Комплексны спектр практычнага максімуму

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

У Гродне адбылося ІІІ пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа

/i/content/pi/cult/381/7501/2-1.jpg2 чэрвеня, у другі дзень фінальных мерапрыемстваў Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, у Гродне прайшло чарговае, трэцяе па ліку, пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

На высокім дзяржаўным узроўні пазіцыянаваў справу падтрымкі беларускай дыяспары за мяжой намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, які прыняў удзел у пасяджэнні і даручыў адказным асобам аператыўна разгледзець усе ўзнятыя ў яго час пытанні.

Месца сустрэчы было абрана невыпадкова: у Авальнай зале старадаўняга Новага замка некалі вырашаліся важныя справы. Час сустрэчы, без сумневу, таксама не быў выпадковы. Выразна прасочваецца канцэптуальная повязь: беларуская дзяржава рупіцца не толькі пра захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці прадстаўнікоў тых народаў, што жывуць на яе тэрыторыі, але і падтрымлівае ў гэтым памкненні нашых землякоў з іншых краін. Прымеркаванне штогадовых нарад беларусаў свету да знакавых культурных імпрэз стала добрай традыцыяй - нагадайма, удзельнікі першага пасяджэння атрымалі магчымасць пабываць у Нацыянальнай бібліятэцы і на сярэднявечным фэсце ў Навагрудку, другое адбылося пад час леташняга "Славянскага базару ў Віцебску". І таму землякі з іншых краін (а шлях некаторых членаў Савета доўжыўся не адну тысячу кіламетраў) здолелі правесці свой час максімальна карысна і цікава, спатоліўшы "голад" па беларускай культуры, які пакуль што яшчэ адчуваецца.

- Немагчыма развіваць нацыянальную культуру без уліку ўкладу дыяспары, - адзначыў на пачатку пасяджэння старшыня Кансультатыўнага савета, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускіх арганізацый замежжа. - Вы з'яўляецеся неад'емнай часткай нашага беларускага грамадства.

Удзел у пасяджэнні прынялі прадстаўнікі шэрагу ўрадавых інстытуцый: міністэрстваў адукацыі, замежных спраў, унутраных спраў, спорту і турызму, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Гродзенскую вобласць прадстаўляў намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Жук. Такі шырокі спектр удзельнікаў цалкам заканамерны: падтрымка беларускай дыяспары з'яўляецца справай комплекснай, а не "вузкапрофільнай", усе захады ў гэтым важным напрамку павінны быць мэтанакіраванымі.

Міністр культуры перакананы: такі падыход будзе замацаваны і пашыраны дзякуючы Дзяржаўнай праграме "Беларусы ў свеце", распрацоўкай праекта якой па даручэнні Урада займаецца Міністэрства культуры краіны. На сёння гэты карпатлівы працэс ужо выйшаў на фінальную стадыю, і неўзабаве праект будзе вынесены на разгляд Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Працягваецца і распрацоўка законапраекта, які мае дэталёва вызначаць статус і правы суайчыннікаў, што жывуць за мяжой.

Дом для землякоў -

у родным доме

Галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Эдуард Швайко ў сваім выступленні звярнуў увагу на яшчэ адну істотную праблему: інфармацыйны абмен як паміж Беларуссю ды арганізацыямі дыяспары, так і паміж самімі гэтымі супольнасцямі. Выступоўца адзначыў, што сярод нашых землякоў адчуваецца сапраўдны "голад" на дакладную і аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі на Беларусі.

Доктар філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі Адам Мальдзіс перакананы: маніторынг падзей жыцця беларускай дыяспары павінен стаць цэнтралізаваным ды пастаянным - хаця б таму, што аператыўна атрыманая інфармацыя можа стаць базісам для канкрэтных праектаў. Як адзначыў з гэтай нагоды Павел Латушка, вырашэнню дадзеных задач павінны паспрыяць інфармацыйныя праекты самога Інстытута культуры - сайт і друкаванае выданне, у якіх мэтазгодна стварыць адмысловыя раздзелы.

Безумоўна, пашырэнню інфармацыі пра нашу краіну за мяжой спрыяюць беларускія культурныя цэнтры. Як вядома, праца па стварэнні іх сеткі ўжо актыўна вядзецца, ёсць і першы вынік: летась такая ўстанова адкрыла свае дзверы ў Варшаве. Як паведаміў Павел Латушка, ужо ў наступным годзе падобны цэнтр запрацуе і ў Маскве, а ў бліжэйшых планах - Літва, Украіна, а таксама Германія.

Старшыня Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" Валерый Казакоў выступіў з сустрэчнай прапановай: аб стварэнні ў Мінску Дома беларусаў замежжа - своеасаблівай пляцоўкі ды каардынацыйнага і інфармацыйнага цэнтра для самых розных ініцыятыў прадстаўнікоў дыяспары. На думку Паўла Латушкі, новая ўстанова можа з'явіцца на базе адной з ужо дзеючых - Інстытута культуры Беларусі або Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Маладым - дарога. А віза?

У сваёй прамове Павел Латушка звярнуў асаблівую ўвагу на працу сярод моладзі - тых землякоў, якія з'яўляюцца эмігрантамі ўжо не ў першым пакаленні, але не губляюць нацыянальную ідэнтычнасць і памяць пра гістарычныя карані.

 - Лічу, што работа з этнічнай беларускай моладдзю не носіць мэтанакіраванага характару, - адзначыў міністр культуры. - Але менавіта ад таго, як яна будзе арганізавана, залежыць жыццяздольнасць беларускіх дыяспар ды плённасць нашай сённяшняй працы. Прапаную вылучыць гэты аспект у якасці прыярытэту для беларускіх арганізацый дыяспары і дзяржаўных устаноў краіны...

Шмат у чым падтрымка нацыянальнай самасвядомасці юнага пакалення залежыць ад адукацыйных праектаў. Як засведчылі выступленні прадстаўнікоў беларускіх супольнасцей і грамадскіх арганізацый, менавіта ў дадзенай сферы сёння назіраецца найбольш праблем.

Старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Раман Вайніцкі паведаміў пра тое, што адна са школ у Новай Вільні выступіла з ініцыятывай адкрыцця беларускага класа. З літоўскага боку згода атрымана на ўсіх узроўнях, а вось з беларускага гэтая ініцыятыва пакуль "буксуе".

Ужо дзеючая беларуская школа імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе мае прэстыж у Літве, займаючы 11-е месца ў агульным рэйтынгу і лідзіруючы сярод школ нацыянальных меншасцей. Але ж і яна не пазбаўлена праблем: не стае сучасных падручнікаў, і дзецям даводзіцца карыстацца выданнямі ажно 1994 года...

Безумоўна, стварэнне беларускіх школ або класаў паўсюль, дзе ёсць хаця б колькі патэнцыйных вучняў, немагчымае з практычных прычын. Старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская бачыць вырашэнне гэтай праблемы ў стварэнні сістэмы дыстанцыйнага навучання, здатнай ахапіць нашых юных землякоў... Выступоўца адзначыла, што такія просьбы ад прадстаўнікоў дыяспары ёй даводзілася чуць неаднаразова.

Як вядома, беларусы замежжа ўтвараюць асаблівую катэгорыю. абітурыентаў айчынных ВНУ. Старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства Польшчы Ян Сычэўскі звярнуў увагу на юрыдычны казус - пакуль адзінкавы, але ў перспектыве істотны. Дзяўчына-беларуска, якая жыве за Бугам, вырашыла паступаць у мінскую навучальную ўстанову, але... не можа давесці сваю нацыянальную прыналежнасць. Беларускае заканадаўства патрабуе адпаведнага запісу ў пасведчанні аб нараджэнні, але ж у польскіх метрыках графа "нацыянальнасць" проста адсутнічае...

Безумоўна, выхаванню нацыянальнай свядомасці эмігранцкай моладзі больш за ўсё спрыяе не "дыстанцыйнае", а непасрэднае знаёмства з Беларуссю. Самая папулярная і даступная яго форма - экскурсіі на канікулах. Яны рэгулярна ладзяцца навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі замежжа пры дзейснай падтрымцы беларускага боку. Павел Латушка адзначыў, што такую практыку неабходна пашыраць: яна сапраўды працуе ў справе фарміравання пазітыўнага іміджа нашай краіны.

Але... Старшыня Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма" Максім Дубянок распавёў пра канкрэтны выпадак: школьнікі-беларусы з Эстоніі не так даўно вырашылі выправіцца на экскурсію да сябе на Радзіму, знайшлі падтрымку ў Міністэрстве культуры краіны і звярнуліся ў беларускае пасольства па бясплатныя візы. І вось, на гэтым узроўні ім было адмоўлена.

Дадзеныя адзінкавыя прыклады ілюструюць хіба толькі адну тэндэнцыю: кансалідацыю і каардынацыю працы розных ведамстваў і ўстаноў, ад якіх так ці інакш залежыць непасрэдная падтрымка дыяспары, на сённяшні момант ёсць у чым удасканальваць. Але ж ужо сам той факт, што прадстаўнікі нацыянальных арганізацый маглі падзяліцца праблемамі на такім прадстаўнічым сходзе, дазваляе спадзявацца: у будучыні выпрацуецца механізм вырашэння не толькі гэтых, але і ўсіх іншых магчымых непаразуменняў.

Фэст з апераджэннем графіка

Пад час пасяджэння разглядалася пытанне аб правядзенні Другога Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Як вядома, ад пачатку яго планавалася ладзіць раз на тры гады, але ж Міністэрства культуры краіны выступіла з ініцыятывай скараціць міжфестывальную дыстанцыю.

Першы такі форум прайшоў летась у рамках "Славянскага базару ў Віцебску". Як паведаміў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, сёння разглядаецца пытанне аб арганізацыі самастойнага мерапрыемства, якое паводле маштабаў павінна стаць адной з самых знакавых культурных падзей года. Плануецца павялічыць колькасць удзельнікаў фестывалю і дыяпазон прадстаўленых на ім відаў мастацтва, задзейнічаць вядучыя канцэртныя пляцоўкі і музеі краіны, правесці майстар-класы на базе ВНУ культуры і мастацтваў...

Адпаведна, старт форуму можа лічыць абвешчаным, стымул удзелу ў ім - вельмі высокі. Таму суполкам з розных краін быў адрасаваны заклік распачаць падрыхтоўку "на першасным узроўні", заняўшыся выбарам калектываў і асобных творцаў, якія будуць прадстаўляць свае арганізацыі. Міністр культуры перакананы: асаблівую ўвагу тут належыць звярнуць менавіта на маладыя таленты.

Павел Латушка адзначыў: "Для нас вельмі важна, каб калектывы беларускіх арганізацый замежжа пастаянна прысутнічалі на самых знакавых культурных мерапрыемствах Беларусі".

Безумоўна, парасткі творчасці патрабуюць матэрыяльнай базы. Таму беларускія аматарскія аб'яднанні замежжа атрымліваюць пастаянную фінансавую падтрымку з бюджэту нашай краіны. Прыкладам, летась на набыццё сцэнічных касцюмаў і тэхнічнага абсталявання па лініі Міністэрства культуры было выдаткавана 200 мільёнаў рублёў. Павел Латушка выказаў спадзяванне, што з прыняццем Дзяржпраграмы гэтая дапамога пашырыцца за кошт узаемадзеяння з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі.

Кіраўнікі беларускіх арганізацый з Латвіі і Расіі пад час пасяджэння прасілі і аб іншай форме падтрымкі: накіраванні калектываў з Беларусі для ўдзелу ў іхніх творчых акцыях. Запэўніўшы, што сродкі на гэтыя мэты па-ранейшаму будуць выдаткоўвацца, міністр культуры заклікаў супольнасці спрыяць арганізацыі камерцыйных гастролей тых беларускіх выканаўцаў, якія прапануюць цалкам "канвертабельны" культурны прадукт. Для гэтага ў рамках пасяджэння была зладжана міні-прэзентацыя Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры".

Дырэктар калектыву Сяргей Маеўскі працуе на гэтай пасадзе менш за месяц, але гатовы падзяліцца цэлай абоймай свежых ідэй, здатных паспрыяць своеасабліваму "рэбрэндынгу" ансамбля. Сярод іх - і пастаноўка адмысловага шоу сумесна з Купалаўскім тэатрам, і здымка відэакліпаў сіламі студэнтаў Акадэміі мастацтваў, і нават праект мастацкага фільма ў жанры казачнай меладрамы... Сяргей Маеўскі перакананы: "Песняры" могуць быць запатрабаваны не толькі тымі, хто схільны да настальгіі, але і маладым пакаленнем.

Нягледзячы на тое, што Кансультатыўны савет створаны менавіта пры Міністэрстве культуры, пад час яго пасяджэння неаднаразова ўзнімалася і тэма развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта вытлумачальна: сярод нашых суайчыннікаў ёсць нямала людзей бізнесу, здатных стаць інвестарамі або партнёрамі. Для такой катэгорыі Максім Дубянок прапанаваў зладзіць спецыяльнае мерапрыемства - эканамічны форум.

Зрэшты, практычны аспект могуць мець не толькі чыста эканамічныя форумы. Многія пытанні вырашаюцца і ў кулуарах культурных ды грамадскіх падзей. Дырэктар буйнога гандлёвага прадпрыемства Гродна Васіль Фунт, які суправаджаў дэлегацыю членаў Кансультатыўнага савета на Фэсце нацыянальных культур, меў магчымасць перамовіцца з гасцямі апошняга пад час вандроўкі па вуліцах Гродна.

- У выніку паўстала перспектыўная тэма, датычная наладжвання бізнес-кантактаў з прадпрымальнікамі Санкт-Пецярбурга, - распавёў ён. - Падрабязнасці пакуль раскрываць зарана: усе задумы патрабуюць добрай прапрацоўкі...

І сапраўды, комплексны падыход у справе падтрымкі нашых суайчыннікаў за мяжой здатны прынесці комплексныя вынікі: і грамадскія, і культурныя, і эканамічныя.

Андрэй СПРЫНЧАН (фота),

нашы спецкарэспандэнты

Мінск - Гродна - Мінск