Такая імпрэза ладзілася ў Палацы другі раз. І летась, і сёлета да фестывалю спрычыніліся музыканты: іх выступленні дапаўняў відэашэраг на экране. Гэта Алена Гуціна і Ганна Спасібёнак, фартэпіяна; Вольга Спасібёнак, флейта; Марына Новак, скрыпка; гурт "Dzivasil" ды іншыя.
Сёлетняя кінапраграма складалася з "нарэзкі" эпізодаў такіх славутых фільмаў, як "Нібелунгі", "Агні вялікага горада", "Прыгоды прынца Ахмета", "Фаўст".
Адначасова з фестывалем у Палацы мастацтва працавала цягам трох дзён выстаўка графікі. Яе ўдзельнікі альбо натхняліся эстэтыкай і вобразамі нямога кіно, альбо звярталіся да літаратурных сюжэтаў, паводле якіх ствараліся шэдэўры дагукавой эры кіно. Гэта Кірыл Блахін, Соф'я Піскун, Аляксандр Зінкевіч, Алена Тукач, Марына Капылова, Таццяна Сіневіч. Асобна варта згадаць Арлена Кашкурэвіча з ягонымі ілюстрацыямі да "Нібелунгаў" і "Фаўста", што даўно лічацца нашай класікай.