Deja vue… А што далей?,

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

або Сціплая прывабнасць беларускага авангарда

/i/content/pi/cult/381/7508/2-1.jpgШто б там ні казалі, але гэта - цікавая падзея ў нашай выяўленчай культуры: выстаўка «Беларускі абстракцыянізм» у Нацыянальным мастацкім музеі, дзе былі прадстаўлены творы з музейнага фонду і з майстэрняў мастакоў. Несумненна, сур'ёзная гутарка пра эстэтычныя ўражанні, якія прынясе экспазіцыя, яшчэ наперадзе...

Мноства матэрыялаў, зноў жа, несумненна, дазволяць шмат чаго пераасэнсаваць, адкрыць як бы наноў, ацаніць з пазіцый сённяшніх уяўленняў аб тым, што было зроблена беларускімі мастакамі-наватарамі ў галіне абстракцыянізму - у тым кірунку, які цягам ХХ стагоддзя ўяўляе з сябе грандыёзную з'яву. Думаю, паслядоўнікаў напрамку пабачым і на Усебеларускай выстаўцы сучаснага мастацтва, якая зараз рыхтуецца па ініцыятыве Міністэрства культуры.

Мастакі, якім на пачатку ХХ стагоддзя выпаў гонар першымі працаваць у рэчышчы новай традыцыі, па сутнасці, разняволілі мастацтва, надалі яму немагчымы раней маштаб і размах пошуку, свабоднага ад капіравання рэальнасці. Час, капрызы моды, напластаванне проціборства дактрын самага рознага кшталту, у рэшце рэшт, пазнейшае, сучаснае ўжо для нас, сённяшніх, эпігонства вельмі многае сказалі і замуцілі ў гэтай чыстай крыніцы. Перш за ўсё - непарыўную сувязь абстракцыянізму з законамі пабудовы мастацкага твора, яго апоры на тыя ж самыя ўласцівасці рэальнасці, што ляжалі і ў глыбіннай аснове класічнага мастацтва. Гэта была свабода, але - не анархія, не адмова ад чагосьці самага галоўнага, не ўседазволенасць. І, мабыць, менавіта тут - вечная каштоўнасць мастацтва авангарда, мастацтва, якое і да сённяшняга дня выклікае дыскусіі ды незапатрабаванасць большасцю грамадзян постсавецкай прасторы, што выхаваны на ўзорах строгага акадэмічнага рэалізму.

Канешне ж, беларускі абстракцыянізм (пасля легендарнага супрэматызму Малевіча і яго «ўнавісаўцаў») не нарадзіў знакамітых асоб. Дакладней кажучы, савецкі час не дазволіў нарадзіцца «левізне», «фармалізму» ды іншым «буржуазным» «-ізмам», акрамя «самага перадавога ў свеце» мастацкага метаду - сацрэалізму «ў яго рэвалюцыйным развіцці». І толькі ў 1970 - 80-я гады на паверхню мастацкага жыцця ў Беларусі пачынаюць выбірацца з падполля першыя «нефармалы-нонканфармісты», «парушальнікі спакою», якія прыводзілі ў абурэнне многіх адэптаў перадзвіжніцтва і акадэмізму, а таксама мастацтвазнаўцаў «у цывільным». У час перабудовы і пасля распаду СССР усё быццам бы ўстала на свае месцы: абстракцыянізм, постмадэрнізм, неарэалізм, канцэптуалізм разам з перформансам, інсталяцыяй ды іншымі мастацкімі прыдумкамі атрымалі права свабодна валодаць прасторай выставачных залаў. Менавіта тады ў Мінску ды Віцебску з'явіліся некалькі груп як сімвалы поўнай свабоды творчасці, свабоды выказвання сваіх жыццёвых пазіцый і проціпастаўлення сябе афіцыйнаму мастацтву. Але, як ні дзіўна, хутка цікавасць да напаўзабароненага раней «найноўшага мастацтва» пачала/i/content/pi/cult/381/7508/2-2.jpg зніжацца. Тым не менш, найбольш стойкія, трывалыя творцы і ў 90-я гады, і ў 2000-я - працягвалі сваю дзейнасць у гэтым кірунку. Выстаўка якраз і прадстаўляе іхнія работы таго часу: жывапіс З.Літвінавай, А.Кузняцова, Л.Хобатава, Г.Васільевай, А.Дасужава, І.Кашкурэвіча, Я.Раяка, М.Бушчыка, Л.Русавай, шаўкаграфія С.Кірушчанкі, графіка У.Правідохіна, А.Варэца і В.Баранава, скульптура К.Селіханава і Т.Сакаловай, «прадметныя» інавацыі А.Малея і А.Слепава ды іншых (усяго - 27 аўтараў). Але трэба сказаць: цяпер абстрактным мастацтвам ужо нікога не здзівіць, тым больш, па вялікім рахунку, сучасны беларускі абстракцыянізм - дэжа вю. Нават супрэматычныя кампазіцыі 16-гадовай Надзі Хадасевіч-Лежэ (з фонду музея), створаныя ў майстэрні Уладзіслава Стржэмінскага ў Смаленску ў 1920-м, не саступаюць сучасным работам «аксакалаў» авангарда па «колерамузыцы», эфектна-жывапісных прыёмах «геаметрызму».

Апошнія "вялікія магікане" сусветнай беспрадметнасці - В.Кандзінскі, віцебскія «ўнавісаўцы», П.Мандрыян, Д.Полак, Х.Міро, М.Ротка, П.Клее, Ф.Пікабіа, М.Дзюшан даўно пайшлі з жыцця. А тым, хто хоча "ўдасканаліць" іх спадчыну, пакуль бракуе моцнага таленту і філасофскіх пасылаў, сугучных новаму электронна-камп'ютарнаму стагоддзю. Ці не таму некаторыя нашы былыя эксперыментатары, творы якіх бачым у экспазіцыі, пазней усё ж вярнуліся да фігуратыўнага мастацтва? Бо, мабыць, зразумелі бесперспектыўнасць беспрадметнай творчасці ў кантэксце сучаснага жыцця, пакуль не гатовага раскрыць абдымкі для ўспрымання такога мастацтва. Іншыя, асабліва - група віцябчан, працягваюць свае пошукі, закладзеныя «Чорным квадратам» Малевіча, але, нягледзячы на шматлікія эксперыменты, цікавыя праекты былога аб'яднання «Квадрат» альбо праекты тыпу «6+6», «Information», «Construction», «Just now», «Abstract» усё ж сваіх папярэднікаў пакуль не абышлі. І зноў жа - дэжа вю... А можа, я не маю рацыі, і ўсё рассудзіць найлепшы мастацтвазнаўца - час, як гэта не раз здаралася ў гісторыі мастацтва? Пакуль жа існуе такі папулярны анекдот. У нейкім буйным сучасным музеі чацвёрты раз крадуць «Чорны квадрат» Малевіча. Музейнаму вартаўніку дзядзьку Васю ўжо моцы няма ў пяты раз гэты квадрат маляваць...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"