"...Старая Дама" не прапускае "падачы мяча"

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

“…Візіт” як візітоўка з беларускім квазіпостмадэрнізмам

/i/content/pi/cult/382/7537/2-1.jpgУ Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага паставілі "Загадкавы візіт". Наведаўшы прэм'еру, вы пераканаецеся, што загадак у спектаклі сапраўды хапае. А сам ён прэтэндуе на "візітоўку". Каго ці чаго? Загадка першая - чаму гэты нацыянальны тэатр так рэдка спакушае нас падобнымі далікатэсамі "для сэрца і розуму"? Другая - як адзін з адказаў на першую: куды пасля антракту знікае частка гледачоў? Трэцяя: чаму постмадэрнісцкі зварот да еўрапейскай класікі ХХ стагоддзя атрымаўся такім шчымліва-беларускім, у рэчышчы найноўшых нацыянальных традыцый? Чацвёртая... Ды іх папраўдзе безліч! І кожная вартая асобнага "даследавання" - сацыялагічнага, эстэтычнага, тэатра- і літаратуразнаўчага.

Хаця аўтарам п'есы пазначаны вядомы швейцарскі драматург Ф.Дзюрэнмат, ад яго "Візіту старой дамы" мала што засталося - хіба агульны кірунак сюжэтнай лініі (прыезд у маленькі збяднелы гарадок яго былой жыхаркі, якая прапануе... мільярд у абмен на забойства свайго былога каханага), некаторыя дзейныя асобы і невялікая колькасць цалкам захаванага літаратурнага тэксту (у асноўным - ключавыя сцэны). Знікла ледзь не палова персанажаў другога плана, затое дадаліся новыя - разам з новымі сюжэтнымі хадамі (адзін з сюжэтных паваротаў пазычаны, дарэчы, з постмадэрнісцкай п'есы Ар'е Элкана "Іграем Дзюрэнмата, або Новы візіт старой дамы"). Змяніўся і сам характар тэксту: у ім узнікла шмат жартоўна-іранічных рэплік, вартых асобных сцэнак у духу забаўляльных тэлепраграм, дадаліся зонгі. Такі расклад стаўся вынікам сумеснай творчасці. Да перапрацовак спрычыніўся, найперш, рэжысёр Барыс Луцэнка, а таксама кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, сціпла пазначаны аўтарам "перакладу", рэдактар Дар'я Андрэева.

Узнікла практычна новая п'еса - квазіпостмадэрнісцкая. Матывы "задзірліва"-новага, "перапрачытанага" з пункта гледжання "наадварот" аказаліся ў ёй не толькі не падкрэсленымі, а яшчэ і быццам прыхаванымі, змікшыраванымі напластаваннем традыцый псіхалагічнага тэатра. Атрымаўся постмадэрн "па-беларуску" - не жорсткі, а мяккі, не столькі насмешлівы, колькі - з добрай, спагадлівай усмешкай.

"Беларускасць" спектакля бачыцца яшчэ і ў тым, што ён працягвае айчынныя традыцыі самога звароту да гэтай п'есы. У 1995 годзе ў нашым Вялікім тэатры была пастаўлена опера Сяргея Картэса "Візіт дамы", напісаная ў 1989-м. Абвінавачванні ў "небеларускасці" сюжэта разбіваліся ўшчэнт ад "беларускасці" яго опернага прачытання. Вывядзенне на першы план праблемы маральнага выбару (застацца чалавекам ці стаць катам?) працягвала айчынныя традыцыі ваеннай прозы Васіля Быкава. Тэма "палявання" прыводзіла да твораў Уладзіміра Караткевіча і пераасэнсаваных традыцый беларускага мастацтва ХVІІІ стагоддзя. Значнасць харавых сцэн, на якія прыпадалі "высновы" зместу, а таксама іх песенная аснова дазвалялі ўзгадаць старонкі многіх беларускіх опер - праўда, іншых па стылі. Адбылося ў оперы і традыцыйнае для самога жанру "ўзвышэнне" гераіні, якая аказвалася больш высакароднай.

Шмат з таго знайшло адлюстраванне і ў цяперашнім драматычным спектаклі, насычаным джазам 1920-х, сціслымі і працяглымі музычнымі ўкрапваннямі, што ствараюць "атмасферу", зонгамі, у тым ліку на вершы Амара Хаяма, Сашы Чорнага, Андрэя Вазнясенскага. Такая стылёвая размаітасць музычнага складніка, тыповая для Аляксея Еранькова, толькі падкрэслівае шматслойнасць самога спектакля, яго пастаянныя "мадуляцыі" ад аднаго жанру да іншага і балансаванне паміж імі.

Аказваецца, што даўно высмеяны жанр "гаворачых галоў", ад якога старанна пазбаўляюцца праз увядзенне сцэнічнай мітусні ці мантажнага мільгацення кадраў, можа быць надзвычай цікавым. Быццам у піку такой звонку "сучаснай" рэжысуры амаль усе дыялогі вырашаны "седзячы на крэслах" - гэткім "бескантактным метадам". Але ж пабачылі б вы, як кантактуюць артысты, не прапускаючы ніводнай "падачы мяча"! Якімі цудоўнымі атрымліваюцца мужчынскія ансамблі, выводзячы на першы план не гульню ў пінг-понг, а непарыўны рух думак, сачыць за якім - ні з чым не параўнальнае задавальненне! Рэжысёр выкарыстоўвае "харавыя" скорагаворкі, прыём "суфлёрскага" падказвання тэксту "дырыжорам"-апавядальнікам-"адлюстравальнікам" Шпігелем (Аляксандр Ждановіч).

Са зладжанага акцёрскага складу вылучу, найперш, Аляксандра Суцкавера. Нарэшце гэты таленавіты артыст, якога мы прызвычаіліся бачыць у "гальштучна-пінжаковых", "зашпіленых на ўсе гузікі" ролях на кіна- і тэлеэкране, змог раскрыць свае багатыя акцёрскія магчымасці. Менавіта вакол яго героя - Іла - выбудоўваецца ўвесь спектакль, прысвечаны, як аказваецца, не пакутам чалавека, зацкаванага наваколлем і "зацыкленага" на хуткай смерці, а перабудове чалавечай свядомасці, роздуму пра змест жыцця і смерці. Таму тут ёсць усё: баязлівасць, крывадушша, паказное выхвалянне ды нават нахабства - і шчырае прабачэнне, уменне зразумець не толькі сябе самога, але і астатніх, якія часта не могуць зразумець саміх сябе. А зразумеўшы ўсіх іх - дараваць, не пакінуўшы шляхоў адступлення аднаму сабе...

Не менш разнастайна пададзена і Клара Цаханасьян (народная артыстка Беларусі Бэла Масумян). З'яўляецца яна папраўдзе таямніча - бы злая фея-варажбітка з дзіцячай казкі ці трылера, вымушае ўзгадаць шэкспіраўскіх вядзьмарак. Накіроўвае ў бок Іла тонкі кіёк - быццам пагрозлівую чароўную палачку, пазычаную з фэнтазі. Загадкавасць змяняецца самымі рознымі вобразнымі станамі: псіхалагічнымі ваганнямі, нават меладраматычнымі адценнямі, маскай Смерці. Ды ўсё ж паміж гэтай разнастайнасцю неяк губляецца галоўны стрыжань. Можа, менавіта такой хацела ўвасобіць артыстка сваю гераіню - жанчынай, якая так да канца і не ўцяміла, чаго ў ёй больш: д'ябальскага ці проста "неанёльскага", уладарнага ці пакутлівага, помслівага ці спачувальнага? Таму не "пражывае" на сцэне пачуцці і не "гуляе" ў іх, а выступае іх урачыста-тэатральным "вяшчальнікам", як у барочных "сур'ёзных" операх паводле міфалагізаваных сюжэтаў. Відавочна, што спектакль задумваўся як аповед на тэму кахання, якое ўсё ж перамагло помсту, ды толькі... позна. Але, мабыць, такое канчатковае пераўвасабленне гераіні ад міфалагізаванасці да кранальнасці - яшчэ наперадзе.

У падобнай атмасферы прытчавасці існавання герояў абсалютна не важна, чым займаецца Іл: вядзе дробны гандаль у сваёй бакалейнай краме ці робіць што-небудзь яшчэ. Не важнымі аказваюцца іншыя рэальныя дэталі. У сцэнаграфіі ўвага засяроджана на іншым: на нейкім калідоры-тунэлі-тупіку, у канцы якога раз-пораз бачыцца святло ці яго падабенства (мастак-пастаноўшчык - Веніямін Маршак). Па абодва бакі авансцэны - гэткія чашы, што па ходзе дзеяння "ператвараюцца" ў звычайны столік, фантанчык з вадой, месца ахвярапрынашэння, плаху, крыніцу "чыстай праўды"... Асацыіруюцца яны і з горам, прынесеным лёсам: маўляў, выпіць сваю чашу да дна. І - з горкай ісцінай: маўляў, працерці вочы "жывой" вадой - і стаць відушчым, зразумець штосьці галоўнае.

Новы спектакль - сапраўдная падзея не толькі для дадзенага тэатра, але і для ўсёй мастацка-тэатральнай прасторы краіны. Ён годны фестывальных паказаў і, адпаведна, самага прыдзірлівага абмеркавання. Такі высокі прафесійны ўзровень прэм'еры дазваляе ацэньваць яе не паблажліва, а - па найвышэйшай планцы, у параўнанні з сусветнымі тэатральнымі дасягненнямі. Пры такім падыходзе адразу становіцца зразумела, што спектаклю і яго ўдзельнікам ёсць куды расці. Не ўсё, мабыць, да канца прадумана і ў сцэнаграфіі. Высокія "фантазійныя" крэслы ў пэўны момант змяняюцца на нізкія - у тым жа стылі - і асацыятыўна ўспрымаюцца "зніжэннем" высокіх памкненняў герояў. Ажно потым ізноў "узрастаюць", і такая "трохчасткавая завершанасць" прыходзіць у сутыкненне з разамкнутасцю агульнага руху характараў герояў і самога сцэнічнага дзеяння. Надта надакучлівым "тлумачэннем" становіцца выкарыстанне чырвонага ў сцэнічных строях (мастак па касцюмах - Марыя Герасімовіч) - як сімвалу крыві, што павінна праліцца. Чырвоныя пальчаткі Клары, абсалютна не адпаведныя ейнаму строю, "чытаюцца" адразу. Але потым тая чырвань, усё больш ахінаючы астатніх, надае спектаклю адценне залішняй плакатнасці. А пастаноўка ж - якраз не плакатная! "Кінутымі" застаюцца і некаторыя сюжэтныя дэталі, не да канца даведзенымі - некаторыя цікавыя ідэі.

Але галоўнае - у спектаклі, насамрэч, тых ідэй багата! У ім яднаюцца многія адметныя асаблівасці рэжысёрскага почырку Барыса Луцэнкі, памятныя па яго ранейшых пастаноўках - таго ж У.Шэкспіра, Б.Брэхта. Адрэпеціравана ўсё не проста добра - выдатна! Трохгадзінны спектакль хочацзца глядзець яшчэ, разблытваючы нітку Арыядны, што павінна вывесці з жудаснага лабірынту. Ну а калі хтосьці сыходзіць - значыць, яшчэ "не дайшоў"...

На здымках: сцэны са спектакля "Загадкавы візіт".

Фота Аляксандра Дзмітрыева

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"