У дзень адкрыцця фестывалю Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі” пакажа ва ўнутраным дворыку Нясвіжскага палаца сваю прэм’еру оперы “Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага — усяго пасля двух першых спектакляў на стацыянарнай сцэне, што адбудуцца 18 і 19 чэрвеня. У наступныя фестывальныя дні ў Нясвіжы можна будзе паглядзець аднаактовыя балеты “Кармэн-сюіта” і “Балеро” — у тым жа ўтульным дворыку, на адкрытым паветры. Завершыцца фестывальны расклад “open air”, паводле традыцыі, гала-канцэртам.
Іншыя канцэрты ахопяць не толькі, як летась, гарадскую Ратушу і касцёл Божага Цела, вядомы як Фарны, але і нядаўна адкрытую Тэатральную залу ў самім замку: менавіта там прагучаць камерныя творы на вершы Уладзіслава Сыракомлі, аб’яднаныя ў праграму “Ты словы свае прысвяціў Беларусі”. У касцёле ж, зразумела, выступіць хор тэатра на чале з народнай артысткай Беларусі Нінай Ламановіч, выканаўшы творы беларускіх кампазітараў ХVIII — ХІХ стагоддзяў Осіпа Казлоўскага і Юзафа Дашчынскага. Ну а ў Ратушы, як і раней, у суправаджэнні струннага квінтэта “Серэнада” дадуць свой “сольнік на дваіх” Таццяна Траццякова і Станіслаў Трыфанаў.