Калі Уладзіслаў Галубок і яго п'есы добра знаёмыя беларускім гледачам, то прозвішча Чужыніна яны, бадай, чуюць упершыню. Хіба што пра гэтага ўкраінскага драматурга ведаюць даследчыкі тэатральнага мастацтва. Ягоны жарт у адным акце "Пярэстая красуля" на беларускай мове друкаваўся нашымі суайчыннікамі ў "Зборніку сцэнічных твораў" у 1957 годзе ў Беластоку.
Вясёлы сцэнічны жарт Чужыніна пра старога Мешчаніна (Сяргей Фурса), яго дачку Барбару (Юлія Чурыла), яе жаніха Тобі (Раман Вайтулевіч) і Гандляра Марганчыка (Уладзімір Навумік) слонімскія акцёры разыгралі з непрыхаваным імпэтам і мноствам бліскучых творчых знаходак. У другой дзеі іхнюю "эстафету" падтрымала гісторыя заляцанняў Дзяка (Сяргей Яўменаў) да Пісарыхі (Вікторыя Кавальчук) з галубкоўскіх "Пісаравых імянін".
Рэжысёр Васіль Сявец увёў у пастаноўку і новую гераіню, якой няма ні ў "Пярэстай красулі", ні ў "Пісаравых імянінах". Гэта простая вясковая жанчына (Надзея Ільчанка), якая перад спектаклем і паміж дзеямі выбягае да гледачоў ды распавядае ўсе навіны, што адбываюцца на белым свеце, быццам бы "папярэджваючы" наступныя сцэнічныя гісторыі.
У пастаноўцы шмат танцаў, музыкі, жартаў. І, думаецца, слонімскія гледачы - прыхільнікі свайго, беларускага, роднага, вясёлага - са шчырай асалодай прымуць новы спектакль.
Сяргей ЧЫГРЫН
Слонім
На здымку: сцэна са спектакля "Вось табе і гоцаца!".
Фота аўтара