Палац пяці стагоддзяў — у нашай сталіцы

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Адметны праект працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Гасцям установы прадстаўлена выстаўка са збору Нацыянальнага музея Літвы “Палац вялікіх князёў літоўскіх”, арганізаваная дзякуючы фінансавай падтрымцы аднаго са спонсараў нашага музея.

/i/content/pi/cult/381/7512/1-6.jpegЭкспазіцыя прысвечана гісторыі палаца, жыццю і дзейнасці вялікіх князёў літоўскіх і складаецца з прадметаў інтэр'ера, археалогіі, вырабаў з металу, керамікі. У прыватнасці, дзякуючы праекту можна пазнаёміцца з унікальнымі ўзорамі мэблі, прадметамі побыту і хатняга ўжытку, габеленамі XVI - XVIІ стст., вырабамі керамічнага промыслу XІV - XIX стст., рэдкімі ўзорамі даспехаў, зброі, картаграфіі і атрыбутыкі часоў існавання Вялікага Княства Літоўскага.

Трэба адзначыць, што сваю дзейнасць Нацыянальны музей "Палац вялікіх князёў літоўскіх" распачаў у 2009-м - у год урачыстага святкавання тысячагоддзя першай пісьмовай згадкі назвы "Літва". На думку стваральнікаў праекта, адноўлены палац павінен стаць сімвалам і значным аб'ектам гістарычнай памяці.

Гісторыя Палаца вялікіх князёў літоўскіх пачынаецца з канца XV - пачатку XVI ст. За час свайго існавання ён зазнаў прабыванне Вітаўта, трагічную гісторыю кахання Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, зруйнаванне ў ХІХ стагоддзі. Грунтоўныя археалагічныя даследаванні тэрыторыі вялікакняжацкага палаца былі распачаты толькі ў 1987-м. У выніку іх было назапашана больш за 300 тысяч розных артэфактаў, што і склалі асноўную экспазіцыю музея. Сёння гэта музей тыпу гістарычнай рэзідэнцыі. У ім прадугледжана функцыянаванне пастаянных экспазіцый з частковым аднаўленнем гістарычных інтэр'ераў, ажыццяўленне актыўнай грамадска-адукацыйнай дзейнасці, правядзенне выставак, канцэртаў, канферэнцый, а таксама дзяржаўных мерапрыемстваў на найвышэйшым узроўні.

К.А.

На здымку: Палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільнюсе.