Зноўку "Маладзечна" наступіла... нечакана

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Растаялі феерверкі. А "за кадрам" — песні ды праблемы?

/i/content/pi/cult/382/7532/2-1.jpegНацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне грымнуў сёлета для многіх "нечакана". Хтосьці не паспеў "перайсці" следам за форумам на яго штогадовае правядзенне (замест ранейшага біенале - раз на два гады), іншыя - не ўцямілі, што леташні жнівеньскі расклад - часовы і пастаяннае маладзечанскае "месца ў календары" засталося чэрвеньскім. Можа, з-за гэтай "неперабудовы" свядомасці - і тыя праблемы, з якімі сутыкнуўся сёлетні песенны форум?

Учора і сёння тыя, хто не даехаў да Маладзечна, глядзяць тэлеверсіі трох вечароў. Гэта "песняроўская" рок-опера "Курган" Ігара Лучанка, адноўленая Андрэем Скарынкіным з выкарыстаннем на відэа ілюстрацый Арлена Кашкурэвіча, запрашэннем шматлікіх музыкантаў (Князёўна - Вікторыя Алешка, Князь - Вячаслаў Статкевіч) і Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, які акрамя ўдзелу ў праекце даў свой сольнік. Гэта і заключны гала-канцэрт "Залатая калекцыя беларускай песні", падрыхтаваны Маладзёжным тэатрам эстрады, і канцэрт адкрыцця фестывалю з урачыстымі прамовамі і праграмай "Дзве яркія зоркі" Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга (мастацкага кіраўніка фестывалю і старшыні журы конкурсу). Згаданую праграму, прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і названую так паводле новай песні Эдуарда Зарыцкага, можна было пачуць таксама ў прамым эфіры Беларускага радыё. Мы ж спынім увагу на тым, што засталося "па-за кадрам" і што выклікае найбольшыя пытанні, хвалюючы не толькі ў час святочных феерверкаў.

Куды сыходзяць лаўрэаты?

Конкурс у рамках фестывалю заўсёды лічыцца "эпіцэнтрам" апошняга, яго драматургічным стрыжнем ды галоўнай інтрыгай. Так сталася і сёлета. З адной толькі папраўкай: прайшоўшы, паводле традыцыі, напярэдадні ўрачыстага адкрыцця, ён так і застаўся "дзесьці ў мінулым", нават не вывеўшы на сцэну амфітэатра пераможцаў.

Можна ўсё спісаць на занятасць саміх канкурсантаў: адспяваўшы, яны спяшаліся дадому. Тым больш, пачатак чэрвеня - час іспытаў у старшакласнікаў і студэнтаў. Але, ад'язджаючы, пераможцы ўсё ж запытваліся: маўляў, мы толькі дыпломы свае атрымаем ці нешта спяём? Пераканаўшыся, што спеваў ад іх не чакаюць, забіралі дыпломы без урачыстасцей, зазірнуўшы на хвілінку ў прыёмную Палаца культуры...

Дык хто ж тых пераможцаў будзе ведаць, акрамя іхніх калег ды спецыялістаў? А між тым, на фестывалі не сціхалі эмацыйныя, палымяныя дыскусіі: куды знікаюць лаўрэаты? Чаму мы іх больш нідзе не бачым? На іншых конкурсах, дарэчы, існуе добрая традыцыя запрашаць лаўрэатаў мінулых гадоў. Гэта карысна для ўсіх бакоў: конкурс такім чынам быццам "прымярае" выканальніцкую планку, лаўрэаты ж не павінны "расслабляцца" (званне, як-ніяк, абавязвае), ну а глядач атрымлівае дадатковую порцыю эстэтычнай асалоды. Ці, можа, наадварот, што таксама карысна - "для параўнання": маўляў, так было і так стала.

У Маладзечне падобная традыцыя таксама існуе! Але - адно для тых пераможцаў, якія працуюць у складзе Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Для астатніх, падобна на тое, месца ў фестывальных праграмах не хапае. Ці яны туды не надта і імкнуцца? Праўда, леташнюю пераможцу - Кацярыну Худзінец - "вычапіла" рэдакцыя газеты "Авацыя" Палаца культуры г. Маладзечна, змясціўшы з ёй інтэрв'ю. Але ж газетныя старонкі ў стане перадаць думкі, а не спевы!

З сёлетнімі лаўрэатамі, думаю, будзе яшчэ горш. Некаторым з іх, прызнацца, проста пашанцавала, што "на вялікай публіцы" ў амфітэатры спяваць было не трэба. Не, агульны ўзровень конкурсу быў вельмі і вельмі добры! Не было фальшу, крыку замест спеваў, больш было музычнасці, асэнсаванасці - асабліва ў параўнанні з леташнім конкурсам і сёлетнімі адборамі на "Новую хвалю" ды "Славянскі базар у Віцебску"./i/content/pi/cult/382/7532/2-2.gif

Цяжка, папраўдзе немагчыма было вызначыць уладальніка Гран-пры, бо адразу выявілася цэлая чарада адметных, выдатна падрыхтаваных дзяўчат і юнакоў, якія маглі б прэтэндаваць на ўзнагароды. Журы, падобна на тое, вырашыла пайсці па шляху дэмакратызму і падтрымаць "несталічных" выканаўцаў. Яно, можа, і добра, але ўзровень усяго конкурсу ды прафесіяналізм яго пераможцаў прыйшлі ў супярэчанне. Бо нельга вылучаць адно за тэмбр голасу, калі спявак не ведае, што яму рабіць са сваімі прыроднымі данымі, як тым голасам "кіраваць". Можна шмат папікаць канкурсантаў, што яны не ўмеюць падбіраць рэпертуар, не ўключаюць у яго песні, якія сталіся нацыянальнай класікай, замяняючы іх "местачковымі" кампазіцыямі незразумелага гатунку. І калі пераможцам становіцца той, хто прывозіць на конкурс дзве песні аднаго аўтара - як гаворыцца, "местачковага гатунку", - дык гэта таксама, відаць, "кіраўніцтва для дзеяння", адрасаванае будучым канкурсантам.

Спрабуючы спалучыць слова са справай падтрымкі творчай моладзі, вылучым такіх выканаўцаў, як Настасся Філіпава з Віцебшчыны (Другая прэмія), быццам народжаная для выканання балад (асабліва тых, якія калісьці спявала яе старэйшая сястра Марына); Аляксей Чорны з Магілёўшчыны (Другая прэмія), што пасля колішняга "заваднога"-танцавальнага рэпертуару ўразіў трагедыйнасцю "Перапёлачкі"; Кацярына Ганчарова з Гродзеншчыны (Трэцяя прэмія), якая змагла адысці ад капіравання Ірыны Дарафеевай у песні "Азярцо" Дзмітрыя Даўгалёва на словы Уладзіміра Пецюкевіча ды скарыла эмацыйнасцю ў "Баладзе пра маці" Івана Кузняцова. Не абмінём і такіх адметных прадстаўнікоў Міншчыны, як Аляксандр Саванец, Бажэна Янкевіч (абое - навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў), а таксама мінчаніна Яўгена Герасімовіча.

Дазволім сабе яшчэ некалькі заўваг і прапаноў. Калі адным з конкурсных мінусаў традыцыйна застаецца недахоп добрых прафесійных песень, дык чаму б не вылучыць "абавязковы рэпертуар"? Пад фанаграму "мінус адзін" удзельнікі маглі б спяваць любую беларускамоўную песню беларускіх аўтараў (гэтую ўмову, дарэчы, выконвалі не ўсе: гучалі і песні не беларускіх аўтараў, але беларускамоўныя). А з аркестрам - песню, абраную з рэкамендаванага спіса. Як на акадэмічных конкурсах: з аркестрам ніхто не выконвае свае ўласныя творы - толькі прызнаную класіку. А сольна - калі ласка, можна ўключыць у праграму і штосьці сваё.

Узнікла пытанне і фінальнай песні, якая завяршала б конкурс на папраўдзе высокай ноце, незалежна ад рэпертуару ды ўзроўню апошняга ўдзельніка. Такая традыцыя існуе на многіх конкурсах - пэўна, прыдалася б яна і ў Маладзечне.

Ах, дзеці-дзеці,

куды ж вас падзеці...

Традыцыйны канцэрт юных выканаўцаў, сёлета названы "Край мой родны!", нікога не пакінуў абыякавым. Дзеці кранаюць заўсёды, нават калі дзесьці штосьці "не дацягваюць", бо выратоўвае дзіцячая непасрэднасць. Усё гэта было і сёлета - цэлае мора эпітэтаў можна адрасаваць і арганізатарам, і ўсім кіраўнікам шматлікіх дзіцячых калектываў, і кожнаму з удзельнікаў. Але ж - мы дамовіліся агучваць праблемы.

Таму, пры ўсіх ухваленнях, зноў звярну ўвагу на рэпертуар. І на спевы жыўцом. Вядома, што гала-канцэрт, дзе спевакі і калектывы змяняюць адно аднаго, патрабуе дадатковых высілкаў для жывога гучання. Але - навошта прывучваць дзятву "фанерыць"? Тым больш, што зала Палаца культуры не такая ўжо "стадыённая", каб не быць у ёй пачутымі.

Што ж да рэпертуару, дык большасць песень эстраднага блока - зноў-такі, невядомага гатунку. Можа, менавіта так мы і прывіваем густы? Заўважнай была і яшчэ адна акалічнасць: аднастайнасць. Тэматыка дзіцячых беларускамоўных песень - скрозь патрыятычная. Але - няўжо не могуць быць на конкурсе ці фестывалі беларускамоўныя песні на ўсе астатнія тэмы, якія хвалююць дзятву?..

Ну а сярод "самага-самага" пазітыву адзначу народную дзіцячую студыю "Натхненне" з Клецка, якая прадэманстравана саламяныя спаднічкі, сукенкі, фартушкі - адметныя дзявочыя саламяныя строі, годныя таго, каб іх паказваць на тым жа "Славянскім базары ў Віцебску". Ау, рэжысёры! Няўжо такая "дэманстрацыя мод" у нацыянальным стылі не будзе запатрабаванай?

Тэатральная

"бочка з лыжкай"

Сапраўдны сюрпрыз падрыхтаваў Мінскі абласны драматычны тэатр: яго прысвячэнне Янку Купалу і Якубу Коласу сталася адным з самых яркіх фестывальных уражанняў. Ды толькі хто ж так піярыць добрае пачынанне? У праграме гэты праект быў пазначаны як літаратурна-музычны вечар "Паэзіі чароўная краса". Жанр і назва - абсалютна "непрадавальныя", як скажа любы прадзюсар. На справе ж - сапраўдны спектакль са сцэнаграфіяй, касцюмамі, відэавыявамі, што суправаджаюць усё дзеянне, заснаваны на вершах, песнях, звестках пра паэтаў, на тэатралізаваных фрагментах і пластыцы (аўтар сцэнарыя і рэжысёр - Сяргей Карзей). А галоўнае - разам з маладзечанцамі ўдзельнічалі народныя артысты Беларусі, зоркі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Марыя Захарэвіч і Генадзь Аўсяннікаў, выступленні якіх сталіся сапраўднай кульмінацыяй дзеі.

Асаблівасць драматургіі гэтага праекта ў тым, што вечар, як мне падалося, можа ісці і без устаўных "гасцявых" нумароў, і з іншымі запрошанымі зоркамі. Нават замежнымі - галоўнае, каб гэтак жа таленавіта чыталі купалаўскія ды коласаўскія радкі. "Сюжэтная" канва пабудавана на лагічнай паслядоўнасці: прырода - чалавек - народ. Каб стварыць відэашэраг, тэатр звяртаўся па матэрыялы ў музеі, самастойна рабіў лірычныя відэазамалёўкі мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю паэтаў, гэтак жа рупліва адбіраліся самі творы і іх фрагменты. Адрэпеціравана ўсё так, быццам спектакль трывала ўтрымліваецца ў рэпертуары, праходзячы па некалькі разоў на месяц. Дык няўжо ўсё гэта - паказалі да фестывалю, дый хопіць?

- Мы запрасілі на прэм'еру кіраўніцтва і выкладчыкаў шматлікіх школ, - праясніў сітуацыю дырэктар тэатра Юрый Крывенькі. - Ды не ўсе, відаць, палічылі, што ім гэта трэба. Але мы зрабілі відэазапіс. Выдадзены на кампакт-дыску, ён мог бы таксама выкарыстоўвацца як "наглядны дапаможнік" для навучэнцаў і ўсіх зацікаўленых...

Зроблены прафесійна, з вялікай любоўю да беларускага слова, праект здольны выклікаць такую ж любоў да творчасці славутых паэтаў, жаданне перачытаць іх старонкі. Дый у песнях, калі іх выконвалі (між іншым, жыўцом) драматычныя акцёры, на першы план выходзіў паэтычны тэкст - і яго сэнс. Што ж нашы школы - скончылі вучэбны год, а да наступнага яшчэ далёка? Але ж выхаваўчы працэс не мае перапынкаў ці "канікул".

Што ж, як кажуць у такіх выпадках, "будзем спадзявацца"... Найперш - на тое, што наступны фестываль пазбавіцца ўсіх сёлетніх праблем, выкліканых, "будзем спадзявацца", усяго толькі каляндарным пераносам фэсту з адпачынкава-лагоднага жніўня на "іспытны" чэрвень...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"