“Міражы…” плюс опусы

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Беларускія музыканты, што выправіліся на Міжнародны фестываль-конкурс харавой і вакальнай музыкі, прывезлі з падмаскоўнай Балашыхі цэлую гронку ўзнагарод.

 

На фестываль у гонар святых і роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія сабраліся прадстаўнікі не толькі з нашай краіны і Расіі, але і з Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Украіны. Іхняе майстэрства ацэньвала журы, якое ўзначальваў народны артыст Расіі, кампазітар і педагог Валерый Калістратаў.

Лаўрэатам конкурсу стала Ганна Самушчык, студэнтка 2 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе вакалу Людмілы Шчарбаковай. Дыпломамі былі ўзнагароджаны Наталля Сянько, навучэнка 4 курса Мінскага музычнага каледжа імя М.Глінкі, і сталічны хор "Ветрык" Дзіцячай школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік - Вера Дабравольская), які прывёз у Балашыху адно беларускую музыку, уключаючы творы Леаніда Захлеўнага і Сяргея Бугасава. Ды ўсё ж большасць віншаванняў атрымала кампазітар Аліна Безенсон, бо амаль усе нашы ўдзельнікі выконвалі яе творы. Прагучалі яе тэатралізаваная сцэна "Міражы Венецыі" паводле Таццяны Мушынскай, вакальны цыкл "Усё ад Бога" на словы Аліны Легастаевай. А для гала-канцэрта адкрыцця свята кампазітар напісала "Гімн славянскага адзінства" на словы Людмілы Глінскай, які спявала ўся беларуская дэлегацыя. Творы Безенсон выклікалі вялікі інтарэс і прафесійную цікавасць у салістаў і кіраўнікоў калектываў з іншых краін - Аліна Іванаўна з радасцю дарыла харавым дырыжорам ды вакалістам ноты сваіх сачыненняў. І атрымала дыплом "За прапаганду харавых нацыянальных традыцый".

Традыцыяй можна лічыць і перамогі беларускіх удзельнікаў на гэтым фестывалі-конкурсе. Так, у 2010 годзе лаўрэатамі сталі салістка Белдзяржфілармоніі Галіна Сакольнік і студэнтка Беларускай акадэміі музыкі Ірына Лой. Летась у Балашыху ездзілі студэнтка Акадэміі музыкі Маргарыта Ляўчук і навучэнка Мінскага музычнага каледжа Ганна Пархімовіч.

Хто паедзе праз год, пакуль невядома, бо гэты фестываль-конкурс - прэстыжны, і трапіць туды не так проста. Тая ж Аліна Безенсон ехала па рэкамендыцыі старшыні Беларускага саюза кампазітараў, народнага артыста СССР, народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка. Хто ведае, мо наступным разам там прагучаць опусы беларускіх аўтараў у выкананні маладых спевакоў іншых краін?..

Таццяна МІХАЙЛАВА