Мы тое, што мы глядзім?..

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Асаблівасці нацыянальнай рэпертуарнай палітыкі на калегіі Міністэрства культуры РБ

 /i/content/pi/cult/134/751/Kino-kalegija.jpg
25 кастрычніка ў Міністэрстве культуры адбылася планавая калегія, на якую былі запрошаны начальнікі абласных упраўленняў культуры, кіраўнікі рэспубліканскіх і абласных устаноў культуры і мастацтва, шэраг іншых зацікаўленых асоб.
Сярод заяўленых у парадку дня, на сур’ёзнае абмеркаванне было пастаўлена пытанне “Аб мерах па ўдасканаленні рэпертуарнай палітыкі і кадравым забеспячэнні тэатральнай дзейнасці”.
Галоўны дакладчык, начальнік упраўлення мастацтваў Міхаіл Казловіч у сваім выступленні вызначыў тры асноўныя прыярытэтныя накірункі, якія Міністэрства культуры трымае пад увагай — гэта праца тэатраў з класічнай нацыянальнай драматургіяй, творамі сусветнай класікі і рэпертуарам для дзіцячай і маладзёжнай аўдыторыі. У якасці пазітыўнага моманту ён назваў павелічэнне ў нашых тэатрах колькасці пастановак, створаных на аснове нацыянальнай драматургіі: у сярэднім, беларуская класіка ў айчынных тэатрах займае каля трэці рэпертуарнай афішы, у той час як яшчэ зусім нядаўна гэтая лічба была значна меншая. Аднак насцярожанасць выклікае той факт, што пры гэткім звароце да айчыннага матэрыялу спектакляў, якія іграюцца на беларускай мове, надзвычай мала — часам усяго толькі адзін-два на ўвесь рэпертуар. 

Залог поспеху — высакаякасная літаратура
Падлічыўшы “трэцюю частку” нацыянальнай класікі і дапасаваўшы да яе 44 — 45 працэнтаў пастановак паводле класікі сусветнай, відавочна становіцца, што на “астатняе” ў рэпертуары нашых тэатраў застаецца ўсяго толькі каля 20 працэнтаў. І больш за ўсё выклікае заклапочанасць той факт, што нават сярод гэтых працэнтаў надзвычай мала пастановак, сучасных паводле сваёй тэмы і праблематыкі. Як было зазначана падчас дыскусіі, калі б да нас завітаў які-небудзь іншапланецянін і захацеў даведацца пра тое, чым жывуць сёння беларускія людзі і наша дзяржава, наўрад ці знайшоў бы ён для сябе адказ, наведаўшы айчынныя тэатры. А між тым гісторыя і сусветная практыка паказваюць, што тэатры ўзнімаліся “на пік” папулярнасці і станавіліся насамрэч значнымі сацыяльнымі і культурнымі інстытутамі толькі тады, калі звярталіся да праблем, актуальных для сваіх сучаснікаў: няхай гэта будзе тэатр Старажытнай Грэцыі, часоў Мальера ці больш блізкі да нашых дзён маскоўскі “Современник”...
Гэткае зацятае “маўчанне” нашых беларускіх драматургаў, як зазначыў падчас калегіі тэатразнаўца Рычард Смольскі, сведчыць, у першую чаргу, пра сур’ёзныя праблемы і нават “сістэмны крызіс”. Нашы літаратары, сярод якіх, натуральна, і драматургі, павінны больш пільна і адказна ўгледзецца ў сучаснасць, адчуць, чым жывуць людзі, дзе палягаюць іх “болевыя кропкі”. Таму што па-сапраўднаму мастацкі спектакль высокага грамадзянскага гучання нельга паставіць на аснове “сярэдняй” драматургіі — творчы штуршок дае высокая літаратура. 

З драматургамі “за руку”
Тэму “лёсу” сучасных беларускіх драматургаў і іх п’ес працягнула і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. Яна, у прыватнасці, зазначыла, што недастаткова аднаго толькі правядзення “тэматычных” акцый, як то рэгулярныя конкурсы драматургіі пад эгідай Міністэрства культуры. Яны, безумоўна, маюць свой плён і значнасць, але ж у ідэале такія конкурсы павінны мець не разавы, а “працяглы эфект”. Узгадаўшы драматургічны конкурс, які быў арганізаваны да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яна падкрэсліла, што з 12 адзначаных на гэтым конкурсе п’ес у далейшым толькі дзве былі пастаўлены ў тэатрах краіны. А які лёс астатніх? Ірына Уладзіміраўна скіравала ўвагу прысутных менавіта на неабходнасць сістэмнай работы з п’есамі не толькі на этапе самога конкурса, але і на пазнейшым іх шляху да тэатральнай рампы. Бо вельмі часта для таго, каб п’еса як твор літаратуры стала менавіта драматургічным матэрыялам — падмуркам для сцэнічнай дзеі, неабходна сур’ёзная праца. І тут, як было зазначана, неабходна “браць драматурга за руку” і пераадольваць разам з ім крок за крокам гэты складаны шлях да гледачоў. 

Прыхаваныя рэзервы
Неаднойчы ўжо кіраўнікі тэатральных устаноў краіны на адпаведных сустрэчах узнімалі балючае для іх пытанне,якое датычыць коштаў на тэатральныя квіткі. Не абмінулі яго і гэтым разам. “Сакрэт” такога пастаянства крыецца ў тым, што, з аднаго боку, згодна з існуючай пастановай Прэзідэнта, выдадзенай яшчэ некалькі гадоў таму, чвэрць білетаў на той ці іншы тэатральны спектакль павінна мець фіксаваны “сацыяльны” кошт, астатнія 75 працэнтаў — гэта той “люфт”, які дазваляе кіраўнікам устаноў маніпуляваць прыбыткамі ад спектакляў, устанаўліваючы на іх адпаведныя попыту цэны. Але ж на справе аказваецца, што згодна з іншымі фінансавымі пастановамі, кошты на гэтыя “тры чвэрці” на працягу года можна ўзнімаць не больш як на тры працэнты! Да таго ж, сама працэдура гэтая надзвычай марудная, так што дырэктары тэатраў, па сутнасці, амаль не маюць рэальных механізмаў для таго, каб аператыўна рэагаваць на патрэбы тэатральнага рынку, узнімаючы кошт білетаў на аншлагавыя, касавыя спектаклі альбо зніжаючы іх на сацыяльна значныя пастаноўкі ці на тыя, якія ўжо аджылі свой век і мусяць у хуткім часе сысці са сцэны. 

Кадры вырашаюць...
Адным з пастаянных клопатаў Міністэрства культуры, агучаных і на дадзенай калегіі, па-ранейшаму застаецца кадравае пытанне. У сувязі з размовай пра фарміраванне рэпертуарнай палітыкі яно загучала яшчэ вастрэй. Калі пытанне папаўнення тэатраў маладымі акцёрамі на сённяшні дзень даволі-такі скаардынаванае, то адсутнасць у большасці абласных тэатраў мастацкіх кіраўнікоў застаецца “балючай кропкай”. Тэндэнцыя рэжысёрскага інтарэсу да “свабоднай” працы ў якасці запрошаных пастаноўшчыкаў узнікла не сёння і нават не ўчора, і паспрыяла гэтаму шмат аб’ектыўных фактараў. Але ж сёння, у час, калі мы зноў звяртаем увагу на тое, што тэатры — не проста ўстановы, закліканыя “забаўляць”, а буйныя асяродкі культуры і мастацтва і, да ўсяго, магутныя ідэалагічныя структуры, здольныя ўплываць на свядомасць мас, фарміруючы сістэму каштоўнасцей і нацыянальных прыярытэтаў у галовах і сэрцах сваіх наведвальнікаў, пільнай увагі патрабуюць не толькі эканамічныя пытанні, але ж і вызначэнне стратэгічнага курсу мастацка-творчага руху тэатраў. І натуральна, што фігура мастацкага кіраўніка ў падобнай сістэме каардынат мусіць быць не намінальнай, а як ніколі дейснай. Да таго ж, наяўнасць у калектыве творчага лідэра дасць магчымасць не толькі вызначаць прыярытэты таго ці іншага тэатра, але і рэалізоўваць гэты свой курс больш асэнсавана і комплексна. 

Крытыка мусіць быць дзейснай
Як “пралічыць” поспех будучага спектакля? Якім чынам сканцэнтраваць тыя сродкі, што выдзяляюцца тэатрам Міністэрствам культуры, а таксама дзяржзаказы на пастаноўку тых ці іншых твораў? Пытанне гэтае варта адрасоўваць не толькі эканамістам, але ў не меншай ступені і тэатральным аналітыкам. Пра тое, што тэатральнаму мастацтву Беларусі на сучасным этапе катастрафічна не хапае “свежага” крытычнага позірку збоку, гаварылася неаднойчы.Балазе, сёння вяртаецца разуменне таго, што не толькі грошы, выдаткаваныя на пастаноўку, вырашаюць поспех будучага спектакля, але і тое ўнутранае напаўненне спектакля, якое прапануе гледачам рэжысёр, ступень прафесіяналізму аўтараў пастаноўкі і шмат іншых акалічнасцей выключна творчага шэрагу. І менавіта дзеля таго, каб карціна сучаснага тэатральнага мастацтва была як мага больш поўнай і аб’ектыўнай, крытыкі, бы пчолы, павінны збіраць па крупінках усё тое цікавае і адметнае, што з’яўляецца ва ўсіх тэатрах рэспублікі, рабіць гэта здабыткам шырокіх мас. Стаць тым звяном, якое збярэ разам пошукі і шляхі развіцця нашых тэатраў, прааналізуе іх і паспрабуе спрагназаваць кірунак, дынаміку і “логіку” іх руху. 

* * *
Не сакрэт, што пытанне тэатральнай рэпертуарнай палітыкі гэткае ж вечнае, як і сам тэатр. Але ж на кожным этапе свайго існавання да яго немінуча даводзіцца вяртацца, найперш дзеля таго, каб вызначыцца з тым курсам, якім тэатр збіраецца крочыць далей. І сёння перад намі стаіць хоць і “векавая”, але не менш важная з-за гэтага задача: акрэсліць, у якой ступені беларускія тэатры звязаныя з сучасным сацыяльна-грамадскім жыццём нашай краіны? Наколькі яны гатовыя са сваіх “трыбун”-падмосткаў несці ў масы тыя грамадзянскія ідэалы і каштоўнасці, якія сёння сцвярджае наша дзяржава? 

Падрыхтавала Таццяна КОМАНАВА
Падчас калегіі. Фота Юрыя ІВАНОВА 

Ад рэдакцыі

“Культура” таксама неаднаразова звярталася да пытанняў рэпертуарнай палітыкі айчынных тэатраў. І ў хуткім часе сумесна з Рэспубліканскім тэатрам юнага гледача мы арганізуем “круглы стол”, прысвечаны спецыфіцы работы тэатраў для дзяцей і моладзі, матэрыялы якога будуць надрукаваны на старонках нашай газеты.