Хто адназначна прайграе?

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

У нядаўнім нумары “К” я ўжо пісаў пра такую значную і нават неабходную рэч для аддзелаў культуры, як стварэнне сваіх сайтаў. У працяг тэмы закрану яшчэ вось які аспект. Як адзначалася ў ранейшым матэрыяле, многія начальнікі аддзелаў культуры пад час гутарак скардзіліся на тое, што стварыць падобны сайт каштуе вельмі дорага і гэта патрабуе значных высілкаў. Акрамя таго, трэба пастаянна дбаць пра падтрымку вэб-рэсурсу: запаўняць яго актуальным кантэнтам, ствараць новыя рубрыкі, удасканальваць сістэму пошуку ўнутры самой віртуальнай старонкі…

Стварэнне і падтрымка сайта сапраўды каштуе высілкаў. Але ж ці значных і вялікіх? З гэтым не пагаджуся.

У якасці доказу - некалькі прыкладаў тых паспяховых сайтаў сферы, якія працуюць на прасторы Байнэта ўжо цягам доўгага перыяду, створаныя, між іншым, не па загадзе "зверху", а самастойна. У тэксце падам і вэб-адрасы гэтых сайтаў, каб зацікаўленыя маглі іх наведаць і, магчыма, сёе-тое пераняць ды ўзяць на ўзбраенне.

Рэклама і турыстычныя дывідэнды

Найперш - пра сайт аддзела культуры Столінскага райвыканкама, які знаходзіцца па адрасе http://kultura-stolin.ucoz.ru. Па словах кіраўніка мясцовага аддзела культуры Васіля Зарубы, іхняя старонка ў Інтэрнэце, створаная колькі гадоў таму, карыстаецца нязменным попытам: на сённяшні момант зарэгістравана звыш 2000 наведвальнікаў. Прычым сайт - абсалютна бясплатны, бо размешчаны на партале, што прадастаўляе такую магчымасць кожнаму. Як адзначыў Васіль Заруба, кожны тыдзень на планёрцы ў аддзеле вырашаюцца пытанні аб папаўненні сайта надзённым кантэнтам, што, безумоўна, павышае запатрабаванасць столінскай культурнай старонкі. І, як паведаміў начальнік аддзела культуры, дзякуючы гэтаму некаторыя калектывы раёна ўжо атрымлівалі і атрымліваюць запрашэнні на гастролі як у Беларусі, так і за яе межамі. Так што стварэнне сайта цалкам сябе апраўдала, перакананы Васіль Заруба.

Тым жа шляхам пайшлі і стваральнікі сайта ўнікальнага для Беларусі Музея драўлянай лыжкі, што знаходзіцца ў Беразіне Мінскай вобласці (адрас - http://lyzhka.ucoz.com). Па словах дырэктара музея і кіраўніка народнага клуба майстроў Ганны Ждановіч, "нарадзіцца" ў Інтэрнэце ім было нескладана: на бясплатным партале прапануецца шаблон, які можна напоўніць чым заўгодна. І кіраўнік музея так і робіць: змяшчае па сваім адрасе актуальную інфармацыю пра будучыя музейныя мерапрыемствы, пра выстаўкі, што тут ладзяцца, паведамляе навіны клуба майстроў, а таксама плануе абвясціць з дапамогай Інтэрнэта конкурс на лепшы праект помніка лыжцы, у якім зможа прыняць удзел кожны ахвотны, прычым не толькі з Беларусі. Таксама, як адзначыла Ганна Ждановіч, у чэрвені ў Беразіне адбудзецца чарговы абласны пленэр разьбяроў па дрэве, і, натуральна, фотаздымкі ды відэафайлы з гэтага знакавага мерапрыемства абавязкова адразу ж з'явяцца ў Сусветным павуцінні.

Укладанні - невялікія

Яшчэ адзін цікавы сайт створаны намаганнямі супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея ў Ганцавічах (http://gantsevichi.museum.by/). Начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Марцінкевіч паведаміла "К", што сайт запатрабаваў невялікіх грашовых укладанняў толькі на пачатку свайго стварэння. Дарэчы, сёння прыбытак ад яго значна большы. Па перакананні Ірыны Барысаўны, падобныя сайты павінны быць у кожным раёне Беларусі, бо гэта самы лепшы сродак данесці ўсю неабходную інфармацыю пра культурнае жыццё рэгіёна, наладзіць стасункі з калегамі з Беларусі ды СНД, і, у рэшце рэшт, прарэкламаваць свае дасягненні, якія, вядома ж, працуюць на прыцягненне ў краіну шматлікіх турыстаў. Дарэчы, як паведаміла начальнік аддзела культуры, у хуткім часе сайт з'явіцца і ў Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Увогуле трэба сказаць, што бібліятэкары шматлікіх раёнаў сапраўды не спяць у шапку, а актыўна працуюць у інтэрнэт-прасторы. Прыкладам, на сайце
http://kopyl-books.info можна даведацца пра ўсе бібліятэчныя мерапрыемствы Капыльскай ЦРБ, паступленні новай літаратуры і тыя паслугі, якія прапаноўваюцца ўстановай. Па словах загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ Ірыны Пятровіч, цягам бліжэйшага часу на сайце будзе выкладзены электронны каталог, і любы карыстальнік зможа даведацца аб наяўнасці кнігі не выходзячы з дому.

Як бачна, стварыць сайт установы культуры не так ужо і складана. Але, нягледзячы на тое, што раённыя кіраўнікі сферы культуры выдатна разумеюць важнасць і значнасць інтэрнэт-прасторы ў сваёй дзейнасці, многія аддзелы толькі падступаюцца да вырашэння названай задачы. І гэта нягледзячы на тое, што Сусветнае павуцінне дае шмат магчымасцей для пашырэння кантактаў культработнікаў як у краіне, так і за яе межамі. Між тым, хацелася б таксама, каб сайты ўстаноў культуры нашай краіны былі зарэгістраваны ў даменнай зоне "by" і выкарыстоўвалі транслітэрацыю менавіта з беларускамоўнай назвы ў адрасе рэсурсу.

Выснова тут толькі адна: хто спозніцца на гэты своеасаблівы інфармацыйны цягнік часу - той адназначна прайграе. Іншага проста не дадзена. А купіць білет у гэты цягнік пакуль яшчэ не позна. Дык станавіцеся да касы!


Што трэба зрабіць, каб сайты ўстаноў культуры сталі звыклай з'явай? Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby! Нам важная менавіта ваша думка!

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"