Лялечны “гол”

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

102 тэатральныя калектывы з 46 краін свету, больш за 500 спектакляў і прызнанне беларускай пастаноўкі “Халстамер” паводле А.Талстога адной з лепшых на Сусветным фестывалі тэатраў лялек у Кітаі.

 

Такі вынік удзелу Брэсцкага тэатра лялек у форуме, арганізаваным у рамках ХХІ Кангрэсу Міжнароднага саюза дзеячаў тэатраў лялек UNIMA, які прайшоў у кітайскім Чэнду.

Вяршыню прафесійнага прызнання айчынныя лялечнікі атрымалі разам з калектывамі з Нарвегіі, ЗША і Кітая. Яны сталі першым калектывам з Беларусі, які прыняў удзел у кангрэсе UNIMA і Сусветным фестывалі за ўсю гісторыю арганізацыі.

Наступны фестывальны маршрут, якім неўзабаве рушыць Брэсцкі тэатр лялек, пралягае ў Тэгеран, дзе з 30 чэрвеня па 5 ліпеня ў рамках Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек брэстаўчане пакажуць "Месяц Сальеры" ды, вядома ж, "Халстамер".