Грант для Тызенгаўза

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Паводле Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрасаюза “Латвія — Літва — Беларусь” на рэканструкцыю палаца графа Антонія Тызенгаўза ў Паставах атрыманы грант у 300 тысяч еўра.

 

Як вядома, восем гадоў таму пад гэтыя мэты ўжо было атрымана фінансаванне з UNESCO, і тады ў старадаўнім будынку (тут, нагадаем, сёння месціцца Пастаўская цэнтральная раённая бальніца) удалося адрамантаваць усе ўнутраныя памяшканні і нават зрабіць у ім невялікі музейны пакой. "К" пісала пра гэта неаднойчы.

Цяпер жа, па словах начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Аксаны Сакаловай, на атрыманыя сродкі плануецца правесці ўсе неабходныя рамонтныя работы ў падвальных і паўпадвальных памяшканнях палаца. Цягам некалькіх месяцаў на плошчы ў 450 квадратных метраў з'явяцца пакоі для турыстаў, філіял краязнаўчага музея, зала камернай музыкі і, магчыма, канферэнц-зала. Дзякуючы пашырэнню музейных плошчаў, перакананы ў Пастаўскім райвыканкаме, горад будзе наведваць усё больш турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа. І планы гэтыя - рэальныя.

Па словах Аксаны Сакаловай, усе работы плануецца завяршыць да канца бягучага года, прычым пасля ўзвядзення прыбудовы да галоўнага корпуса раённай бальніцы медыкі змогуць вызваліць палову старадаўняга будынка, пакінуўшы сабе адміністрацыйныя памяшканні, гасцініцу і кафэ "У Антонія". Усе іншыя плошчы помніка гісторыка-культурнай спадчыны будуць перададзены аддзелу культуры Пастаўскага райвыканкама.