“Начаваў я ў вуллі…”

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

“Намаляванае слова” Алеся Квяткоўскага

/i/content/pi/cult/382/7539/1-1.jpgНядаўна ў галерэі "Мастацтва" завяршылася юбілейная выстаўка жывапісца, манументаліста і графіка Алеся Квяткоўскага "Намаляванае слова: працяг".

"Намаляванае слова" - персанальны праект мастака, асноўнай тэмай якога з'яўляецца шчыльная сувязь з беларускай паэзіяй. У пошуках сюжэта для сваіх твораў аўтар часцей за ўсё звяртаецца да вершаў Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Віктара Шніпа... Выстаўка падарожнічае па гарадах Беларусі з восені 2009 года, кожны раз дапаўняючыся новымі творамі, сярод якіх, у асноўным, - жывапісныя палотны і акварэльная графіка. Адкрыццё праекта ўяўляе з сябе ўнікальнае культурнае мерапрыемства, што сумяшчае мастацкую выстаўку, літаратурны і музычны вечары. Праект "Намаляванае слова: працяг" - васямнаццаты па ліку ў гэтай серыі...

Манументальна-дэкаратыўная творчасць майстра своеасабліва адбілася на яго станковай жывапіснай дзейнасці. У работах мастака - моцны дэкаратыўны, сімвалічны пачатак. Алесь Адамавіч будуе свае кампазіцыі на аснове калажна-мантажнага метаду: ён агранічна спалучае і фігуратыўныя, і абстрактныя вобразы ў рамках аднаго жывапіснага палатна ("Планета паэтаў", "Стог", "Рэшата"). Але існуюць і цалкам фігуратыўныя творы - да прыкладу, "Пчалінае ўзнясенне", "Пан Лес", - і чыста абстрактныя работы: "Неба", "Вулей", "Лес". Яднае шматгранную творчасць мастака вялікая любоў да фактурных эфектаў, цёплы залаціста-блакітна-карычневы каларыт, лаканічная, неперагружаная кампазіцыя і высокі ўзровень асацыятыўнасці вобразаў.

Асноўныя тэмы, якія хвалююць майстра, умоўна можна падзяліць на дзве групы. Частка твораў Алеся Квяткоўскага звязана з вобразамі і лёсамі людзей - як родных і блізкіх мастаку, так і знакамітых асоб нашай краіны. Да гэтай тэмы можна аднесці такія работы, як "Мае жанчыны", "Акуляры слёз", "Прывітанне з Вішнева. Шымон Перэс", а таксама многія палотны, звязаныя з асобай памерлага паэта Анатоля Сыса. Большасць жа твораў аўтара прысвечана прыродзе роднай зямлі: пчаліная нізка займае тут адно з цэнтральных месцаў ("Начаваў я ў вуллі", "Соты", "Рамка"). Усім работам мастака ўласцівыя знакавасць, умоўнасць перадачы вобразаў і прыхаваны філасофскі сэнс.

Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШУК