Адлегласць — не перашкода для паразумення

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

22 кастрычніка, напярэдадні адкрыцця Дзён культуры Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнікоў армянскай дэлегацыі прыняў міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук. Падчас сустрэчы былі акрэслены будучыя сумесныя праекты ў самых розных напрамках — ад літаратурнага перакладу да фестывальнага руху. Больш дэталёва гэтыя “пункты судакранання” будуць сфармуляваны ў новай праграме культурнага супрацоўніцтва дзвюх краін на 2008 — 2010 гг. Міністр культуры Рэспублікі Арменія Асмік Пагасян прапанавала прыступіць да яе распрацоўкі як мага хутчэй і дзеля гэтага запрасіла свайго беларускага калегу ў Ерэван з візітам у адказ. Адразу пасля сустрэчы Асмік ПАГАСЯН адказала на некалькі пытанняў нашага карэспандэнта.

 /i/content/pi/cult/134/752/Adleglascj.jpg
— Якімі крытэрыямі вы кіраваліся пры падрыхтоўцы праграмы?
— Мы паспрабавалі збалансаваць у ёй нашы традыцыі і сучаснае мастацтва. Адпачатку праграма была вельмі цэласная і канцэптуальна прадуманая, але такая трагічная падзея, як раптоўная смерць прэм’ер-міністра Арменіі, перакрэсліла нашы планы. Першая частка Дзён культуры — выстаўка нашага цудоўнага мастака Акопа Акапяна — адбылася яшчэ ўвесну, а сёння беларускі глядач убачыць тое, што мы прывезлі цяпер.
Гэтым разам мы надалі пачэсную ўвагу творчай моладзі — менавіта з яе складаецца наш сімфанічны аркестр. Яшчэ адна інавацыя — удзел у падобным мерапрыемстве недзяржаўных калектываў.Такім чынам, мы маем усе падставы спадзявацца, што сучасны стан армянскай культуры будзе прадстаўлены ёміста ды змястоўна. А вось што да нашай спадчыны... На вялікі жаль, магчымасці паказаць бясцэнныя музейныя экспанаты мы пакуль не знайшлі — можна сабе ўявіць, як складана зладзіць за мяжой выстаўку каштоўнейшых артэфактаў, створаных яшчэ да нашай эры. Але будзем спадзявацца, што наступным разам фармат нашых Дзён культуры ўдасца пашырыць.
— На Беларусі вы ўжо не ўпершыню. Якое ўражанне склалася ў вас пра нашу публіку і яе культурныя патрабаванні?
— Першая сустрэча з беларускай публікай чакае мяне літаральна праз паўгадзіны (Асмік Сцяпанаўна акурат скіроўвалася на спектакль Ерэванскага камернага тэатра — наш. кар.), таму пытанне трохі заўчаснае. Аднак веру, што і я, і нашы артысты будзем задаволеныя і ўзрадаваныя рэакцыяй гледачоў. Чаму я маю такі спадзеў? Бо ладзячы шпацыры па мінскіх вуліцах, размаўляючы з людзьмі розных прафесій і ўзростаў, я яшчэ раз упэўнівалася ў тым, што культура — паняцце вельмі шырокае. У прыватнасці, можна казаць пра культуру зносінаў ды адносінаў. У беларусаў яна на каласальнай вышыні, і гэта змушае чакаць чарговага прыезду ў вашу краіну з нецярплівасцю. Спадзяюся, што і нашы артысты спраўдзяць чаканні гледачоў.
— Беларусь і Арменію падзяляюць многія тысячы кіламетраў. Ці можна правесці паралелі паміж нашымі культурамі?
— Абедзве краіны знаходзяцца як бы на памежжы цывілізацый, што цягам многіх стагоддзяў вызначае іх культуру ды, у пэўнай меры, фармуе менталітэт. Мне здаецца, што ён у нас падобны. Агульнае і тое, што мы застаемся вернымі спрадвечным чалавечым каштоўнасцям, якія гэтак моцна скажаюцца ў сучасным свеце.
Возьмем, да прыкладу, наша асаблівае стаўленне да друкаванага слова — яно сёння ўласцівае далёка не ўсім народам. Мяне вельмі ўражвае той маштаб, з якім у вас штовосень праходзіць Дзень беларускага пісьменства. Можа, невыпадкова, што ў Арменіі прыкладна ў той самы час спраўляецца свята перакладчыкаў, чые карані сягаюць ажно да V стагоддзя! І гэты піетэт да слова сведчыць пра тое, што нашы культуры маюць вельмі шмат агульнага. Адпаведна, ніякіх перашкодаў для паразумення паміж імі няма. Нам застаецца толькі інтэнсіўней працаваць дзеля таго, каб культурныя стасункі дзвюх краін з кожным годамузмацняліся.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА