Авантурны геній Геніна

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Дык пашанцавала ці не мастаку з Высокага?

(Працяг. Пачатак у №№  21 - 22.)

/i/content/pi/cult/381/7513/2-1.jpg...У Германіі застаюцца яго, Геніна, даволі дарослыя дзеці - Хельга і Герхард (ад першай жонкі Марты Карпавай) і пяцігадовы сын Марыа (ад другой жонкі, мастачкі Маргарыты Гурт). Але з сем'ямі мастаку не надта шанцавала. Пасля вяртання з астравоў ён разводзіцца і з Маргарытай. А праз два гады сустракае ў Парыжы чэшку Інесу, аўстрыйскую падданую, таксама мастачку. Ён пражыў з ёй да вясны 1936-га: у СССР яна, ужо сапраўдная парыжанка, не захацела ехаць з Робертам, і на гэтым іхняя сямейная лодка затанула...

Такім чынам, востраў Балі Малайскага архіпелага. Амаль гадавое прабыванне там Геніна (ён наведваў таксама і востраў Ява) пайшло яму на карысць: гэта было яго своеасаблівае "другое нараджэнне" як жывапісца. Тут усё яму прыйшлося па душы: джунглі, вулканы Гунунг-Батура і Гунунг-Агунга, горы Батукау і Абанк, старажытны храм Барабудур, свяшчэнныя бананавыя пальмы, сапотавыя і базальтавыя дрэвы, малпы, кажаны, вавёркі... І - галоўнае - экзатычныя мясцовыя жанчыны і дзяўчаты, якія так і прасіліся на палотны. Таму не дзіва, што Генін сам лічыў свае "стыльныя" балійскія творы, зробленыя з натуры, лепшым з таго, што намаляваў алеем і пастэллю. На восеньскай выстаўцы мастакоў "Парыжскай школы" ў нашым музеі мы пабачым два творы з балійскага цыкла: "Балійка з кветкай" і "Балійка з малпачкамі". Акрамя таго, проста цудоўная серыя яго экзатычна-дэкаратыўных карцін, выкананых алеем, прысвечаная танцоўшчыцам легонга: гэта такі нацыянальны танец "чароўных німф", вяршыня жаноцкасці, вытанчанасці, пластычнасці і лёгкасці.

Я не магу дакладна сказаць пра сапраўдныя прычыны такога вандравання Геніна літаральна на край свету. Зразумела - такі яго авантурны, у чымсьці шалёны, характар. Вядома, паўплывала рамантычная гісторыя палінезійскага жыцця паважанага ім Гагена, якая, праўда, скончылася драмай. Але, мабыць, не гэта галоўнае. Відаць, Генін вельмі стаміўся ад аднастайнай еўрапейскай мітусні і ад людзей, што яго акружалі, асабліва - выдаўцоў і галерэйшчыкаў. Ды і сямейныя канфлікты з жонкай Маргарытай яму даволі-такі абрыдлі. І ён верыў, што там, куды накіроўваўся, можа здабыць новыя сілы. Маўляў, сучасны Захад прагніў, але чалавек моцнага духоўнага складу здолее, падобна да Антэя, пачарпнуць свежую энергію, дакрануўшыся да новай спрадвечнай зямлі. А праз год-два, паздаравеўшым і загартаваным, можна вярнуцца, так бы мовіць, у халодную цывілізацыю.

Генін прабыў на Балі і Яве год. Вярнуўся ў Берлін, але там не затрымаўся. Хутка перабраўся ў Парыж, каб падрыхтавацца да сваёй персанальнай выстаўкі ў галерэі "Бонжан", якая належыла маладому Крысціяну Дзіору, але ў Асконе дом за сабой на ўсялякі выпадак пакінуў. Экспазіцыя была адкрыта напярэдадні новага 1932-га. Вось што пісала 4 снежня 1931 г. парыжская рускамоўная газета "Возрождение": "...Выстаўку Геніна ў галерэі "Бонжан" (вул. Боэсі) па колькасці яе экспанатаў можна называць першай вялікай рускай выстаўкай сезона. Генін яшчэ да вайны быў вядомы ў Германіі, ягоныя карціны - у многіх музеях і сур'ёзных прыватных калекцыях, пра яго напісаны артыкулы, кнігі. Пасля некалькіх вандровак (Ява, Акеанія і г. д.) Генін атабарыўся ў Францыі, і вось, нарэшце, - першая ягоная парыжская выстаўка... У гэтых дзіўнаватых і квяцістых палотнах, хаця і намаляваных пад моцным уплывам Шагала, - усё ж і свой тэмперамент, і жывапісная фантазія. Але яны занадта экспрэсіяністычныя для Парыжа... Генін недастаткова прапрацоўвае сваю фактуру, жывапіс яго часам аддае кірмашовай грубаватасцю. Аднак усё гэта не перашкаджае яму быць сапраўдным мастаком і фантастам. (Адзначым асабліва карціну "Нявеста".) Пастэлі яго вылучаюцца вялікім дэкаратыўным пачуццём..."

Хачу прывесці яшчэ адзін фрагмент артыкула вядомага французскага паэта і мастацкага крытыка Андрэ Сальмона - блізкага сябра Ж.Както, Г.Апалінэра і А.Мадзільяні, таго самага, які адным з першых высока ацаніў творчасць маладога Пікаса-кубіста: "...Генін лічыць ні за што ўстаноўленыя правілы. Генін - гэта непрызнаны талент... Ён у 1907 годзе з'явіўся сярод нас, у міжнародным і фарбавым атачэнні "Вулея", у Важырары. Тым не менш, яму былі прысвечаны толькі невялічкія водгукі, бо гэты маленькі рускі яўрэй, якога мала турбавала свецкасць, вазіў свае палотны ў калясцы ў Салон Незалежных. Толькі адзін калекцыянер праявіў інтарэс. Ведаеце, хто гэта быў? Фелікс Патэн! Генін не надаў увагі прапанове Патэна, што была напісана на бланку вядомага бакалейнага магазіна. Ён прачытаў яе значна пазней, пакінуўшы нас дзеля астравоў Малайскага архіпелага, адкуль вярнуўся праездам праз Лаго-Маджорэ, Швейцарыю ды Германію, дзе фанатыкі змагаліся за яго карціны. Генін выставіў карціны і гуашы. Іх называлі неахайнымі - ці то лаялі, ці то хвалілі. Яны ж, наадварот, дэманструюць дакладныя веды і разуменне малюнка... Але ягоныя кампазіцыі - гэта яшчэ і мары. Яго не палохае банальнасць "сюжэта". Як і іншыя яўрэйска-рускія мастакі Шагал, Суцін, Крэмень, ён выйшаў са славянскага фальклору, але прайшоў праз Яву - не будзем забывацца на гэта. У пластыцы, у абыходжанні з колерам ён знайшоў сакрэт, як, маючы схільнасць да летуценнасці, аддзяліць сябе ад таго, кім ён быў у маладосці..."

Апошняя выстаўка Геніна перад яго прыездам у Савецкі Саюз адбылася вясной 1935 г. у Нью-Ёрку, у галерэі Карла Ліліенфельда. Амаль палова работ (усяго іх было 32) прысвячалася жанчынам вострава Балі, другая - уласна французскія сюжэты. У каталогу пісалася: "...Лірычны элемент, падобны да сну, з'яўляецца ў яго апошніх творах "Нявеста", "Бландзінка", "Мастак", у якіх аўтар, хаця і жыве ў Парыжы, выразна выдае сваё рускае паходжанне... Менавіта ў гэтых позніх работах, дзе спалучаны асабісты лірызм і сіла нацыянальнага характару, Генін дасягае найбольш гарманічнага рашэння сваіх мастацкіх і эмацыянальных праблем..."/i/content/pi/cult/381/7513/2-2.jpg

Цяжка сказаць, калі ён канчаткова вырашыў ехаць у Савецкі Саюз. Думаю, не пазней за сярэдзіну 1930-х. А можа, і раней, калі ў сваіх думках маляваў вобраз новай савецкай Расіі. Ды што ў думках? У сваім доме пад Парыжам стварыў невялічкія фрэскі пра "шчаслівае юнацтва" пад "савецкім небам". І праз Сяргея Багоцкага - прадстаўніка савецкага Чырвонага Крыжа пры Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа ў Жэневе - атрымлівае савецкі пашпарт. Дарэчы, гэта той самы Багоцкі, прафесійны рэвалюцыянер, былы катаржанін, які прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі вяртання Леніна ў Расію і потым наладжваў савецкую сістэму аховы здароўя. У 1938-м яго раптам адклікалі ў СССР, але, на шчасце, ён цудам пазбегнуў сталінскіх рэпрэсій. І з Геніным будзе мець у Маскве сяброўскія стасункі да самага пачатку вайны...

Такім чынам, сакавік 1936 года. Масква. Перон Беларускага вакзала. Генін выходзіць з вагона, акрылены страснай, непераадольнай марай маляваць фрэскі на маскоўскіх новабудоўлях, быць сапраўдным будаўніком сацыялістычнага грамадства. Ён верыў, што як мастак-манументаліст патрэбны Савецкай краіне. Мастацтвазнаўца Аляксандр Ром, былы актыўны ўдзельнік мастацкага жыцця ў паслярэвалюцыйным Віцебску, у артыкуле ў газеце "Советское искусство" ад 4 снежня 1938 года спасылаецца на меркаванне знакамітага пісьменніка Ліёна Фейхтвангера, тагачаснага адэпта сталінскага рэжыму, пра Геніна, якога ведаў яшчэ ў Германіі: "...Генін - прыроджаны фрэскіст. Усе ягоныя творы - гэта фрэскі ці эскізы для фрэсак. Цяпер ён адчуў у маладым пакаленні СССР тое адзінства вялікага, вечна юнага мастацтва, якога так не хапае нашай злашчаснай Еўропе. Проста, з дзіцячай непасрэднасцю і верай ён змагаецца за новы велічны фрэскавы жывапіс, праз які жадае вучыць савецкую моладзь..."

Так, Генін з энтузіязмам уключаецца ў новую рэчаіснасць, сустракаецца са старымі сябрамі маладосці А.Магілеўскім, А.Нюрэнбергам, М.Налевым, знаёміцца з мастакамі М.Чарнышовым, А.Дэйнэкам, С.Някрыціным, Я.Лансэрэ, П.Корыным, архітэктарамі Д.Іафанам і А.Шчусевым. Словам, па першым часе кайфаваў. Хаця Магілеўскі мякка падкрэслівае: "...Ягоныя занадта рашучыя ўчынкі, навеяныя фантазіяй, бывала, прыводзілі яго ў стан роспачы. Некаторая хваравітасць характару, дзякуючы яго выхаванню, павінна была адбіцца на яго далейшым жыцці..." І праз нейкі час прадказанне сябра збылося самым драматычным чынам.

А пакуль усё ішло добра. 7 чэрвеня 1936 года Генін на сходзе Маскоўскай арганізацыі саюза савецкіх мастакоў (МОССХ) робіць вялікі даклад пра фрэскавы жывапіс. У дакладзе ёсць і такія думкі: "...Каб я не прыехаў сюды, я перастаў бы займацца жывапісам. Бо жывапіс там - гэта прыгожая анучка... Мастаком не цікавіцца ні грамадства, ні ўрад. Творы мастака з'яўляюцца проста прыгожым аб'ектам. Калі ў цябе грошы ёсць - ты цар, калі няма - лепш памерці. Заходнія мастакі зайздросцяць нам, бо наша - адзіная краіна, дзе мастак з'яўляецца чалавекам, які будуе разам з іншымі сацыялістычнае грамадства. Там нават цяжка разумець, што мастак можа быць патрэбным чалавекам. У гэтым - галоўная сіла савецкага мастака і нашага становішча. Дык вось, каб мне не ўдалося сюды прыехаць, я не мог бы больш займацца жывапісам...."

Генін, канешне ж, у гэтым пасыле хітруе. Там, і ў Германіі, і ў Францыі, і ў ЗША, у яго мелася шмат заказаў, і яму было б грэх скардзіцца на бядноту ды грамадскае непрызнанне. Але далей у дакладзе ён раптам абураецца і ўдакладняе: "...Я прыехаў сюды не таму, што быў раней прыніжаны і зняважаны. Наадварот, я пакінуў там багацце. Я быў бы шчаслівы, каб мая зямля ў Швейцарыі (меў на ўвазе маёнтак у Асконэ. - Б.К.) магла б вам як-небудзь служыць. Я не магу і не жадаю мець там ніякай маёмасці. Але вось мне балюча, што прабыўшы тры месяцы на сваёй радзіме, я яшчэ не стаў членам яе сям'і. Я прызнаюся: гэта балюча. Калі прыходжу ў бібліятэку, мне кажуць: "Вы не ў МОССХу, вы не мастак". Значыць, я - не мастак?.. І Шчусеў згадаў, што я не ў МОССХу, і што творы падобнага роду (маляваць фрэскі. - Б.К.) павінны прайсці праз такую ўстанову...". І далей, зусім адчайна: "Мне бясконца балюча. Па начах я вяду страшэнную барацьбу з клапамі, што для мяне вельмі цяжка. Я міжволі ўспамінаю Ніццу, дзе стаіць мой дамок (другі, пасля Швейцарыі. - Б.К.), і вялікі сад, і свой лес. Я пяць месяцаў таму правёў там электрычнае святло... Але ўсё ж, калі б мне сказалі - вяртайся назад, - я гатовы ўзяцца за кожнага клапа, толькі б трымацца, каб мяне назад не прагналі. Па начах думаеш: як жа так, хочаш быць часткай цэлага, - а табе кажуць: дурань, бяры заказ і зарабляй грошы. Гэта не можа задаволіць чалавека, якому тое і не трэба. Я прыехаў сюды выключна з мэтай калектыўна працаваць, дапамагаць сваім вопытам і сваімі ведамі, а ў рабоце з фрэскай асабліва павінна быць калектыўнае і сяброўскае спаборніцтва..."

Не ведаю, дапамог ці не гэты даклад Геніна, але ўжо 31 ліпеня таго ж года ў газеце "Правда" з'явілася публікацыя пад назвай "Пано мастака Р.Геніна для Усесаюзнай С.-Г. выстаўкі": "Наркамат саўгасаў СССР запрасіў прыехаўшага з-за мяжы вядомага майстра манументальнага жывапісу Р.Геніна для ўдзелу ў афармленні павільёна саўгасаў на наступнай сельскагаспадарчай выстаўцы. Па заданні Наркамата мастак Генін выязджаў на месяц у буйны жывёлагадоўчы саўгас "Грачовыя горкі", дзе намаляваў шэраг найцікавейшых эцюдаў і эскізаў для манументальнага пано на вытворча-бытавыя тэмы..."

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"