Рэбусы і кансерватызм рэжысёра

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

Як перасесці з вела — на аўто? Рэцэпт ад Аляксандра Гарцуева

/i/content/pi/cult/381/7497/1-1.jpegНе прайшло яшчэ і праславутых "ста дзён", як Аляксандр ГАРЦУЕЎ, які летась сабраў ледзь не ўвесь "ураджай" І Нацыянальнай тэатральнай прэміі, быў прызначаны мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. І хаця днямі ён з'ехаў у Гомель, дзе ў хуткім часе адбудзецца прэм'ера яго пастаноўкі спектакля "Субота, нядзеля, панядзелак", "К" усё ж "вымусіла" рэжысёра распавесці пра "мэты-задачы", найбліжэйшыя і далёкія планы: лёс РТБД нам усім неабыякавы.

- Я не прыйшоў рабіць рэвалюцыю, - запэўніў Аляксандр Фёдаравіч. - Бо назва тэатра ўжо кажа сама за сябе, і ўсё тое, што трэба, - гэта напоўніць яе першасным сэнсам. Калі гэта Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, значыць, там павінен быць нацыянальны рэпертуар. І, да таго ж, - беларускамоўны. Я не кажу, што ўсе сто працэнтаў афішы павінны быць выключна такімі. Але, безумоўна, айчынная драматургія мусіць пераважаць. Таму вельмі хочацца зрабіць гэты тэатр больш сучасным і прэстыжным, каб туды пайшла сапраўдная інтэлігенцыя, у тым ліку - маладая: глядзець, думаць, разважаць. Такі тэатр павінен стаць паказчыкам развіцця нацыянальнай драматургіі і нашага нацыянальнага мастацтва наогул. А для гэтага трэба, найперш, прыцягваць маладыя кадры.

- Зменіцца трупа? Ці будуць новыя пастаноўшчыкі?

- Ратацыя ў трупе будзе, але нязначная па колькасці. Кажучы пра маладыя кадры, я меў на ўвазе штосьці крыху іншае. Сёння да нас прыходзяць пераважна выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А хочацца, каб прыходзілі, найперш, з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў...

- Пэўна, найбліжэйшыя планы ўжо пачалі ажыццяўляцца?

- Так, купалавец Павел Харланчук толькі-толькі распачаў працу над пастаноўкай п'есы Мікалая Рудкоўскага "Дажыць да прэм'еры".

- І калі "дажывём"?

- У верасні. Тады ж будзе і прэм'ера "Стойкага алавянага салдаціка" ў пастаноўцы Святланы Навуменка.

- А што будзеце ставіць вы?

- "Тры Жызэлі" паводле Андрэя Курэйчыка - у снежні. Пасля хочацца звярнуцца да "Раскіданага гнязда" Янкі Купалы.

- Вы, дарэчы, ставілі яго ўжо неаднаразова. Гэта будзе перанос спектакля?

- Не. Той жа Леанід Хейфец, у якога я вучыўся ў Маскве рэжысуры, ставіў чэхаўскі "Вішнёвы сад" ажно дзевяць разоў. І ў ніводнай не паўтарыўся!

- Ці зменіцца дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі, які існуе пры тэатры?

- Цэнтр беларускай драматургіі даволі аўтаномны. Ім кіруе Аляксандр Марчанка - вельмі дзейсны малады чалавек, ініцыятывы ў яго хапае. Добра, што Цэнтр ужо ў сваёй цяперашняй дзейнасці выклікае цікавасць з боку моладзі. Там ладзяцца сустрэчы, эксперыментальныя паказы, абмеркаванні, нават дыскусіі. Але часам здаецца, што Цэнтр нібыта варыцца ва ўласным соку. А хочацца ж, каб там з'яўляліся не толькі аднаразовыя праекты - штосьці, там увасобленае, павінна выходзіць і на вялікую сцэну. Я буду, вядома, назіраць за тым, што там робіцца. Буду, што называецца, стратэгічна курыраваць іх дзейнасць. А галоўнае - буду імкнуцца падштурхнуць іх не толькі да экстэнсіўнага шляху, але і да інтэнсіўнага развіцця, скіраванага на вынік.

- Ды ўсё ж: што дакладна вы хочаце мець на выхадзе? Калі прааналізаваць вашы інтэрв'ю апошняга часу, дык чырвонай ніткай праходзіць сцвярджэнне: маўляў, з цягам часу я станаўлюся кансерватарам. Асабіста мне так і хочацца ўзяць гэтае слова ў двукоссе, бо як рэжысёр вы пачыналі менавіта з эксперыменту, а пад "кансерватызмам", наколькі я разумею, маеце на ўвазе добрую акцёрскую ігру, скіраваную на выяўленне псіхалагічных адценняў...

- Вядома, я крыху хітрую, калі кажу пра "кансерватызм". Тут усё куды больш складана. У параўнанні з тымі ж 1980-і беларускі тэатр, наша цяперашняе становішча з драматургамі і рэжысёрамі - бы спаленае поле. Можа, гэта і перабольшанне, але за апошняе дваццацігоддзе на айчынных гарызонтах не з'явілася якасных змен, што сведчылі б пра рух наперад. Няма ў нас і тых знакавых для тэатра фігур новых пакаленняў, якія былі ў 80-я: драматург Аляксей Дудараў, рэжысёр Валерый Раеўскі - гэтыя імёны грымелі на ўсіх абшарах Савецкага Саюза. Але ў 90-я здарыўся збой, пачаўся гэткі "няпэўны" час - быццам "няўпэўнены" ні ў будучым, ні ў сабе самім. Сёння, нарэшце, павінна штосьці зрушыцца, але гэтага пакуль не адбылося. Мы павінны пачаць мысліць па-еўрапейску - і творчыя сілы для гэтага патроху з'яўляюцца, але ж надта марудна.

- Але ж "кансерватызм" і "мысліць па-еўрапейску" - паняцці для многіх антаганістычныя...

- Для мяне мысліць па-еўрапейску - гэта значыць, быць свабодным у сваіх мастацкіх выяўленнях, па-мастацку вынаходлівым, смелым, эмацыйным. Менш руціны, баласту, прадказальнасці, калі ўжо на першых хвілінах спектакля ты можаш дакладна вызначыць, чым усё скончыцца. Калі адразу зразумела, хто ёсць хто па характары, калі адразу праглядаюцца далейшыя паводзіны і ўчынкі герояў, дык навошта ўся пастаноўка? Дастаткова будзе і фрагмента. Рэжысёр не павінен увесь час аглядацца, а ці зразумеюць яго. Ён павінен мець свае ўласныя думкі і пачуцці, а ўжо якой мовай іх выяўляць - насамрэч, не так важна: усё залежыць ад самога матэрыялу і ад таго, што ты хочаш сказаць. Форма можа быць і простай (і ў гэтым сэнсе я, калі хочаце, "кансерватар" - у лепшым сэнсе гэтага слова). Увогуле, рэжысёр павінен давяраць акцёрам. Чым далей, тым больш я прыходжу да ўсведамлення, што сістэма Станіслаўскага - вельмі дзейсны сродак. Галоўнае для рэжысёра - гаварыць ад душы, ад сэрца і розуму, а не проста вынаходзіць рэбусы і даваць на іх адгадкі. Калі рэжысёру няма чаго сказаць, аніякая самая "закручаная" форма не дапаможа. Так што пры такім падыходзе ніякага супярэчання ў маіх выказваннях, як бачыце, няма.

- А ці будзеце ў сваім тэатры выходзіць на сцэну? Ваша ж першая спецыяльнасць - менавіта акцёрская. І ў тым жа Купалаўскім тэатры ў адных спектаклях вы былі акцёрам, у другіх - выступалі рэжысёрам. А ў самым першым пастаўленым вамі спектаклі (гэта быў "Чорны квадрат" у РТБД), сумяшчалі гэтыя дзве функцыі...

- Сумяшчаў - і канчаткова зразумеў, што так рабіць нельга. Я пачуваў сябе тады вельмі дрэнна! Бо не ведаў, ці то мне, як рэжысёру, сачыць за ігрой усіх удзельнікаў спектакля і рабіць тыя або іншыя высновы, ці то, як артысту, засяродзіцца на сваёй ігры. А калі цалкам уваходзіш у сваю ролю, бывае, не заўважаеш многага з таго, што павінен бачыць рэжысёр. Ну не можа трэнер гуляць разам са сваёй камандай! І не таму, што, маўляў, "не ўмее", а таму, што ў час гульні ён павінен быць не "ўнутры" працэсу, а назіраць за ім звонку, каб бачыць усё, што адбываецца, і своечасова ўносіць карэктывы.

- Акцёр, рэжысёр, - нарэшце, мастацкі кіраўнік... Як паставілася ваша творчая сям'я (жонка Зоя Белахвосцік і дачка Валянціна Гарцуева - артысткі Купалаўскага тэатра. - Н.Б.) да "павышэння"?

 - У сям'і мяне падтрымалі. Гэта не кар'ерны крок, а ўнутраная псіхалагічная патрэба, якая прадыктавана і ўзростам, і, галоўнае, станам духу. У маім жыцці надышоў момант, калі трэба "руліць". Спачатку чалавек ездзіць на веласіпедзе, потым перасаджваецца на матацыкл, затым - на машыну. А яшчэ праз час патрэбна не проста машына, а - вялікая машына.

- Каб адчуваць сябе "крутым"?

- Зусім не абавязкова. Вялікая машына - гэта агромністы механізм. І разумець, што ён рухаецца дзякуючы тваім намаганням, - непараўнальнае шчасце! І нават здзіўленне: маўляў, гэта ты даў яму магчымасць рухацца! Мужчыну мала проста нешта рабіць - яму хочацца накіроўваць дзейнасць іншых. І асабіста для мяне гэта - проста пашырэнне ўласных функцый. Новы, вядома, этап, але ўсё на тым жа шляху, з якога я не збочваў. Стаць мастацкім кіраўніком тэатра - гэта яшчэ большая магчымасць даказаць, што ты не дарма жывеш на свеце. І - пакінуць штосьці пасля сябе.

- А хто ў сям'і "рэжысіруе"?

- Я не ведаю, хто ў нашай сям'і галоўны. Кожны выконвае сваю функцыю. У сям'і, дзе трое чалавек і двое з іх - жанчыны, павінен быць мужчына. Нават зараз у Гомель тэлефанавалі: маўляў, лямпачка перагарэла. Але побытавыя рэчы - насамрэч, не галоўнае. Мужчына - гэта сіла духу. А жанчына - цярплівасць, паслядоўнасць дзеянняў, карпатлівасць у дасягненні мэты. І калі паміж гэтымі двума складнікамі існуе гармонія - гэта і ёсць, уласна кажучы, сям'я. Тыя ж псіхалагічныя асаблівасці трэба ўлічваць і ў калектыве.

 - Адпачынак вы сталі праводзіць на хутары...

- Насамрэч, гэта была ідэя Зоі. Ёй хтосьці падказаў, што ёсць такія цудоўныя мясціны - літаральна на мяжы з Літвой. Мы паехалі, паглядзелі - сапраўды цуд! Калісьці хацелася ездзіць на мора, потым душа прагнула актыўнага адпачынку, замежных падарожжаў. Але з часам каштоўнасці змяняюцца - цяпер хочацца ціхага сузірання: хадзіць, глядзець, бачыць, асэнсоўваць. Убачыць, нарэшце, нябёсы, жывую казулю, што пасвіцца на палянцы, бусла, які ўладкоўвае гняздо, - усё гэта дае спрычыненне да сапраўднага, а не "пластмасавага", штучнага. Жыццё ў горадзе - на нервах. А прыязджаеш туды - узнікае адчуванне заспакаення. Ды не соннага, а прыўзнятага! Часам задумваешся: можа, гэта і ёсць тая "беларуская драматургія", якую мы ўсе так шукаем?..

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"