сольнік аркестра не паўтарыў драматургію кампакт-дыска. Ён дадаў да агульнай "шляхетнасці" гучання сцэнічную энергетыку, а таксама некалькі "завадных" інструментальных кампазіцый, якія дазволілі напоўніцу ацаніць майстэрства аркестрантаў, дзе літаральна кожны - адметны саліст, а то і мультыінструменталіст. Увогуле ж, на такіх канцэртах, дзе аркестр не хаваецца за спінамі танцоўшчыкаў, выпрацоўваецца музычная вытанчанасць, высокая культура выканання, што толькі падкрэслівае творчае крэда "Харошак": узнёсласць, паэтызаванасць, палёт душы.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"