Планавы дагмат: стымул ці тормаз?

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Рэгіёны: майстар-клас КРЭАТЫВУ

/i/content/pi/cult/381/7505/1-1.jpg"Для таго, каб дасягнуць пэўнага выніку, варта ставіць перад сабой недасяжныя мэты"... Не бяруся ацэньваць жыццяздольнасць дадзенай высновы. Неаспрэчна, канешне ж, тое, што немалы план па аказанні платных паслуг прымушае работнікаў культуры крэатывіць напоўніцу. Аднак у параднага пінжака іншым разам бывае даволі зношаны выварат. Інакш кажучы, невыканальны план, збольшага, ніяк не спрыяе якасці культурнага абслугоўвання, а пэўныя аддзелы культуры з гэтай прычыны нагадваюць "пракатныя станы" па "выпечцы" не зусім ядомага прадукту, пра што "К" пісала і будзе пісаць неаднаразова. Але сёння мы не пра "блінцы-камякі", а - пра ідэі-інавацыі...

Гомельшчына:

вянчанне ў дуброве

Рэгістрацыя шлюбу ў звычайным ЗАГСе - шаблон, падумалі ў аддзеле культуры Гомельскага райвыканкама і вырашылі ладзіць гэтыя ўрачыстыя мерапрыемствы ў Паляўнічым дамку Паскевічаў-Румянцавых. Як вядома, гэты славуты помнік архітэктуры і гісторыі знаходзіцца ў маляўнічым месцы: побач - возера, дубовы гай... Тут, паведамляе начальнік згаданага аддзела Аксана Хімакова, цяпер абсталёўваецца спецыяльная пляцоўка. А паслуга будзе, так бы мовіць, шматпрофільная: народны вясельны абрад альбо шлюбная цырымонія ў традыцыях XIX стагоддзя. І такая рэгістрацыя "на пленэры", пераканана Аксана Хімакова, не застанецца незапатрабаванай. Маўляў, хто ж з маладых адмовіцца ад "графскіх" віншаванняў? У рэалізацыі праекта аддзелу культуры дапамагае не толькі ЗАГС, але і мясцовае лясніцтва.

Дарэчы, сёлетні план па аказанні платных паслуг, даведзены аддзелу культуры Гомельскага райвыканкама, складае 600 мільёнаў рублёў. Для даведкі: аналагічны план мінулага года не перавышаў 250 мільёнаў. Каментарыі, як кажуць, лішнія...

Жабінкаўшчына:

дранікі для турыста

А вось у Жабінкаўскім раёне з выкананнем плана паслуг, па словах начальніка аддзела культуры Васіля Чапялевіча, усё як мае быць. "За кошт чаго выконваеце?" - "За кошт таго, што круцімся!" І вынік "кручэння" зводзіцца не толькі да правядзення дыскатэк ды абменных канцэртаў.

У вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе, як вядома, месціцца сядзіба бацькоў Тадэвуша Касцюшкі, да ладу даводзіцца адмысловы, па словах Васіля Чапялевіча, музей. Экспазіцыя і пра мінуўшчыну будзе распавядаць, і пра сённяшні дзень краю. Сюды ад санаторыя "Буг" праляжа турыстычны маршрут. Васіль Чапялевіч мяркуе частаваць гасцей дранікамі ды шкваркамі, на якіх у свой час вырас легендарны Касцюшка. Але і гэты праект - пакуль у стадыі ідэі. Абавязкова пацікавімся праз час, як матэрыялізуецца гістарычна-гастранамічная задумка мясцовых маркетолагаў ад культуры.

Неаспрэчна адно: мясцовае кіраўніцтва ўсяляк падтрымлівае ініцыятывы свайго аддзела культуры. Як распавядае яго начальнік, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Токар на ўладкаванне музея выдаткаваў летась з мясцовага бюджэту 170 мільёнаў рублёў, а сёлета - 200 мільёнаў.

Смалявіччына:

да вас едзе дыскатэка

З начальнікам аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галінай Харламавай мы размаўлялі нядоўга: яна спяшалася з мясцовымі самадзейнымі калектывамі на фестываль у Балгарыю. Але паспела зазначыць, што рэалізаваных творчых і сапраўды цікавых праектаў у іх - шмат...

А вось аб праектнай канкрэтыцы распавяла выконваючая абавязкі дырэктара РАМЦ Надзея Гошка. Для школьнікаў у раёне наладжаны мабільныя дыскатэкі з дэманстрацыяй кліпаў і тэматычнага відэашэрагу. І такое "прасунутае" мерапрыемства ладзіцца перыядычна ў кожным з шаснаццаці СДК і СК. Рэкламную кампанію маладзёжнага дыскатэчнага праекта (лістоўкі, банеры) аддзел аплаціў за кошт уласнага пазабюджэту. У выніку школьнага спажыўца танцавальных вечароў у раёне не згубілі...

А праект "Падары гораду сонца!" звязаны з мастацкім упрыгожаннем аўтобусных прыпынкаў. Юныя графітчыкі ўжо прадстаўляюць свае эскізныя заяўкі на афармленне. У верасні прыпынкі якасна зменяць сваё аблічча. Брава, Смалявічы! Тут сапраўды ззяе сонейка крэатыву. І напрыканцы - ізноў для даведкі: па словах Надзеі Гошка, установы культуры план па аказанні платных паслуг выконваюць і нават перавыконваюць. І робяць гэта без асаблівага "кручэння".

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"