Мерапрыемства, у якім прымаюць удзел некалькі соцень творцаў з Азербайджана, Турцыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, прафінансавана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленнем культуры Віцебскага аблвыканкама і Браслаўскім райвыканкамам.
Святу традыцыйнай культуры - ледзь не паўсотні гадоў. За гэты час яно падарыла раёну не адзін адмысловы брэнд. Сярод іх - Чаруня, казачны герой мясцовых паданняў і легенд. Менавіта ён натхніў юных мастакоў на правядзенне жывапіснага пленэру. А яшчэ ў пятніцу працавала творчая лабараторыя "Этнамузычная скарбонка Браслаўшчыны", прайшоў творчы вечар з удзелам замежных творчых калектываў. Яшчэ адзін брэнд свята - фольк-дыскатэка "Патанчым з Яўгенам": у мясцовым РДК працуюць аж тры Яўгены, і кожны з іх - крэатыўны вядучы танцавальных вечароў.
Сёння на будынку Браслаўскага краязнаўчага музея адкрыюць мемарыяльную дошку Отану Гедэману - гісторыку і краязнаўцу, які даследаваў этнічныя цікавосткі азёрнага краю. Галоўныя падзеі суботы - харавая асамблея з удзелам лепшых калектываў вобласці, фальклорны фэст і свята "На скрыжаванні пяці азёр".
Заўтра ў райвыканкаме запланаваны міжнародны інвестыцыйны форум. А ў лесапарку "Леснічоўка" пройдуць тэатралізаванае шэсце і гала-канцэрт.