Макет “Тутэйшых” і “Huslar”

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Сёлета, у год юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, у шырокай грамадскасці з’явілася магчымасць праз разнастайныя мерапрыемствы, што адбываюцца ва ўсёй краіне, паглядзець на спадчыну класікаў з іншага ракурсу.

 

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць Літаратурна-мастацкі праект "Светач беларускай паэзіі", прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. У рамках праекта адбыліся прэзентацыі факсімільнага выдання паэтычнага зборніка Янкі Купалы "Шляхам жыцця" і віртуальнага праекта "Янка Купала і Якуб Колас. Да 130-годдзя з дня нараджэння Песняроў зямлі беларускай". Таксама творчая спадчына Купалы была прадстаўлена ў НББ і на юбілейнай кніжна-ілюстрацыйнай выстаўцы "Пясняр беларускай душы", найкаштоўнейшымі экспанатамі якой сталі прыжыццёвыя кнігі класіка "Адвечная песня" і "Huslar", што пабачылі свет у Пецярбургу ў 1910 годзе, а таксама выданні купалаўскіх твораў на замежных мовах.

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў выстаўку "Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне", адкрыццё якой запланавана на 13 чэрвеня. Як паведамілі ў музеі, у рамках выстаўкі прадэманструюць арыгінальныя афішы, праграмы, эскізы дэкарацый і касцюмы да спектакляў паводле твораў Янкі Купалы, макет дэкарацый да пастаноўкі "Тутэйшыя", рукапісы Песняра, нумар газеты "Наша ніва", дзе змешчаны артыкул пра прэм'еру "Паўлінкі", а таксама публікацыі вершаў паэта.

У сваю чаргу, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе чарговая выстаўка да юбілею Песняра. Гэты сумесны беларуска-літоўскі праект мае назвай паэтычны радок Уладзіміра Жылкі "О, Вільня, крывіцкая Мекка!". На выстаўцы - экспанаты з фондаў вільнюскага Літаратурнага музея А.Пушкіна і мінскага музея Якуба Коласа, што дазваляюць даведацца пра нашчадкаў расійскага паэта, лёс якіх звязаны з Вільняй і Віленшчынай, а таксама пра тое, што ўяўляла з сябе калыска беларускага нацыянальнага адраджэння ў гады маладосці Якуба Коласа, у "нашаніўскую" эпоху.

Вялікая ўвага ўдзяляецца не толькі нашым класікам, але і іх даследчыкам. Так, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ўчора адбыўся вечар, прымеркаваны да 70-годдзя вядомага літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы, старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Трэба адзначыць, што дзякуючы плённай працы даследчыка былі выяўлены і апублікаваны архіўныя матэрыялы, якія пралілі святло на многія аспекты вывучэння творчай спадчыны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча. Апошнія па часе даследаванні літаратуразнаўцы ўвайшлі ў новую кнігу "Мой трыглаў", што была прэзентавана пад час імпрэзы.